Пра гэта ў інтэрвію Deutsche Welle паведаміў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
«Ён [імпарт энэрганосьбітаў з Расеі] складаў 40% да вайны, цяпер ён складае 20%... але ніхто ня можа прасіць эўрапейскія эканомікі цалкам спыніць пастаўкі газу (з Расеі — рэд.) за адну ноч, — сказаў Бурэль. — Мы ня можам тварыць цуды».
Адказваючы на пытаньне, чаму Брусэль ня ўвёў штрафныя тарыфы на расейскі газ, каб скараціць «фінансаваньне ваеннай машыны Расеі», ён сказаў, што прапанова сур'ёзна разглядалася, але была адхіленая. Паводле яго, замест гэтага было прынята «цьвёрдае рашэньне» «спыніць закупку [расейскай] нафты з канца году, і цяпер мы знаходзімся ў працэсе спыненьня пакупкі газу».
Жузэп Бурэль таксама заявіў, што далейшае зьніжэньне імпарту расейскага газу адбудзецца «хутка».
12 краінаў ЭЗ ужо сутыкнуліся з праблемамі з пастаўкамі газу з Расеі
Пра гэта заявіла ў інтэрвію партугальскай газэце Diario de Noticias кіраўніца Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.
«Расея скараціла ці перапыніла газазабесьпячэньне 12 краінаў Эўразьвязу», — сказала яна, назваўшы дзеяньні Расеі «наўмыснымі».
Паводле кіраўніцы Эўракамісіі, Эўразьвяз працягвае рыхтавацца да далейшых перабояў ці нават да поўнага спыненьня забесьпячэньня расейскім газам: павялічвае пастаўкі з ЗША, краінаў Пэрсыдзкага заліву, Альжыру і рэгіёна Касьпійскага мора.