Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы Барадулін. Выйшлі запісы паэта, якія хаваліся нават ад самых блізкіх і родных


Рыгор Барадулін. Фота: Сяргей Шапран
Рыгор Барадулін. Фота: Сяргей Шапран

Завяршылася выданьне дзёньнікаў і запісаў Рыгора Барадуліна. Апошні, адзінаццаты том выйшаў пару тыдняў таму, а першы пабачыў сьвет у лютым 2015-га і быў прымеркаваны да 80-годзьдзя народнага паэта, піша Зося Сухавей.

Запісы хаваў нават ад самых блізкіх і родных

Думаю, што ўсе ўлюбёныя ў паэзію Рыгора Барадуліна не прамінулі той самы першы том дзёньнікаў паэта, сьвежыя раны па страце якога яшчэ не пасьпелі адсмылець у іхніх душах. Тым больш, што выдаўцы, прадстаўляючы яго, абяцалі ня толькі прыватныя запісы паэта з нататнікаў і дзёньнікаў пэрыяду 1951–1969 гадоў, але і вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаваньні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых аўтара.

Расчараваных чытвом таго тому, я перакананая, не было. Малады, дзёрзкі погляд на жыцьцё і людзей, дасьціпны гумар і бліскучы ляканічны стыль запісаў прынёс сапраўдную чытацкую асалоду і шмат цікавінак пра тагачаснае жыцьцё ня толькі самога аўтара, але і вялікага ягонага літаратурнага атачэньня.

Як, дзе, з кім і што пілі, як езьдзілі па бяскрайнім эСэСэРы на ўсялякія фэсты, як сяброўства перарастала ў варагаваньне, як кахалі і здраджвалі… Бачна няўзброеным вокам, што пісалася для сябе. Без аніякай думкі, што гэта некалі стане публічным здабыткам. Запісы хаваліся нават ад самых блізкіх і родных.

Літаратурная руда і залацінкі

Жыцьцё рассоўвала далягляды пачуцьцяў і думак, паскарала творчы рытм, расшырала геаграфію вандровак, множыла колькасьць знаёмцаў. Усё ўбачанае і адчутае ён занатоўваў. Часта ў сьпешцы, на выпадковай паперы. Як дбайны гаспадар, нічога не выкідаў. Горы, тоны нарасло тых запісаў за 60 гадоў.

І так бы, відаць, усё і спарахнела, калі б аднойчы ў іх не зазірнула Натальля Давыдзенка. Даўняя сяброўка і прафэсійная рэдактарка за час, як ня стала паэта, выцягнула з гэтай літаратурнай руды адзінаццаць тамоў захапляльных залацінак і нечаканых адкрыцьцяў. Напрыклад, пра музаў паэта. Ім у кожным амаль томе прысьвечаныя дзясяткі, а часам і сотні вершаў. Нідзе раней не друкаваных. Ясная справа — не для чужых вачэй пісаліся.

Выцінанкі ў квадратных дужках

Іх магло б быць у разы больш, гэтых тамоў, калі б складальніца і выдаўцы не рабілі выцінанак з Барадулінскіх тэкстаў. Квадратныя дужкі з кропкамі аж стракацяць на кожнай старонцы. Прытым, калі ў першых тамах іх яшчэ было ня так і шмат, то ў апошніх ледзь не пасьля кожнага сказу, а то і сам сказ абрываюць.

Што выкасоўвалася, можна толькі здагадвацца. На маё ўражаньне, астракізму падпалі найперш рэзкія, часам проста зьнішчальныя характарыстыкі некаторых вядомых асобаў, твораў калегаў і іх учынкаў. Пра многіх зь іх, дзе што і ацалела ў запісах, аўтар выказваецца толькі ў чорных танах. Эпітэты зьневажальныя, лексыка расцугляная.

Мы ведаем Барадуліна як аўтара трапных эпіграмаў. Жанр, у якім ён праславіўся не адною кнігай. Пакрыўдзіліся многія ягоныя, так бы мовіць, адрасаты. Але ў запісах ён не стрымліваў сябе аглядкамі на публікацыю. Абвінавачваньне ў супрацы з КГБ ледзь не пагалоўнае. Беззаганнымі былі ў ягоных тэкстах трое ці чацьвёра сяброў.

Крывіцкая сям’я і цэнзура

Спасьцігла цэнзуру і ўсё тое, што датычнае родных аўтара. У многіх нататках апошніх гадоў ён наракае, што не атрымалася ў яго, як хацеў, крывіцкае сямʼі. Праўда, што гэта такае — крывіцкая сямʼя — мы так нідзе і не знаходзім тлумачэньня. Магчыма, яно засталося за шматкропʼямі ў дужках, а магчыма, аўтар і сам ня ведаў, чым жаданая ім крывіцкая сямʼя адрозьніваецца ад, скажам, дрыгавіцкай ці радзіміцкай.

Ідэалізуе маці, якая застаўшыся ў вайну ўдавою, усю сябе ахвяравала адзінаму сыну. І той усё жыцьцё падсьвядома параўноўваў зь ёю ўсіх сваіх жанчын. Не на іхнюю карысьць было тое параўнаньне. І вось тут я думаю, што гэтыя запісы пра сямейныя стасункі калі ўжо і цэнзураваць, то цалкам. Прыватнае жыцьцё на тое і прыватнае, каб яго не выстаўляць на публіку. Нават у дазаваным выглядзе.

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Георгі Вылчаў і Барыс Забораў
Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Георгі Вылчаў і Барыс Забораў

Боль і бядота

Чорна-белы сьвет апошніх тамоў Барадулінскіх дзёньнікаў дапоўнены несупыннымі скаргамі на хваробы і безграшоўе. У пошуках паратунку ад галаўнога болю, які пазбаўляў яго паўнавартаснага фізычнага жыцьця, ня кажучы ўжо пра творчае, ён зьвяртаўся да ўсіх магчымых сродкаў і мэтадаў. Найлепшыя дактары традыцыйнай мэдыцыны, усходнія нетрадыцыйныя лекары, зёлказнаўцы і розныя чарадзеі сумнеўных практык — з кім толькі не давялося паэту знацца, каб памерці, як ён піша, Барадуліным, а не біямасай. Боль даводзіў да шаленства і апісаньне гэтага стану немагчыма чытаць без уласнага болю ад сваёй бездапаможнасьці ў паэтавай бядзе.

Мізэрная пэнсія, адсутнасьць ганарараў, бясконцыя пошукі дзе і як зарабіць, каб выжыць, толькі множаць гэты наш чытацкі боль ад немагчымасьці дапамагчы.

Наклады і чытачы

Што праўда, чытачоў на апошні том засталося толькі пяцьдзесят. Прынамсі, такі наклад. Першы том выйшаў накладам у трыста асобнікаў. Не, гэтыя згубленыя дзьвесьце пяцьдзесят чытачоў ня здрадзілі ўлюбёнаму паэту. За сем гадоў выданьня дзёньнікаў яны проста сышлі ў іншы сьвет. Усьлед за сваім кумірам. Засталася купка маладзейшых шанавальнікаў таго, хто пісаў, як птушка пяе. Яна ж ня думае, пра што і як ляціць яе песьня ў сусьвеце. Цяпер улюбёнцаў чыстае паэтычнае красы можна зьлічыць на пальцах дзьвюх рук. А хутка і адной хопіць. Дадайце парачку прафэсійных літаратуразнаўцаў.

Кожнае пакаленьне паэтаў нараджае сваё пакаленьне чытачоў. Ня горшых і ня лепшых.

Іншых.

Рыгор Барадулін выступае з трыбуны ААН
Рыгор Барадулін выступае з трыбуны ААН

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG