«Я хацеў бы, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы! Няхай зь Ерусаліму, дзе сёлета католікі і праваслаўныя сьвяткуюць Вялікдзень разам, сьвятло міру распаўсюдзіцца на ўсю Сьвятую Зямлю і ўвесь сьвет», — пажадаў Францішак ў сваім велікодным пасланьні Urbi et Orbi, якое цытуе Ватыканскае радыё.
Пасьля сьвяточнай велікоднай Імшы, якая 20 красавіка 2025 года прайшла на Плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане, Папа зьвярнуўся да вернікаў усяго сьвету з пасланьнем Urbi et Orbi і ўдзяліў сваё апостальскае бласлаўленьне. З цэнтральнай лёджыі ватыканскай базылікі ён пажадаў вернікам «Шчасьлівага Вялікадня!» і даручыў майстру літургічных цэлебрацый, арцыбіскупу Дыега Равэлі, прачытаць яго пасланьне «Гораду і сьвету».
«Сёньня ў Касьцёле нарэшце гучыць „Алелюя“, яно перадаецца з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, і яго сьпеў выклікае сьлёзы радасьці ў народа Божага па ўсім сьвеце», — такімі словамі пачынаецца велікодны зварот Сьвятога Айца.
«З пустой магілы ў Ерусаліме даходзіць да нас неймаверная навіна: Укрыжаванага Езуса „тут няма; Ён уваскрос“ (Лк 24, 6). Яго няма ў магіле, Ён жывы!“ Любоў перамагла нянавісьць. Сьвятло перамагло цемру. Праўда перамагла хлусьню. Прабачэньне перамагло помсту. Зло ня зьнікла з нашай гісторыі, яно застанецца да самага канца, але яно ўжо не валадарыць, ня мае ўлады над тымі, хто прымае ласку гэтага дня», — напісаў Папа.
Уваскрасеньне Езуса — гэта падмурак надзеі, адзначыў Папа. Пасьля гэтай падзеі надзея перастае быць ілюзіяй. Наадварот, дзякуючы Ўкрыжаванаму і Ўваскросламу Хрысту надзея не падманвае. «Spes non confundit!» (пар. Рым 5, 5).
«Гэтая надзея не расплывістая, а патрабавальная; яна не адчужае, а робіць нас адказнымі», — зазначыў Францішак.
«Тыя, хто спадзяюцца на Бога, кладуць свае слабыя рукі ў Яго моцную далонь, дазваляюць падняць сябе і ісьці далей: разам з Уваскрослым Езусам мы становімся пілігрымамі надзеі, сьведкам перамогі любові, бяззбройнай моцы жыцьця», — нагадаў Папа.
«Колькі прагненьня сьмерці мы бачым штодзень у шматлікіх канфліктах па ўсім сьвеце! Колькі гвалту мы бачым нават у сем’ях, у дачыненьні жанчын і дзяцей! Колькі пагарды да слабейшых, да змаргіналізаваных, да мігрантаў! Сёньня я заклікаю ўсіх нас адрадзіць надзею і давер да іншых, нават тых, хто далёкі, хто мае іншыя звычаі, іншы лад жыцьця, іншыя ідэі і традыцыі. Бо ўсе мы — дзеці Божыя!» — нагадаў Папа.
«Я жадаю, каб мы зноў паверылі ў тое, што мір магчымы! Няхай з Гроба Пана, з Касьцёла Ўваскрасеньня ў Ерусаліме, дзе сёлета католікі і праваслаўныя сьвяткуюць Вялікдзень разам, сьвятло міру распаўсюдзіцца на ўсю Сьвятую Зямлю і ўвесь сьвет», — пажадаў Францішак.
Ён адзначыў, што адчувае блізкасьць да пакутуючых хрысьціянаў у Палестыне і Ізраілі, як і да ўсяго ізраільскага і палестынскага народаў. Яго трывожыць рост антысэмітызму ў сьвеце. Адначасна ён думае пра жыхароў Газы і асабліва пра хрысьціянскую супольнасьць, якая пакутуе ў жудасным канфлікце, які нясе сьмерць, разбурэньні і гуманітарную катастрофу.
«Заклікаю бакі да спыненьня агню! Няхай закладнікі будуць вызваленыя! Няхай дапамога дойдзе да тых, хто галадае і прагне мірнай будучыні!» — заклікаў пантыфік.
«Молімся за хрысьціянаў Лібану і Сырыі, якія прагнуць стабільнасьці і ўдзелу ў жыцьці сваіх краінаў, асабліва ў гэты складаны гістарычны момант для Сырыі. Заклікаю ўвесь Касьцёл з малітвай і ўвагай падтрымліваць хрысьціян дарагога Блізкага Ўсходу», — напісаў Папа.
Асобна Францішак згадаў народ Емэну, які з-за вайны перажывае адну з найгоршых працяглых гуманітарных катастрофаў у сьвеце. Ён заклікаў бакі шукаць рашэньні праз канструктыўны дыялёг.
«Няхай Уваскрослы Хрыстус прынясе велікодны дар міру для змучанай Украіны і натхніць усе бакі на намаганьні дзеля справядлівага і трывалага міру», — пажадаў Папа.
«Сёння, у гэты радасны дзень, мы молімся за Паўднёвы Каўказ, каб хутчэй было падпісана і рэалізавана мірнае пагадненьне паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, што прынясе доўгачаканае прымірэньне ў гэтым рэгіёне. Няхай велікоднае сьвятло натхніць на згоду на Заходніх Балканах і падтрымае палітыкаў у спробах пазьбегнуць эскаляцыі напружаньня і нестабільнасьці, і хай партнэры рэгіёну супрацьстаяць разбуральным і небясьпечным дзеяньням», — пажадаў Францішак.
«Няхай Уваскрослы Хрыстус, наша надзея, прынясе мір і суцяшэньне народам Афрыкі, ахвярам гвалту і канфліктаў, асабліва ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у Судане і Паўднёвым Судане, хай падтрымае тых, хто пакутуе ад напружаньня ў Сахелі, на Афрыканскім Розе і ў рэгіёне Вялікіх азёр, а таксама хрысьціянаў, якія ня могуць вольна вызнаваць сваю веру», — нагадаў Папа.
Мір немагчымы там, дзе няма рэлігійнай свабоды, свабоды думкі і слова, дзе не паважаецца іншае меркаваньне. Мір немагчымы без сапраўднага раззбраеньня! Імкненьне народаў да бясьпекі не павінна ператварацца ў агульную гонку ўзбраеньняў. Велікоднае сьвятло заклікае нас ламаць бар’еры, якія ствараюць падзел і маюць цяжкія палітыка-эканамічныя наступствы. Яно заклікае нас клапаціцца адзін пра аднаго, узмацняць узаемную салідарнасьць і працаваць дзеля ўсебаковага разьвіцьця кожнага чалавека, гаворыцца ў пасланьні.
Папа заклікаў не забываць пра народ М’янмы, які ўжо шмат гадоў пакутуе ад узброенага канфлікту, а ня так даўно пацярпеў ад разбуральнага землятрусу, які забраў тысячы жыцьцяў і пакінуў шматлікіх сіротаў і старых у пакутах.
Сьвяты Айцец зьвярнуўся да ўсіх палітыкаў сьвету, заахвочваючы іх не паддавацца лёгіцы страху, а ўжываць рэсурсы дзеля дапамогі тым, хто патрабуе, дзеля барацьбы з голадам і падтрымкі ініцыятыў разьвіцьця. Гэта сапраўдная «зброя» міру — тая, што стварае будучыню, а ня сее сьмерць.
«Няхай прынцып гуманнасьці заўсёды будзе асновай усіх нашых дзеяньняў. Перад тварам жорсткасьці канфліктаў, якія закранаюць мірных жыхароў, школы, шпіталі і супрацоўнікаў гуманітарных арганізацый, мы ня можам дазволіць сабе забыць пра тое, што гэта не „аб’екты“, а людзі, з душой і годнасьцю», — нагадаў Папа.
«У гэты Юбілейны год, няхай Вялікдзень стане добрай нагодай для вызваленьня ваеннапалонных і палітычных вязьняў!» — пажадаў Францішак, заклікаючы вернікаў даверыцца Пану, «бо толькі Ён можа зрабіць усё новым!»
Форум