Закрыты судовы працэс за «сабатаж чыгункі» пачаўся 19 ліпеня ў Бабруйску. Сярод абвінавачаных — Канстанцін Ермаловіч, Віталь Мінкевіч, Ігар Казлоў, Натальля Кед і Надзея Полькіна.
Ім ставілі ў віну чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- арт. 368 ч. 1 «Абраза прэзыдэнта»,
- арт. 290 ч. 2 «Пагроза зьдзяйсьненьня акту тэрарызму»,
- арт. 289 ч. 2 «Акт тэрарызму»,
- арт. 290-4 ч. 2 «Стварэньне арганізацыі для зьдзяйсьненьня тэрарыстычнай дзейнасьці ці ўдзел у ёй».
Як паведамілі крыніцы Свабоды, 10 жніўня падсудным агучылі вырак: Канстанціну Ермаловічу прысудзілі 16 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 9600 рублёў, Віталю Мінкевічу — 15 гадоў узмоцненага рэжыму, Ігару Казлову —14 гадоў узмоцненага рэжыму, Надзеі Полькінай — 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Натальлю Кед асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі».
Cудзьдзя Натальля Агладкава.
Зьняволеных абвінавацілі ў некалькіх эпізодах, якія ўлады называюць «актамі тэрарызму на Магілёўшчыне». Ідзецца пра акты супраціву ўлетку і ўвосень летась:
- спыненьне цягнікоў на 1,5 гадзіны каля станцыі Мірадзіна 11 жніўня;
- сабатаж чыгункі 24 і 31 жніўня каля станцыяў Цітаўка і Бабіна, а таксама спыненьне працы «Табакеркі» 16 верасьня ;
- падпал стралковага ціру на стрэльбішчы «Кісялевічы» в\ч 5527.
Што вядома пра падсудных?
На лаве падсудных пяць чалавек:
- Канстанцін Ермаловіч — нарадзіўся ў Літве ў 1991 годзе, але жыве ў Бабруйску, унесены ў сьпіс «тэрарыстаў».
- Віталь Мінкевіч — нарадзіўся ў 1994 годзе. Вядома, што працаваў у абутковай краме ў Бабруйску. Мужчына таксама ўнесены ў сьпіс «тэрарыстаў».
- Ігар Казлоў — нарадзіўся ў 1975 годзе, працаваў на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, унесены ў сьпіс «тэрарыстаў».
- Натальля Кед — нарадзілася ў расейскім Арзамасе, але грамадзянка Беларусі, жыве ў Бабруйску. Афіцыйна не была працаўладкаваная, апошняе месца працы невядомае.
- Надзея Полькіна — работніца «Бабруйсктрыкатажу», жыхарка Бабруйску. Апошні раз была ў сацыяльных сетках 18 сакавіка, мажліва, у гэты дзень яе і затрымалі.
Канстанціна Ермаловіча, Віталя Мінкевіча, Ігара Казлова затрымалі 26 верасьня 2021 году, цяпер іх трымаюць у СІЗА-5 у Бабруйску. Статус і месца знаходжаньня затрыманых жанчын невядомыя.