Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фактар стрыманьня для сілавікоў». Экспэрт лічбавай бясьпекі пра наступствы ўзлому пашпартнай сыстэмы Беларусі


Затрыманьне сілавікамі людзей у Горадні, чэрвень 2020
Затрыманьне сілавікамі людзей у Горадні, чэрвень 2020

Група, якая называе сябе «Кібэрпартызанамі», заявіла, што зьдзейсьніла самую маштабную кібэратаку ў гісторыі Беларусі. І цяпер у яе распараджэньні пашпартныя зьвесткі ўсіх беларусаў, а акрамя таго — засакрэчаная інфармацыя пра кіраўніцтва сілавых структураў, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і беларускіх выведнікаў у Эўразьвязе.

«У сетцы МУС ёсьць вельмі шмат базаў, на некаторых засакрэчаная інфармацыя, раскрыцьцё якой можа парушыць працу МУС, КДБ і іншых ведамстваў», — кажуць прадстаўнікі «Кібэрпартызанаў».

Журналістка «Настоящего времени» Ірына Рамалійская запыталася ў Мікалая Кванталіяні, экспэрта лічбавай бясьпекі зь Менску, пра магчымыя наступствы гэтага ўзлому для сілавікоў і кіраўніцтва краіны, а таксама для ўсіх жыхароў Беларусі.

— Ці давяраеце вы інфармацыі гэтай супольнасьці аб тым, што ў іх на руках уся пашпартная база ўсіх грамадзянаў Беларусі?

— Так, можна меркаваць, што ў руках супольнасьці зьявілася сапраўдная база пашпартных зьвестак жыхароў Рэспублікі Беларусь.

— Ці можа гэта істотна нашкодзіць уладзе Лукашэнкі?

— Я думаю, хутчэй за ўсё, так. Бо пэрсанальныя зьвесткі сілавікоў, якія могуць быць абнародаваныя — інфармацыя пра іх жыльлёвы фонд, як ужо было заяўлена, і інфармацыя пра іхных сваякоў — можа быць стрымальным фактарам для працягу актыўнага гвалту супраць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

— Вы маеце на ўвазе тое, што называецца «дэанон»? Проста ёсьць жа, напрыклад, тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі», дзе таксама падаюцца асабістыя зьвесткі. Неяк сыстэмна перашкодзіць сыстэме, якую выбудаваў Аляксандр Лукашэнка, гэта можа?

— Тут мы разглядаем гэтую базу зьвестак. Дагэтуль яна была толькі ў руках спэцслужбаў і сілавікоў. Адпаведна, зараз шанцы пратэстоўцаў зраўноўваюцца — і той, і другі бок валодае досыць вялікім аб’ёмам пэрсанальных зьвестак грамадзян Рэспублікі Беларусі.

— Мікалай, але пры гэтым гэта злачынства відавочнае ня толькі ў Беларусі, а, мне здаецца, ува ўсіх дзяржавах: у руках нейкай групы людзей апынуліся пэрсанальныя зьвесткі ўсіх, як яны сьцьвярджаюць, грамадзянаў Беларусі. Якія пагрозы гэта нясе?

— Вядома ж, атрыманьне пэрсанальных зьвестак грамадзян Рэспублікі Беларусі — гэта вялікая адказнасьць з гледзішча нават бясьпекі гэтых зьвестак. Калі будзе выцек гэтай базы ў публічны доступ, зразумела, што ёю змогуць скарыстацца ня толькі кібэрпартызаны альбо сілавікі, але таксама і кібэрзлачынцы. Таму ў кожным разе кібэрпартызаны мусяць карыстацца гэтымі зьвесткамі з асьцярожнасьцю.

— А як гэта можа быць выкарыстана? Ці можна крэдыт, напрыклад, аформіць на нейкага чалавека, маючы гэтыя пашпартныя зьвесткі, фатаграфіі і гэтак далей?

— У Рэспубліцы Беларусі не, бо трэба асабістая прысутнасьць. Тут вялікі масіў зьвестак, такое дасье на кожнага чалавека, і адпаведна, можна будзе паглядзець, ці зьяўляецца гэты чалавек цяперашнім супрацоўнікам спэцслужбаў, дапусьцім, — і гэта будзе безумоўна стрымальным фактарам для сілавікоў.

— А ці можна гэта, напрыклад, прадаць у рэклямных мэтах нейкім кампаніям?

— Гіпатэтычна, калі ты валодаеш такой базай зьвестак, вядома ж, можна прадаць і ў рэклямных мэтах, і зламысьнікам. Але ў сувязі з тым, што кібэрпартызаны маюць пэўныя мэты, якія яны дэкляруюць, мы [ім] пакуль давяраем, і тэарэтычна яны будуць выкарыстоўваць гэтую базу зьвестак для анансаваных мэтаў.

— А вы ўвогуле ведаеце, хто гэтыя людзі? Я разумею, што калі і ведаеце, то ня скажаце, хто менавіта. Але ў супольнасьці хоць бы вядома, хто гэта?

— Было б небясьпечна для кібэрпартызанаў, калі б супольнасьць ведала, хто гэтыя людзі. Таму выконваюцца пэўныя правілы бясьпекі і ананімнасьці, якія дазваляюць ім эфэктыўна працягваць дзейнасьць.

— Калі зыходзіць з таго, што гэта злачынства ня толькі ў Беларусі, а ў многіх краінах, ці можна выказаць здагадку, што іх будуць перасьледаваць праваахоўныя органы іншых дзяржаваў?

— Усё залежыць ад дзяржаваў. Магу выказаць здагадку, што, дапусьцім, у сувязі з тым, што ў Беларусі і Расеі ёсьць пагадненьне аб саюзнай дзяржаве, дык у Расеі і Беларусі — так. Калі браць эўрапейскія краіны, то, хутчэй за ўсё, не. Бо мы бачым, як сытуацыя разьвіваецца ў Рэспубліцы Беларусі, што сілавыя структуры выкарыстоўваюць неправамерны гвалт да пратэстоўцаў, прычым да ўсіх пластоў насельніцтва.

— Ці здаецца вам верагодным тое, што яны казалі пра свае мэты? Што, напрыклад, яны маюць зьвесткі аб кватэрах спэцслужбістаў — і цяпер тыя будуць вымушаныя мяняць кватэры. Або ёсьць база аўтанумароў супрацоўнікаў сілавых органаў — і цяпер яны будуць вымушаныя мяняць нумары на аўтамабілях?

— Гэтая інфармацыя, зразумела, можа стаць публічнай і, хутчэй за ўсё, стане публічнай рана ці позна. Але пытаньне: што гэта дае з гледзішча пагрозы для людзей, якіх дэананімізуюць? Нават калі вы ведаеце, на якім аўтамабілі езьдзіць той ці іншы сілавік, вы наўрад ці будзеце прадпрымаць актыўныя дзеяньні. У прынцыпе ў Беларусі пратэсты больш маюць мірны характар.

  • Ананімная група беларускіх «кібэрпартызанаў» (частка руху «Супраціў») сьцьвярджае, што ўзламала пашпартную сыстэму краіны. У распараджэньні хакераў апынуліся зьвесткі мільёнаў беларусаў, у тым ліку «схаваныя запісы» пра кіраўніцтва сілавых структураў, людзей з блізкага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, супрацоўнікаў КДБ і выведнікаў у Эўразьвязе.
  • Хакеры выклалі ў тэлеграме частку інфармацыі: пашпартныя дадзеныя старшыні ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай, старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, кіраўніка КДБ Івана Тэртэля і былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які пераехаў у Менск пасьля рэвалюцыі ў сябе ў краіне ў 2010 годзе.
  • Крыніца зьвестак — інфармацыйная сыстэма «Пашпарт» — абслугоўвае пашпартна-візавыя службы ўзроўню ГУУС Менгарвыканкаму, УУС аблвыканкамаў, а таксама падпарадкаваных ім падразьдзяленьняў пашпартна-візавай службы тэрытарыяльных органаў унутраных справаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG