Сёньня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэньня апошняга народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Ён з аднолькавай віртуознасьцю складаў вершы для дзяцей і эратычныя творы, ленінскія рыфмаванкі і тонкія філязофскія рэчы, паэмы і чатырохрадкоўі. Часам для яго быў галоўны ня столькі зьмест, колькі гульня гукаў, словаў, рытмаў, і ў гэтым яго паэзія была сугучная самым сьмелым і творча-нечаканым усясьветным авангардным творам ХХ ст.
Барадулін ад самага пачатку быў актыўным дзеячом партыі БНФ, падтрымліваў Зянона Пазьняка і варагаваў зь Нілам Гілевічам. У творчасьці імкнуўся паказаць самім беларусам ды ўсяму сьвету, наколькі беларуская мова гнуткая, артыстычна-багатая і мілагучная. Свабода знайшла 10 цікавых фактаў пра клясыка беларускай літаратуры.
1. Даводзіў настаўніцу расейскай мовы да гістэрыкі
У дзёньнікавых запісах (якія школьнікам сьпярша занатоўваў па-расейску) пісаў: «Была русская литература. М. Цуран орала... как бешеная... На ее уроке нужно быть веществом, предметом, а не живой истотой — человеком...». Празь некалькі дзён адзначаў: «Цуран ревела опять: не сидел за партой, когда она вошла в класс. Пообещала собирать на меня материал. Я ей, мол, не нравлюсь...» (11–12 сентября, вторник-среда, 1951 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 1. 1951–1969. Менск, 2015).
2. Крыўдзіўся на тых, хто распускаў плёткі пра яго паходжаньне
Паводле літаратурнай дасьледчыцы Натальлі Давыдзенкі: «У канцы 80-х Рыгор Іванавіч заўважна „ахладзеў“ да любага старэйшага сябра [Анатоля Вялюгіна. — РС]. Пасьля адыходу А. Вялюгіна ён выказаў сваю горкую крыўду: нехта перадаў яму, што быццам бы Вялюгін пасьмяяўся, што маці знайшла яго ў час вайны, кінутага яўрэйскага хлопчыка. „Як ён мог?! Ён жа маю маму ведаў!“ Але на маю заўвагу, што так яму маглі нахлусіць нядобразычліўцы, каб іх разьвесьці, Рыгор Іванавіч разгубіўся: „А маглі ж...“ — і моцна засмуціўся» (Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 4. 1983–1988. Менск, 2017).
3. Самакрытычна выказваўся пра свае вершы, дзе славіў савецкі лад
«Часта думаю, што савецкім пісьменьнікам, як памаўзьлівым катам, трэба кара — носам у га.но, якое наклалі яны, славячы то ўсіх правадыроў, то партыю... І самому трэба было б вялікую кучу зьесьці, бо многа славіў, за што цяпер сорамна» (4 сьнежня, аўторак, 1990 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 5. 1989–1991. Менск, 2018).
«...Малады хлопец запытаўся, ці мае вершы пра партыю ў „Мы и время“... Былі вершы пра партыю. Быў грэх. А малады максымалізм нічога ня хоча дараваць» (6 ліпеня, аўторак, 1993 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 6. 1992–1993. Менск, 2019).
4. Іранізаваў з паэтаў, якія былі няверныя жонкам
«Нашыя паэты, выхаваныя на ідэях вернасьці партыі і законным жонкам, выходзілі са становішча з саматужнай віртуознасьцю, амаль цыркавой. Пісалі вершы ўсім, хто часова кватараваў у сэрцы, і афішавалі іх, як песьню песьняў, у гонар жонкі. Некаторыя знаёміліся толькі з тымі, у якіх было аднолькавае імя зь іхняй палавінай. Гэта каб у пʼяным ня толькі ад пітва стане не прагаварыцца. Сапраўдныя чэкісты! Іншыя ў запісных кніжках усе жаночыя прозьвішчы занатоўвалі як мужчынскія» (З Рыгорам Барадуліным гутарыць Леанід Дранько-Майсюк // Крыніца. 1996, № 7).
5. Лічыў, што расейскі клясык Аляксандар Пушкін падтрымаў бы БНФ
«Думаю, что в наше время Александр Сергеевич... поддержал бы Народные фронты во всех республиках, чьи „сердца для чести живы“. Пушкин первый расщепил атом единой и неделимой Российской империи, услышав „всяк сущий в ней язык“» (Адказ на пытаньне «Литературной газеты», 12 мая, пятніца / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 5. 1989–1991. Менск, 2018).
6. Крытычна выказваўся пра прыём жанчын у Саюз пісьменьнікаў
«...заўважыў усю небясьпеку прыёму ў Саюз пісьменьнікаў шмат жанчын. Пакуль маладыя — каб што. А пад старасьць — гэта нейкая страшэнная жамяра, агрэсіўная, сьмешная. Вясковыя жанчыны старыя прыгожыя, бо яны натуральныя, старэюць па законах прыроды. У іх, калі Бог дае дажыць, усе чатыры паравіны года вабныя. А ў так званых паэтэс і празаічак усё выламанае, манернае, хадульнае, страсьць іхняя нейкая сынтэтычна-клоўнская» (7 сакавіка, чацьвер, 1991 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 5. 1989–1991. Менск, 2018).
7. Называў Купалаўскі тэатар — сталінскім
«Праўлю „Залёты пана дэ Пурсаньяка“ (Барадулін рабіў пераклад пʼесы Мальера для пастаноўкі Андрэя Андросіка „Нежанаты мнагажэнец, альбо Залёты пана дэ Пурсаньяка“. — РС). Нацыянальны сталінскі тэатар, дзе не разумеюць беларускую мову. Рэжысэр спачатку чытае па-расейску, а пасьля ўжо на „ніжэйшай“ мове» (30 мая, субота, 1992 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 6. 1992–1993. Менск, 2019).
8. У Нью-Ёрку захапляўся містычнымі, «дʼябальскімі» спэктаклямі
«Вечарам... прыехаў Андрэй Саньнікаў... Я пытаюся, куды? У тэатар. Паехалі ў раён багемы Нью-Ёрка. Тэатар самы мадэрновы. Як хлеў ці гараж, толькі ў рыштаваньнях. Поўная заля... Тэатар называецца La Mama... Ігра выдатная. На ўсю выкладку. На сцэне няма лішняга антуражу. Усё гранічна сьціпла і практычна. Пʼеса сучаснага амэрыканскага драматурга (ён сам актор па прафэсіі...) Sam Shepard „Back bog beast bait“. І містыка, і дʼябальшчына, і праекцыя на чалавецтва... Ігра цудоўная» (1 сьнежня, субота, 1984 / Рыгор Барадулін. Дзёньнікі і запісы. Выпуск 4. 1983–1988. Менск, 2017).
9. Быў засмучаны, што ў яго нарадзілася дачка
Паводле яго жонкі: «Рыгор з самага пачатку быў упэўнены: „У нас будзе сын!“ А калі я перад родамі паехала да мамы ў Горадню, ён сустрэў старога прыяцеля. Той быў сумны-сумны, быццам пахаваў кагосьці. Аказалася, у яго нарадзілася дачка. „А ў мяне сын будзе!“ — горда сказаў тады Грыша, яшчэ ня ведаючы, што я нарадзіла Ілону... Першым у раддоме мяне наведаў Васіль Быкаў... А Рыгор прыехаў толькі праз тры дні... Вядома, ён засмуціўся!..» («„Комсомольская правда“ в Белоруссии»).
Праз шмат гадоў паэт прызнаваўся: «З дачкой Ілонай займаўся мала. Усё неяк не выпадала. Хачу болей займацца з унучкай Дамінічкай. І зноў не выпадае...» (Рыгор Барадулін. Вяртаньне ў першы сьнег // Пралеска. 1995, № 2).
10. Яго любімае дрэва — сасна
«Сасна — дрэва майго гараскопа. З сасны і часовы дом, і вечны. Са сьлёзаў сасны бурштын, загадку якога і сама вечнасьць не разгадае. Сасна плача жывіцай. Як чалавек» (Рыгор Барадулін. Вяртаньне ў першы сьнег // Пралеска. 1995, № 2).
Аўтар выказвае падзяку ў падрыхтоўцы матэрыялу Тацяне Сапезе і Дзьмітрыю Давідоўскаму