Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 19 жніўня: за зьліў зьвестак завялі справу на экс-супрацоўніцу пракуратуры; затрымалі вядомага мастака Генадзя Драздова


Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота
Затрыманьне. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Супраць былой супрацоўніцы пракуратуры завялі крымінальную справу за зьліў зьвестак пра сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі»

Генпракуратура Беларусі і ГУБАЗіК паведамілі пра затрыманьне былой супрацоўніцы пракуратуры, якая ў 2020 годзе перадавала дадзеныя пра сілавікоў у тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», паведамляе прэс–служба пракуратуры.

Крымінальную справу завялі па артыкуле аб распальваньні сацыяльнай варожасьці (артыкул 130 КК). Згодна з матэрыяламі справы, затрыманая працавала ў пракуратуры да 2019 году, а ў 2020-м перадавала інфармацыю пра супрацоўнікаў ведамства ў тэлеграм-канал.

У траўні МУС прызнаў тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», які займаўся дэананімізацыяй сілавікоў, «экстрэмісцкім фармаваньнем».

4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму за абразу Лукашэнкі і расейскіх вайскоўцаў

4,5 года калёніі прысудзілі жыхару Зэльвеншчыны Сяргею Кірыковічу за публічную абразу і пагрозы прымяненьня гвалту ў дачыненьні да Лукашэнкі і распальваньне варожасьці, паведамляе «Вясна».

Горадзенскі абласны суд разгледзеў справу 35-гадовага Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч.2 арт. 366 (гвалт або пагроза гвалту ў дачыненьні да службовай асобы), ч.1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), ч.1 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці).

Згодна з матэрыяламі справы, мужчына ў пэрыяд зь лістапада 2020 па студзень 2022 году разьмясьціў у суполках сацыяльнай сеткі «ЎКантакце» паведамленьні, якія зьмяшчаюць абразы і пагрозы прымяненьня гвалту ў дачыненьні да Лукашэнкі. Ён жа ў лютым 2022 году разьмясьціў паведамленьні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасьці ў дачыненьні да расейскіх вайскоўцаў.

Падрабязнасьці справы невядомыя.

Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прысудзіў Кірыковічу 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

3 гады калёніі за пратэсты і «гвалт» над сілавікамі

Суд Цэнтральнага раёну Гомля вынес прысуд Міхаілу Зубкову, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама ў гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт 364 КК).

Праваабаронцы паведамляюць, што летась у верасьні Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомлі. Мужчыну затрымаў АМАП. 15 дзён ён правёў у ІЧУ.

Больш да Зубкова прэтэнзій з боку міліцыі не было, сьцьвярджаюць сваякі. Аднак, калі Міхась паехаў на працу ў Маскву, яго зноў затрымалі.

«Сьледчая паказала жонцы фатаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАП „бліжэй, чым трэба“, і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць, „ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП“», — расказалі сваякі палітвязьня.

У выніку Зубкову прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму.

Год калёніі — за надпісы на дамах

19 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Горадні вынесьлі прысуд у крымінальнай справе Максіма Плятнёва. Справа разглядалася ў рамках арт. 341 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці), паведамляе Mayday.team.

Як стала вядома Mayday, жыхар Горадні нанёс сем надпісаў на кіёск, электрападстанцыі, будынкі цепласетак і шматпавярховік. Раней Максіма прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці паводле так званых «народных» артыкулаў.

Дзяржаўны абвінаваўца запрошваў пакараньне ў выглядзе паўтара года калёніі. Судзьдзя Руслан Гурын даў крыху менш — год калёніі агульнага рэжыму.

Затрымалі мастака, былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» Генадзя Драздова

Паводле інфармацыі Беларускай рады культуры, гэта адбылося 18 жніўня. Абставіны і прычыны затрыманьня, а таксама месца, дзе ўтрымліваецца Генадзь, пакуль невядомыя.

Генадзь Драздоў — сябра Беларускага саюзу мастакоў з 1999 году. Яго работы экспанаваліся на выставах у Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, ЗША, Нарвэгіі, Бэльгіі, ААЭ, Украіне, Расеі. У гэтых краінах прайшло больш за дзясятак яго пэрсанальных выставаў.

Пінскага фэрмэра аштрафавалі за «несанкцыянаванае» сьвяткаваньне Купальля

Пінскі суд аштрафаваў дырэктара сялянска-фэрмэрскай гаспадаркі за «несанкцыянаванае» сьвяткаваньне Купальля, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Пінскім раёне сьвяткавалі Купальле. Сьвята зладзілі каля кавярні, непадалёк ад мясцовага санаторыю.

Пінская міліцыя склала на арганізатара пратакол па ч. 2 арт. 24.23 КаАП (арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства), бо ён не атрымаў дазволу ад гарвыканкаму.

У судзе пастанавілі аштрафаваць дырэктара фэрмэрскай гаспадаркі на 1600 рублёў (50 базавых велічыняў).

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ўдзельніка пляну «Перамога» з Асіповічаў

Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні і падрыхтоўцы да зьдзяйсьненьня акту тэрарызму.

Мужчыну абвінавачваюць у тым, што сёлета ў студзені ён нібыта зарэгістраваўся ў пляне «Перамога», які прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем, і, паводле Генпракуратуры, нібыта вырашыў зрабіць дывэрсію на чыгунцы: «Заплянаваў вырабіць кактэйль Молатава з наяўных у яго розных гаручых і лёгкіх на загараньне вадкасьцяў, нафтапрадуктаў і іх сумесяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG