Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя цэны на пшаніцу рэзка вырасьлі пасьля ўдару па Адэсе


Пшанічнае поле непадалёк ад Кіева, 29 чэрвеня 2022
Пшанічнае поле непадалёк ад Кіева, 29 чэрвеня 2022

Цэны на пшаніцу рэзка вырасьлі 25 ліпеня пасьля таго, як расейскія ракеты ўдарылі па порце ў Адэсе на выходных, паведамляе Reuters.

Пры гэтым раней у Крамлі заявілі, што цэльлю удару былі нібыта вайсковыя аб’екты і гэта не паўплывае на экспарт збожжа.

25 ліпеня прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што дзьве ракеты «Калібр», якія ўпалі каля помпавай станцыі ў Адэскім порце, былі нацэленыя «выключна» на вайсковую інфраструктуру і «не былі зьвязаныя з пагадненьнем аб экспарце збожжа», дасягнутым 22 ліпеня ў Стамбуле.

Аднак 25 ліпеня фʼючэрсы на пшаніцу на Чыкаскай гандлёвай біржы вырасьлі амаль на чатыры працэнты, да 7,86 даляра за бушаль. І, такім чынам, практычна цалкам вярнуліся да ўзроўняў, якія папярэднічалі падпісаньню пагадненьня.

«Для перазапуску ўкраінскага экспарту спатрэбіцца ня толькі бясьпечны суднаходны канал, але і бясьпечныя парты. Аднак чарніла на пагадненьні яшчэ не пасьпела высахнуць, а сумневы ў бясьпецы вярнуліся», — пракамэнтаваў сытуацыю эўрапейскі трэйдар.

  • 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты — ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.
  • Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны быць разблякаваныя тры ўкраінскія парты: Адэса, Чарнаморск і Южнае. Расея блякавала іх з пачатку вайны 24 лютага.
  • У чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчовых прадуктаў. Зрыў экспарту ўкраінскага збожжа і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі стаў адным з фактараў росту сусьветных цэнаў на прадукты харчаваньня, лічаць экспэрты. ААН папярэджвае пра небясьпеку голаду ў некаторых краінах, асабліва ў Афрыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG