Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стаяў у клетцы ў трусах, рукі прышпілілі да кратаў у расьцяжцы». Фігуранта «справы Аўтуховіча» Ўладзімера Гундара катуюць у судзе


Уладзімер Гундар
Уладзімер Гундар

У горадзенскай турме з 18 траўня праходзіць суд над 12 фігурантамі «справы Аўтуховіча». На судовых паседжаньнях абвінавачаныя ўжо ня раз паведамлялі пра катаваньні, якія прымяняліся да іх падчас затрыманьня, допытаў і зьняволеньня. Ціснуць на абвінавачаных і падчас працэсу.

29 чэрвеня родныя аднаго з абвінавачаных, 60-гадовага інваліда ІІ групы Ўладзімера Гундара, паведамілі пра катаваньні ў дачыненьні да палітвязьня за нязгоду зьняць адзеньне на «прасьвечваньне» рэнтгенам перад уваходам у залю суду. У выніку няспынных зьдзекаў сілавікоў і парушэньня сваіх правоў Гундар заявіў сёньня на судзе, што распачне «сухую галадоўку» і ў выпадку прымяненьня да яго гвалтоўных мер «ускрые вены».

«У мінулы чацьвер на паседжаньні некаторыя падсудныя зьвярнуліся да судзьдзі і пракурораў з заявай, каб іх адзеньне, у якім яны ідуць на суд, перасталі прасьвечваць рэнтгенам, бо гэта дрэнна ўплывае на здароўе чалавека», — напісала ў фэйсбуку дачка Гундара Інга Стромская, адзначыўшы, што бяз гэтай працэдуры зьняволеным нельга прайсьці ў судовую залю. — Аднак судзьдзя на просьбу абвінавачаных заявіў, што да гэтай працэдуры ён «ніякага дачыненьня ня мае», бо яна застаецца «на вырашэньне тых, хто заводзіць у суд зьняволеных».

У панядзелак 27 чэрвеня падсудныя зьвярнуліся да судзьдзі з паўторным запытам — адказ быў той жа самы, напісала Інга Стромская. Тады Ўладзімер Гундар, як кажуць ягоныя родныя, адмовіўся зьняць адзеньне, заявіўшы, што гатовы застацца ў камэры. Аднак сілавікі зацягнулі яго ў залю сілай — у чым быў і без абутку.

Сёньня, 29 чэрвеня, Гундар, па словах ягонай дачкі, верагодна, зноў адмовіўся даваць сваё адзеньне на прасьвечваньне рэнтгенам.

«[Яго жонка, калі ўвайшла ў залю, убачыла], што ён стаяў у клетцы ў адных трусах, рукі былі прышпіленыя кайданкамі да кратаў у расьцяжцы, — напісала дачка Ўладзімера. — Вядома, тата шмат крычаў і вельмі моцна абураўся. Калі ўвайшоў судзьдзя, адвакат папрасіла даць дазвол крыху аслабіць кайданкі або даць магчымасьць тату сесьці. Ігнор ад судзьдзі. Тата засьпяваў песьню. Судзьдзя выслухаў і сказаў выдаліць з залі паседжаньня. Тады тата сказаў, што абвяшчае сухую галоўку, а калі да яго будуць зроблены нейкія гвалтоўныя захады, сказаў, што ён ускрые вены».

8 чэрвеня ў судзе Ўладзімер Гундар падчас працэсу таксама расказваў, як яго білі падчас затрыманьня.

«Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне як да тэрарыста, патрабавалі прызнаньня ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасьля кожнага адмоўнага адказу на патрабаваньне прызнаць сябе пасьлядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: „Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыцьцём сваёй сям’і празь нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказаньні?“» — расказаў тады Гундар, якому інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК (стварэньне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Сваёй віны палітвязень не прызнае.

Хто праходзіць па «справе Аўтуховіча»?

Мікалай Аўтуховіч (59 гадоў). У мінулым гэта афіцэр, які прайшоў вайну ў Афганістане. У незалежнай Беларусі быў уласьнікам службы таксі ў Ваўкавыску. У яго нярэдка ўзьнікалі праблемы зь мясцовым начальствам. У 2004 годзе Аўтуховіч спрабаваў трапіць у парлямэнт, незалежныя сацыёлягі нават засьведчылі яго перамогу ў першым туры. Аўтуховіч прайшоў праз два турэмныя тэрміны, абодва разы яго прызнавалі палітвязьнем. У зьняволеньні ён трымаў працяглыя галадоўкі, уцякаў ад міліцыі з-пад хатняга арышту.

Аўтуховіча судзілі ў 2010-м за падрыхтоўку тэракту — нібыта ён рыхтаваў замах на старшыню Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко. Аднак асудзілі яго за пяць знойдзеных пры вобшуку патронаў. Тады Мікалай атрымаў 5,5 года (вызвалены ў 2014-м).

Таксама па справе праходзіць сям’я праваслаўнага сьвятара зь Берасьця Сяргея Разановіча. Ён быў настаяцелем царквы ў вёсцы Сьцяпанкі Жабінкаўскага раёну. Разам з бацюшкам на лаве падсудных ягоная жонка Любоў і сын Павал. Любоў Разановіч у мінулым валодала службай таксі ў Берасьці, з таго часу і знае Аўтуховіча. У 2006 годзе трымала галадоўку. Павал працаваў у аддзеле прымусовага выкананьня Маскоўскага раёну Берасьця. Менавіта ў іх дома і затрымалі Аўтуховіча.

Уладзімер Гундар — 60-гадовы краязнаўца з Баранавіч. Інвалід, ня мае нагі. Ужо асуджаны на тры гады зьняволеньня за «гвалт у дачыненьні да службовай асобы».

Вольга Маёрава — у мінулым актывістка АГП. Яе абвінавачваюць у вядзеньні сацыяльных сетак кампаніі «Да Волі», якую ініцыяваў Аўтуховіч. Затрымалі жанчыну ў Крупскім раёне.

Галіна Дзербыш — пэнсіянэрка з аграгарадку Абухава ў Горадзенскім раёне. Мае анкалёгію і праблемы з сэрцам. Яна, маўляў, давала Аўтуховічу сваю машыну для «разьведкі мясцовасьці».

Яшчэ адна пэнсіянэрка Ірына Мельхер і яе сын Антон — зь Берасьця. Віктар Сьнегур — з Гомельскай вобласьці, яго абвінавачваюць у дапамозе зь перасячэньнем мяжы. Менш вядомыя асобы — Ірына Гарачкіна і Павал Сава.

У чым іх абвінавачваюць?

У абвінавачаньні прысутнічаюць наступныя артыкулы КК: 289 «Акт тэрарызму», 357 «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», 295 «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў», 285 «Удзел у злачыннай арганізацыі», 130 «Распальваньне варожасьці», 361 «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

І гэта толькі самыя цяжкія з цэлага букету абвінавачаньняў. Калі гаварыць прасьцей, то людзей абвінавачваюць у падпале недабудаванага дома ў Ваўкавыску, які належаў мясцоваму супрацоўніку міліцыі. А таксама ў падпалах аўтамабіляў супрацоўнікаў сілавых органаў у Ваўкавыску і Горадні. У выніку гэтых дзеяньняў ніхто не пацярпеў.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што пры вобшуку ў доме Разановічаў, дзе часова жыў Аўтуховіч, было знойдзена мноства зброі: аўтаматы, пісталеты, тратылавыя шашкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG