Важнае месца ў падкасьце займаюць зьлівы перамоваў міліцэйскага начальства, якія трапілі ў рукі «Кібэрпартызанаў» і ByPol.
Гэта быў самы маштабны ў гісторыі зьліў запісаў тэлефонных размоваў беларускіх сілавікоў. Усе файлы былі атрыманыя пасьля ўзлому кампутарнай сеткі МУС актывістамі ініцыятывы «Кібэрпартызаны» ўлетку 2021 году. Па іх словах, атрыманыя запісы датуюцца пэрыядам са студзеня 2020 году па ліпень 2021-га, а з усяго масіву атрыманых дадзеных яны за год змаглі праслухаць прыкладна 2–3%. Афіцыйная прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» Юльяна Шаметавец у размове са Свабодай расказала, чаго можна чакаць ад наступных публікацый.
«Спрабуем атрымаць самае цікавае для беларусаў»
«Усе запісы, якія мы маем, былі атрыманыя ў ліпені 2021 году, — кажа прадстаўніца „Кібэрпартызанаў“. — Агулам там файлаў на 50 тысяч хвілін запісаў. Нават калі наняць групу з 10 чалавек на поўную стаўку, толькі каб праслухаць усё гэта, нам спатрэбіцца каля трох гадоў. „Кібэрпартызаны“ зараз спрабуюць з гэтага масіву здабыць інфармацыю пра запісы, якія найбольш цікавыя беларусам. Існуе некалькі магчымых варыянтаў — праз тэкставую расшыфроўку запісаў альбо зыходзячы з мабільных нумароў абанэнтаў. Калі нешта цікавае знаходзіцца, то гэта збольшага адразу публікуецца».
Юльяна згадвае публікацыі праслухоўваньня расейскай амбасады ў Менску. Гэтыя файлы выклалі ў агульны доступ прыкладна праз тыдзень пасьля таго, як іх знайшлі самі «Кібэрпартызаны». Публікацыю адмыслова рыхтавалі, каб дамагчыся большага розгаласу і эфэкту.
«Мэты атрымаць запісы праслухоўваньняў не было, гэта здарылася выпадкова»
«На некаторых запісах бачна, хто тэлефануе, — расказвае Юльяна. — Тады спрабуем „прабіць“ ці перагледзець усе запісы з такім вядомым нам нумарам. Таксама ёсьць ідэя перавесьці аўдыёзапісы ў тэкставы фармат. І тады па атрыманым тэксьце будзе прасьцей шукаць патрэбную нам інфармацыю. Пабачыць, пра што ішла размова і што нам можа быць там цікава».
Як расказвае Юльяна Шаметавец, пакуль нават дакладна не вядома, за які час запісы размоваў сілавікоў ёсьць у распараджэньні «Кібэрпартызанаў». Можна меркаваць, што там тыя запісы, якія не пасьпелі выдаліць пасьля падзей жніўня 2020 году, аднак дакладна акрэсьліць цяжка. Там яшчэ можа быць мноства запісаў, пра якія ніхто не здагадваецца.
«Тады, у ліпені 2021-га, у „Кібэрпартызанаў“ не было канкрэтнай мэты атрымаць запісы размоваў сілавікоў, якія захоўваліся на сэрвэрах, — кажа Юльяна Шаметавец. — Гэта здарылася выпадкова. У нас была задача ўзламаць МУС. Мяркую, што існавала нейкае разуменьне таго, што там можа быць. Але што дакладна — не. І калі мы ўжо трапілі ў сыстэму, пачалі шукаць, што там можна спампаваць, знайшлі такі вялізны масіў дадзеных, то не маглі нават чакаць, што настолькі значная інфармацыя ня будзе абароненая ад доступу».
Як кажа Юльяна, толькі падчас самой апэрацыі па ўзломе МУС стала зразумела, што гэта за запісы. І што ў Беларусі праслухоўваюць і запісваюць размовы ня толькі палітычных актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў, але і саміх сілавікоў.
«Шмат часу заняло тое, каб проста разабрацца ў гэтай сыстэме, — кажа прадстаўніца „Кібэрпартызанаў“. — Бо там вялікі бардак у іх. Там унутры ўжо прыходзілася разьбірацца, дзе што знаходзіцца. Куды трэба ісьці, каб спампаваць карысную для нас інфармацыю».
«Лічым, што паказаць маральны і этычны стан сілавікоў — гэта важна»
Як кажа Юльяна, «Кібэрпартызаны» зьбіраюць зваротную рэакцыю, якую атрымалі пасьля ўзлому сыстэмы МУС. Вядома як пра афіцыйныя вынікі ўзлому і публікацый запісаў размоваў сілавікоў, так і пра неафіцыйныя, якія нідзе не афішаваліся.
«Напрыклад, старшыня КДБ Тэртэль у жніўні мінулага году пацьвердзіў страту дадзеных, — кажа прадстаўніца „Кібэрпартызанаў“. — Сам Лукашэнка адносна нядаўна згадваў, што такія страты страшнейшыя за ядзерныя атакі. Мы ведаем таксама, што пасьля нашага ўзлому прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава страціла сваю пасаду. Камандзір 6-й міліцэйскай брыгады Ўладзімер Дунаенка таксама — яго перавялі ў выкладчыкі Вайсковай акадэміі».
Выпадак з Дунаенкам атрымаў асаблівы розгалас. Паводле апублікаваных вясной 2022 году «Кібэрпартызанамі» запісаў размоваў, ён здраджваў жонцы, наведваў сэкс-работніц у гомельскім клюбе. Публікацыя яго тэлефонных размоваў раскрыла таксама і некаторыя іншыя акалічнасьці жыцьця міліцэйскага начальніка. Па словах Юльяны Шаметавец, усё гэта было зроблена таму, што сам Дунаенка меў непасрэднае дачыненьне да рэпрэсій супраць беларусаў летам і восеньню 2020 году.
«Такая інфармацыя публікуецца толькі пра людзей, якія маюць пасады, супрацоўнічаюць з рэжымам і выконваюць, па нашых зьвестках, рэпрэсіўныя загады супраць беларускага народу, — кажа прадстаўніца „Кібэрпартызанаў“. — Мы лічым, што паказаць этычны і маральны стан сілавікоў — гэта важна. Бо да 2020 году ў беларусаў увогуле не было разуменьня, якія там людзі працуюць. Як яны сябе ўспрымаюць і як яны ўспрымаюць беларускі народ».
«Усіх супрацоўнікаў рэжыму праслухоўваюць і запісваюць»
Паводле словаў Юльяны, публікацыі размоваў беларускіх сілавікоў дазваляюць, сярод іншага, зразумець узровень іх маральнасьці і інтэлекту.
«Сілавікі таксама публікуюць асабістую інфармацыю людзей, якія ўдельнічалі ў пратэстах, — кажа Юльяна Шаметавец. — Гэтыя людзі не парушалі закону. Мы хочам аказаць ціск на рэжым. І гэта працуе, як мы бачым».
Навошта гэтыя запісы ўвогуле захоўваліся ў сыстэме МУС? Па словах прадстаўніцы «Кібэрпартызанаў», іх рабілі і трымалі дзеля таго, каб кантраляваць сілавікоў у тым ліку.
«Гэта сутнасьць аўтарытарнай сыстэмы, — кажа Юльяна. — Мы ня думаем, што толькі беларускі рэжым так робіць. У Расеі тое самае адбываецца, хутчэй за ўсё. Супрацоўнікаў рэжыму запісваюць усіх — гэта 100%. Зь вядомых прычын — трэба зьбіраць кампрамат на сваіх жа, трымаць ляяльных пры сабе. Там унутры ў іх свае інтрыгі і гульні, гэта становіцца зразумела пасьля расшыфроўкі праслухоўваньняў. Яны запісваюць усіх, сочаць за ўсімі на ўсялякі выпадак».
Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»
Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду
Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
- Наш сайт (люстэрка)
- Youtube
- Apple Podcasts
- Google Podcasts
- Castbox
- Spotify
- Soundcloud
- Podcast Addict
- Яндекс Музыка
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.
Падкаст... Што гэта?
Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.
Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.
Усе падкасты Свабоды тут