Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку. Гундар, якога на судовы працэс прывялі ў адных майтках, ужо 12 дзён не прымае ежу


Суд па «справе Аўтуховіча». Архіўнае фота
Суд па «справе Аўтуховіча». Архіўнае фота

Стала вядома, што на знак пратэсту супраць блякаваньня карэспандэнцыі Мікалай Аўтуховіч абвясьціў падчас сёньняшняга паседжаньня сухую галадоўку. Адмаўляецца прымаць ежу ўжо на працягу 12 дзён і 61-гадовы Ўладзімер Гундар.

Мікалай Аўтуховіч падчас сёньняшняга паседжаньня паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, і паведаміў, што не атрымлівае газэт.

На знак пратэсту зьняволены заявіў, што абвяшчае сухую галадоўку. Пра гэта стала вядома з тэлеграм-каналу журналісткі «СБ» Людмілы Гладкай.

Раней, 29 чэрвеня, сухую галадоўку на знак пратэсту супраць няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў распачаў і 61-гадовы Ўладзімер Гундар. 9 ліпеня пасьля вызваленьня з карцару, куды яго зьмясьцілі на 10 сутак, Гундар пачаў піць ваду, але галадаваць працягвае, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

61-гадовы Ўладзімер Гундар — адзін з абвінавачаных у «акце тэрарызму», праходзіць па «справе Аўтуховіча». Ён інвалід II групы, праз хваробу ня мае нагі.

Раней дачка Гундара Інга Стромская паведамляла, што фігурантаў перад паседжаньнем прымушаюць цалкам распранацца, а іхняе адзеньне прасьвечваюць рэнтгенам. Вязьні мяркуюць, што насіць яго пасьля гэтага шкодна для здароўя.

Таксама сваякі Гундара заяўлялі, што за нязгоду зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у судовую залю да Ўладзімера Гундара прымянялі катаваньні — на адно з паседжаньняў суду палітзьняволенага прывялі ў адных майтках, а ягоныя рукі сілавікі прышпілілі да кратаў клеткі ў расьцяжцы.

11 ліпеня стала вядома, што Ўладзімера Гундара зноў прывялі на працэс толькі ў ніжняй бялізьне, каб ён «у вопратцы не схаваў чагосьці вострага і наўмысна не нашкодзіў сабе», піша «Мэдыязона» са спасылкай на жонку Гундара.

Таксама праваабаронцам стала вядома, што пакуль палітзьняволены знаходзіўся ў карцары, яму кожны дзень рабілі ўкол з абязбольвальным з прычыны моцнага болю ў сьпіне.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG