Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны: расейскі ўдар па Віньніцы — чарговы доказ генацыду ўкраінскага народу. Там загінулі больш за 20 чалавек


Дзіця сярод ахвяраў ракетнага ўдару Расеі па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Дзіця сярод ахвяраў ракетнага ўдару Расеі па Віньніцы, 14 ліпеня 2022

Расея абстраляла Віньніцу: паводле апошніх зьвестак, загінулі 23 чалавекі, сярод іх — трое дзяцей. Больш за сотню чалавек зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу.

Паводле апошняй інфармацыі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях Украіны па стане на 22.00:

  • 23 чалавекі загінулі (у тым ліку трое дзяцей),
  • 117 чалавек зьвярнуліся па мэдыцынскую дапамогу,
  • шпіталізавана 66 чалавек, у тым ліку трое дзяцей, 34 зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане, 5 чалавек — у крытычным стане,
  • працягваюцца пошукі 39 чалавек, зь якімі няма сувязі.

Выбух адбыўся ў люднай цэнтральнай частцы гораду, дзе знаходзіцца жылая забудова. Па паведамленьні сьпікера камандаваньня паветраных сіл Юрыя Ігната, расейскія войскі выпусьцілі ракеты тыпу «Калібр» з падводнай лодкі з акваторыі Чорнага мора. Дзьве ракеты зьбіла ўкраінская СПА.

Наступствы ракетнага ўдару па Віньніцы
Наступствы ракетнага ўдару па Віньніцы

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ігар Кліменка паведаміў, што тры расейскія ракеты трапілі ў будынак з офіснымі памяшканьнямі. Таксама часткова разбураны мэдычна-дыягнастычны цэнтар.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў абстрэл Віньніцы тэрарыстычным актам.

«Штодня Расея зьнішчае мірнае насельніцтва, забівае ўкраінскіх дзяцей, накіроўвае ракеты па цывільных аб’ектах, дзе няма нічога вайсковага. Што гэта, як не адкрыты тэрарыстычны акт?» — напісаў у тэлеграме Зяленскі.

Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр заявіла, што Расея канчаткова ператварылася ў дзяржаву-забойцу пасьля масаванага ўдару па Віньніцы, дзе загінулі ня менш як 20 мірных жыхароў, у тым ліку трое дзяцей.

«Расея працягвае ваяваць зь мірнымі ўкраінцамі і забіваць нашых дзяцей. Сёньняшні ўдар па Віньніцы — чарговы доказ генацыду ўкраінскага народу. Расея ў вачах усяго сьвету канчаткова ператварылася ў дзяржаву-забойцу, і такой дзяржаве няма месца ў нашым сьвеце ў XXI стагодзьдзі», — заявіла Ганна Маляр на брыфінгу ў Кіеве.

Віньніца, 14 ліпеня 2022
Віньніца, 14 ліпеня 2022

Паводле зьвестак паліцыі, у выніку ўдараў таксама пацярпеў Дом афіцэраў і бліжэйшыя жылыя дамы. Пачаўся пажар, згарэлі 25 аўтамабіляў. Вядома пра 20 забітых, у тым ліку траіх дзяцей. Канчатковая колькасьць ахвяр на гэты момант невядомая.

Расейская ракета трапіла ў цэнтар Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Расейская ракета трапіла ў цэнтар Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Ад ракетнага абстрэлу пацярпела царква. Віньніца, 14 ліпеня 2022
Ад ракетнага абстрэлу пацярпела царква. Віньніца, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022
Пасьля расейскага ракетнага ўдару па Віньніцы, 14 ліпеня 2022

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG