Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плян Маршала для Ўкраіны». У Швайцарыі адкрылася міжнародная канфэрэнцыя па аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны


На міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны. Люгана, 3 ліпеня 2022
На міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны. Люгана, 3 ліпеня 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перакананы, што аднаўленьне Ўкраіны павінна стаць супольнай задачай для ўсяго дэмакратычнага сьвету.

«Вайна — гэта ня проста недзе на ўсходзе Эўропы. Гэта напад Расеі на ўсё, што зьяўляецца каштоўнасьцю для нас з вамі. Таму і адбудова Ўкраіны — гэта не лякальны праект. Не праект аднаго народу, а супольнае заданьне ўсяго дэмакратычнага сьвету, усіх краін, якія могуць сказаць пра сябе: мы — цывілізаваныя», — заявіў Уладзімір Зяленскі на міжнароднай канфэрэнцыі па пытаньнях аднаўленьня Ўкраіны, якая праходзіць у Люгана (Швайцарыя).

Паводле яго, адбудаваць Украіну будзе азначаць аднаўленьне прынцыпаў і прасторы жыцьця для людзей.

«Вядома, гэта азначае маштабнае будаўніцтва, вялікае фінансаваньне і калясальныя інвэстыцыі. Вядома, гэта азначае і абсалютна новы ўзровень бясьпекі ўсёй нашай краіны, якой і далей жыць побач з Расеяй. Але гэта азначае таксама і новы тэхналягічны ўзровень», — дадаў ён.

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Расея сваімі абстрэламі і баявымі дзеяньнямі зьнішчыла ва Ўкраіне каля 80 000 аб’ектаў, у тым ліку больш за 2 тысячы — адукацыйных устаноў.

Правядзеньне гэтай канфэрэнцыі было заплянавана яшчэ да расейскага ўварваньня і мелася сканцэнтравацца на разглядзе прагрэсу рэформаў ва Ўкраіне. Цяпер удзельнікі канфэрэнцыі перамесьцяць сваю ўвагу на паваенную адбудову Ўкраіны. Арганізатары канфэрэнцыі спадзяюцца, што яна падштурхне да стварэньня міжнароднай плятформы дзеля аднаўленьня Ўкраіны пасьля завяршэньня вайны.

Патрэбныя сотні мільярдаў даляраў

У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 40 краін і 18 міжнародных арганізацый. У склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль і старшыня Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук.

Як паведамляе ВВС, сярод схем фінансаваньня рэканструкцыі Ўкраіны — новы фонд, стварыць які, па дадзеных крыніц СМІ, мае намер Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Фонд можа сабраць каля 100 мільярдаў эўра зь сябраў ЭЗ і іншых краін сьвету.

Паводле падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, шкода, нанесеная ўкраінскім дамам і інфраструктуры, складае амаль 104 мільярды даляраў: разбурана каля 45 мільёнаў квадратных мэтраў забудовы, 256 прадпрыемстваў, 656 мэдычных устаноў і 1177 навучальных устаноў.

Экспэрты школы ацанілі шкоду ўкраінскай эканоміцы ў 600 мільярдаў даляраў. Карэспандэнт аўтарытэтнага часопіса Foreign Policy ў сваёй апошняй публікацыі ацаніў кошт пасьляваеннага аднаўленьня Ўкраіны больш як у 1 трлн даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG