Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусбанк» зьмяніў ліміты па апэрацыях за мяжой, «БелВЭБ» — па выдачы наяўных, «Альфа-Банк» будзе рабіць карткі на 5 гадоў


Беларускія банкі працягваюць паведамляць пра новаўвядзеньні.

«Беларусбанк» зьмяніў ліміты па расходных апэрацыях за мяжой

«Беларусбанк» з 1 ліпеня зьмяняе ўведзеныя ў сакавіку часовыя абмежаваньні па расходных апэрацыях і зьняцьці наяўных грошай за мяжой з рахункаў у беларускіх рублях, паведамляюць у прэс-службе банку.

Ліміты па картах Visa, Mastercard і Maestro зьмененыя з 400 рублёў у эквіваленце на суткі да 7000 рублёў у эквіваленце на тыдзень.

«БелВЭБ» зьмяніў умовы выдачы наяўных зь бягучых банкаўскіх рахункаў для фізычных асобаў

Як паведамілі ў прэс-службе банку, рашэньне тычыцца як беларусаў, так і нерэзыдэнтаў.

Беларусы з 1 ліпеня змогуць здымаць з рахунку 5000 беларускіх рублёў, або 1000 даляраў ЗША (ці эўра), або 50 000 расейскіх рублёў толькі па папярэдняй заяўцы. Тэрмін выкананьня заяўкі — пяць банкаўскіх дзён.

Устаноўленыя і максымальныя сумы, якія можна зьняць за 30 дзён. Для фізычных асобаў масавага сэгмэнту і VIP-кліентаў, якія атрымалі гэты статус пасьля 3 ліпеня 2022 году, гэта 10 000 даляраў ці эўра, або 500 тысяч расейскіх рублёў. Для кліентаў, якія атрымалі статус VIP да 3 ліпеня 2022 году, — 20 000 даляраў ці эўра, або 500 тысяч расейскіх рублёў.

Для нерэзыдэнтаў дзейнічаюць аналягічныя ўмовы, а таксама ўстаноўленыя абмежаваньні па зьняцьці наяўных грошай за 30 дзён — у памеры 5000 беларускіх рублёў, або 500 тысяч расейскіх рублёў, або 2000 даляраў ці эўра.

«Альфа-Банк» вырашыў выпускаць карткі адразу на 5 гадоў

«Альфа-Банк» з 1 ліпеня будзе выпускаць дэбэтавыя і карпаратыўныя карты тэрмінам на 5 гадоў. Раней «плястык» выдавалі максымум на тры гады. У банку ўдакладняюць, што тэрмін дзеяньня ўжо выпушчаных картак застаецца ранейшы.

У апошнія месяцы многія беларускія банкі паведамлялі аб падаўжэньні тэрміну дзеяньня картак. У Нацбанку тлумачылі, што банкам не хапае чыпаў для новых картак у сувязі з санкцыйнымі абмежаваньнямі. Ці зьвязана рашэньне «Альфа-Банка» выпускаць карткі на пяць гадоў зь недахопам чыпаў, у банку не ўдакладнілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG