Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды трапілі расейскія ракеты «Іскандэр», якія запусьцілі па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі 28 ліпеня


Расчыстка завалаў пасьля расейскага ракетнага абстрэлу Чарнігаўскай вобласьці, 24 чэрвеня 2022
Расчыстка завалаў пасьля расейскага ракетнага абстрэлу Чарнігаўскай вобласьці, 24 чэрвеня 2022

Раніцай з 4-й да 6-й раніцы амаль па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны гучалі сігналы паветранай трывогі.

Украінскія ўлады заявілі, што з тэрыторыі Беларусі расейскія войскі выпусьцілі больш за два дзясяткі ракет. Адначасова ўдар атрымаў і горад Мікалаеў на поўдні Ўкраіны — з ракетных залпавых сыстэм «Сьмерч», усталяваных у акупаваных паселішчах Запароскай вобласьці.

У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што для абстрэлаў поўначы і поўдня Ўкраіны расейцы выпусьцілі ракеты «Калібэр» з акваторыі Чорнага мора, «Іскандэр» — з аэрадрому «Зябраўка» у Гомельскай вобласьці і ракеты Х-22 з бамбавікоў Ту-22м3, якія базуюцца на аэрадроме «Шайкаўка» ў Расеі.

Намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў удакладніў, што шэсьць ракет «Калібар», запушчаныя з акваторыі Чорнага мора, пацэлілі па вайсковай сыстэме каля населенага пункту Люцяж у Вышгарадзкім раёне Кіеўскай вобласьці.

«Ёсьць інфармацыя, што адна пабудова зраўнаваная і дзьве — тры пашкоджаныя. Апроч таго, адна крылатая ракета была зьбіта над Бучанскім кар’ерам. Праціўнік ударыў з акваторыі Чорнага мора, з раёну мысу Фіалент», — удакладніў прадстаўнік Генштабу.

Ад ракет зь Беларусі пацярпелі тры грамады

Украінскія ўлады ў мэтах бясьпекі пакуль не называюць аб’екты, абстраляныя расейскімі ракетамі зь Беларусі.

Паводле намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксея Громава, у Чарнігаўскай вобласьці пад абстрэл трапіла паселішча Ганчароўскае.

«Па населеным пункце ўдарылі з рэактыўных сыстэм залпавага агню, каля дваццаці снарадаў па пазыцыях нашых войскаў. Пускі былі зьдзейсьненыя з населенага пункту Зябраўка Рэспублікі Беларусь. Ёсьць страты ў нашым асабістым складзе. Страты ўдакладняюцца», — паведаміў намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксей Громаў.

Вядома, што апрача Ганчароўскай грамады ў Чарнігаўскай вобласьці, таксама пад абстрэл трапілі Вышгарадзкі і Бучанскі раёны ў Кіеўскай вобласьці.

Улады Кіеўскай вобласьці паведамілі, што на Вышгарадзкі раён зь Беларусі запусьцілі 7 ракет, дзьве зь якіх зьбілі супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны.

«Больш за 10 „прылётаў“ па тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці. Цяпер ня буду казаць, дзе, у мэтах бясьпекі. Інфармацыя аб ахвярах і руйнаваньнях удакладняецца. Гэтага зараз не магу камэнтаваць», — заявіў кіраўнік Чарнігаўскай Вячаслаў Чавус.

Паводле яго, украінскія памежнікі кантралююць сытуацыю на мяжы. Кіраўнік Чарнігаўскай вобласьці таксама заклікаў мясцовых жыхароў не наведваць лясоў у памежжы.

«Гэта вельмі важна, бо ёсьць рызыкі для жыцьця і здароўя. Мы таксама рыхтуемся сустракаць ворага, калі ён надумае другі раз ісьці да нас», — падкрэсьліў Вячаслаў Чавус.

У апэратыўным камандаваньні «Поўнач» паведамілі, што большасьць ракет прызямлілася ў лясных масівах вобласьці.

У Вышгарадзкім раёне ракеты пацэлілі ў інфраструктурны аб’ект. Але ўлады пакуль яго не ўдакладняюць. Вядома таксама, што некалькі ракет, запушчаных зь Беларусі, сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі пад Кіевам. Папярэдне, у Кіеўскай вобласьці ніхто не пацярпеў.

У Мікалаеве зьнішчылі яшчэ адну школу

Адначасова з атакай на Чарнігаўскую і Кіеўскую вобласьць расейцы ўжо традыцыйна абстралялі Мікалаеў. Горад пад шчыльным абстрэлам застаецца ўжо некалькі апошніх дзён.

Як паведаміў мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч, цалкам зьнішчана яшчэ адна гарадзкая школа, а яе ахоўнік атрымаў раненьні. У суседніх са школай жылых будынках павыбівала шыбы і пашкодзіла дахі.

Іншыя ракеты пацэлілі ў складзкое памяшканьне Караблебудаўнічага ўнівэрсытэту, прыватнае прадпрыемства і два шматпавярховыя жылыя будынкі.

Пад Харкавам расейцы вымушаныя былі адступіць

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў аб ранішнім абстрэле горада Чугуеў, які знаходзіцца за 40 кілямэтраў ад абласнога цэнтру. Пашкоджаныя прыватныя будынкі, гаспадарчыя пабудовы, адзін снарад упаў у шматпавярховы дом. Улады ўдакладняюць інфармацыю аб ахвярах.

Напярэдадні, 27 ліпеня, расейскія войскі зноў пайшлі ў наступ у раёне гораду Ізюм, але вымушаныя былі адступіць са стратамі.

Украінцы пайшлі ў контранаступ пад Херсонам

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі паведаміла, што контранаступ украінскага войска пад Херсонам становіцца больш актыўным.

«Украіна выкарыстала сваю новую дальнабойную артылерыю, каб пашкодзіць як мінімум тры масты праз раку Дняпро, ад якіх залежыць забесьпячэньне Расеяй тэрыторый, якія яна кантралюе», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

Паводле яго, расейская армія, якая дысьлякуецца ў Херсоне, цяпер выглядае ўразьлівай.

«Акупаваны Расеяй Херсон, які найбольш значны палітычна, цяпер практычна адрэзаны ад іншых акупаваных тэрыторый. Яго страта сур’ёзна падарве спробы Расеі паказаць акупацыю пасьпяховай», — мяркуюць у выведцы Вялікай Брытаніі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG