Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 жніўня: 6,5 года калёніі начальніку аддзелу кадастравага агенцтва за разьмяшчэньне асабістых дадзеных сілавікоў


Дзьмітры Шувалаў, якому прысудзілі 2,5 года калёніі за перадачу фота і відэа вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-канал Nexta
Дзьмітры Шувалаў, якому прысудзілі 2,5 года калёніі за перадачу фота і відэа вайсковай тэхнікі ў тэлеграм-канал Nexta

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Суд Янаўскага (Іванаўскага) раёну Берасьцейскай вобласьці разгледзеў справу Юрыя Голіка, якога абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку паводле ч. 2 арт. 367 КК. Суд правёў Генадзь Кудласевіч, піша «Вясна».

Голіка абвінавацілі ў тым, што сёлета 25 студзеня ён са свайго мабільнага тэлефона ў адной з інтэрнэт-суполак напісаў камэнтар пра Лукашэнку: «Учыніў тэрарызм і генацыд у краіне, яшчэ і акупацыяй заняліся».

Згодна з высновамі афіцыйнай лінгвістычнай экспэртызы, гэты камэнтар нібыта «зьмяшчае нэгатыўную ацэнку дзейнасьці кіраўніка дзяржавы, што не адпавядае рэчаіснасьці».

У апошнім слове абвінавачаны заявіў, што камэнтар пра Лукашэнку напісаў ня ён.

У Менску затрымалі экскурсавода і журналіста Ігара Хмару

У Менску сілавікі затрымалі экскурсавода і журналіста Ігара Хмару, паведамляе «Медиазона» са спасылкай на тэлеграм-канал «Сьпісы затрыманых».

Гэта здарылася 2 жніўня. Увечары Хмара праводзіў экскурсію па Серабранцы, а паведамленьне пра яго затрыманьне зьявілася бліжэй да ночы. Гэта ўжо другая падобная экскурсія, збор на якую ён абвясьціў у сваіх сацсетках — удзел быў бясплатны.

Чаму затрымалі і дзе Хмара цяпер, невядома.

Ігар Хмара — беларускамоўны экскурсавод па Беларусі і журналіст. Ён пісаў пра ўрбаністыку для парталу Realt.by, выданьня «Близкие новости», «Беларускага радыё» і іншых.

Жыхару Баранавічаў прысудзілі 2,5 года калёніі за перапіску з каналам Nexta

У Берасьцейскім абласным судзе вынесьлі прысуд 28-гадоваму жыхару Баранавічаў Дзьмітрыю Шувалаву паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Мужчыну абвінавацілі ў адпраўцы ў чат-бот тэлеграм-канала Nexta фота, відэа, камэнтароў, якія тычацца дзейнасьці баранавіцкага аэрадрома. Пры гэтым тыя зьвесткі і не былі апублікаваныя, паведамляюць праваабаронцы.

Дзьмітрыя выклікалі ў аддзяленьне міліцыі 6 чэрвеня, і там правялі агляд тэлефона. У выніку сілавікі знайшлі перапіскі з рэдакцыяй Nexta, а таксама рэпосты матэрыялаў адтуль.

Судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прысудзіў Шувалаву 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня патрабаваў пракурор Аляксей Ярошык.

Начальніка аддзелу кадастравага агенцтва асудзілі на 6,5 года калёніі за разьмяшчэньне асабістых дадзеных сілавікоў

Менскі гарадзкі суд вынес прысуд палітзьняволенаму былому начальніку аддзелу РУП «Мінскае гарадзкое агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» Сяргею Петрушэнку, якога затрымалі летась у чэрвені ў межах крымінальнай справы аб разьмяшчэньні ў тэлеграм-канале асабістых дадзеных супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС.

Абвінавацілі ў «спрыяньні ў зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў, накіраваных на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варожасьці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасьці і іншых злачынстваў».

Судзьдзя Дзіна Кучук пакарала Сяргея Петрушэнку 6 гадамі і 6 месяцамі зьняволеньня з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў.

У Пружанах аштрафавалі асуджаную на «хатнюю хімію» жанчыну, якая выхоўвае 13 дзяцей

Суд Пружанскага раёну прысудзіў Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай штраф у 30 базавых велічынь (960 рублёў) за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Жанчына выхоўвае 13 дзяцей, 9 зь якіх — прыёмныя. У сакавіку яе асудзілі на тры гады «хатняй хіміі».

Рашэньне вынес судзьдзя Вадзім Мазоль. Падставай была спасылка на «экстрэмісцкі» рэсурс, разьмешчаная ў сацсетках 2 гады таму. Сёлета спасылку знайшоў мясцовы міліцыянт, які перачытваў сацсеткі Вікторыі.

Раней Вікторыі прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за камэнтар «Лукашэнка забіў яшчэ аднаго беларуса» пад рэпостам матэрыялу пра берасьцейца Генадзя Шутава — паводле артыкула «паклёп на прэзыдэнта».

ГУБАЗіК затрымаў сем чалавек, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе

Паводле ведамства, усіх затрыманых «зьвязваюць або роднасныя сувязі, або агульнае месца працы». Згодна з паведамленьнем, іх падазраюць паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі, піша «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG