«Медиазона» паведамляе, што гаворка ідзе пра палітвязьня Арцёма Мазаніка.
Згодна з інфармацыяй Сьледчага камітэту, у 2020 годзе ён распрацаваў мабільную праграму, з дапамогай якой распаўсюджваў інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках сілавікоў і прадстаўнікоў улады.
Акрамя таго, праграма дазваляла вызначаць вытворцаў тавараў па штрых-кодзе і правяраць іх прыналежнасьць да беларускіх прадпрыемстваў.
Мазаніка абвінавачваюць у незаконным зборы і распаўсюджваньні пэрсанальных дадзеных (ч. 3 арт. 203-1 КК), закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК), дапамозе ў распальваньні варожасьці (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК).
1,5 года «хатняй хіміі» за некалькі словаў, напісаных на гаражы
Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага разьбіральніцтва па справе Аляксандра Касумава, якога абвінавачвалі ў апаганьваньні збудаваньняў і пашкоджаньні маёмасьці па арт. 341 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядала судзьдзя Натальля Буднік, паведамляе «Вясна».
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, у ноч з 23 на 24 красавіка каля гарадзкой лазьні ён напісаў надпіс «Нет войне!». Праз амаль тры тыдні — у ноч з 15 на 16 траўня — Аляксандар нібыта пакінуў на сьцяне ўжо тры надпісы: «No war!», «Luka», «убийца!».
Лазьня, у якой працаваў абвінавачаны, знаходзіцца на балянсе ЖКГ. Каб зрабіць «паказальнае» выязное пасяджэньне, мужчыну судзілі наўпрост на працоўным месцы ў прысутнасьці калег. У ЖКГ паведамілі, што работы па зафарбоўваньні надпісаў абышліся ў 10 рублёў 72 капейкі. Гэтую суму мужчына кампэнсаваў яшчэ да суда. Гэтак жа, як раскаяньне і яўка з павіннай, гэта стала для яго зьмякчальнай акалічнасьцю.
Цікавы момант: на судзе было агучана, што для доказу віны Касумава «ў стаўленьні да яго было ўжыта апэратыўна-вышуковае мерапрыемства пад назвай „слыхавы кантроль“». Простымі словамі, у камэру ізалятара, у якой сядзеў абвінавачаны, пад выглядам такога ж абвінавачанага падсадзілі супрацоўніка міліцыі, які «разгаварыў» Касумава, і той у размове «па душах» прызнаўся, што двойчы балёнчыкам наносіў надпісы на той самы гараж.
Два гады калёніі за камэнтар у «справе Зельцэра»
Суд Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці прысудзіў два гады калёніі агульнага рэжыму Віталя Іванюковіча за камэнтар пад відэа перастрэлкі паміж супрацоўнікам КДБ Дзьмітрыем Федасюком і супрацоўнікам кампаніі EPAM Systems Андрэем Зельцарам, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
33-гадовага Іванюковіча затрымалі 29 верасьня 2021 году. Спачатку яму выставілі абвінавачаньне ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК), аднак потым справу перакваліфікавалі на артыкул 369-1 КК («дыскрэдытацыя Беларусі»).
Інцыдэнт зь Зельцарам адбыўся 28 верасьня 2021. У КДБ тады паведамілі, што ў Менску падчас рэйду быў сьмяротна паранены супрацоўнік ведамства. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі жыхара кватэры. Пазьней стала вядома, што ім аказаўся Андрэй Зельцар, супрацоўнік кампаніі EPAM Systems. За камэнтары ў сацсетках у «справе Зельцэра» затрымалі ўжо каля 200 чалавек.
Байца ММА Уладзіслава Навіцкага асудзілі на 3 гады «хіміі»
Суд Савецкага раёна Менска вынес прысуд спартоўцу, байцу катэгорыі ММА Уладзіславу Навіцкаму. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Справу разглядала судзьдзя Марына Фёдарава.
Вядома, што Навіцкаму прад’явілі два эпізоды ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту, якія адбываліся ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У адным з эпізодаў, ён разам з іншымі асобамі, выходзіў на праезную частку вуліц і гэтым замінаў працы грамадзкага транспарту.
Суд пастанавіў прызнаць Уладзіслава Навіцкага вінаватым і прысудзіў яму 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімію»).