Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца МЗС Нямеччыны: Расея «бярэ ў закладнікі ўвесь сьвет»


Разбуранае расейскім бамбаваньнем сховішча збожжа ў Марыюпалі
Разбуранае расейскім бамбаваньнем сховішча збожжа ў Марыюпалі

Расея «бярэ ў закладнікі ўвесь сьвет», перашкаджаючы вывазу збожжа празь украінскія порты

Пра гэта заявіла міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак на міжнароднай харчовай канфэрэнцыі ў Бэрліне. На канфэрэнцыі абмяркоўваецца харчовы крызіс, які ўзьнік у сьвеце. Адказнасьць за яго многія краіны ўскладаюць на Расею, якая пачала 4 месяцы таму ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

Па словах Бэрбак, Масква «сьвядома выкарыстоўвае голад у якасьці зброі». Голад, як яна сьцьвярджае, пагражае больш як 300 мільёнам чалавек, галоўным чынам у самых бедных краінах.

Кіраўніца МЗС Нямеччыны прызнала, што рост цэн на прадукты харчаваньня на сусьветным рынку пачаўся яшчэ да расейскага ўварваньня, у тым ліку з прычыны кліматычных зьменаў і пандэміі каранавірусу, але вайна «ператварае гэтую хвалю ў цунамі».

Бэрбак нагадала, што Расея блякуе ўкраінскія парты, абстрэльвае збожжасховішчы і, акрамя таго, ускладае адказнасьць за цяперашнюю сытуацыю на іншыя краіны, пры тым, што ў дачыненьні да экспарту прадуктаў харчаваньня з РФ ня ўводзіліся санкцыі.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, які таксама выступіў на канфэрэнцыі, пагадзіўся з ацэнкай Бэрбак. Паводле яго слоў, толькі Расея нясе адказнасьць за блякаду ўкраінскіх партоў, дзе, паводле ацэнак, сабралася каля 25 мільёнаў тон збожжа.

Праблема абмяркоўвалася ў пятніцу і на нарадзе міністраў замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» (G7). Яны заклікалі Расею спыніць атакі на аб’екты інфраструктуры Ўкраіны і даць магчымасьць вывезьці збожжа зь яе партоў. Таксама ў заяве гаворыцца аб падтрымцы намаганьняў ЭЗ па арганізацыі альтэрнатыўных маршрутаў экспарту. Пра неабходнасьць паскорыць экспарт прадуктаў харчаваньня з Украіны наземнымі шляхамі і па рэках гаварыла і Бэрбак.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, выступаючы ў Бэрліне, назваў сытуацыю з харчаваньнем у сьвеце беспрэцэдэнтнай, сказаўшы, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м сытуацыя будзе яшчэ горшая.

Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага. Па словах Гутэрыша, ААН працягвае перамовы з бакамі канфлікту аб магчымасьці экспарту прадуктаў з Украіны і ўгнаеньняў з Расеі.

Расейскія ўлады адмаўляюць, што цяперашні харчовы крызіс зьвязаны з вайной ва Ўкраіне. Яны таксама сьцьвярджаюць, што могуць гарантаваць бясьпеку паставак з Украіны, калі тая разьмінуе свае парты.

  • Намесьнік кіраўніка Рады бясьпекі Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў у сваім тэлеграм-канале скрытыкаваў Бэрбак за словы аб тым, што Расея выкарыстоўвае голад як зброю, напісаўшы, што дзіўна «чуць такое ад чыноўнікаў, чыя краіна 900 дзён трымала ў блякадзе Ленінград, дзе ад голаду загінулі амаль 700 тысячаў чалавек».
  • Блякаду Ленінграда ў 1941–44 гадах ладзілі войскі нацысцкай Нямеччыны; сучасная Нямеччына была заснаваная ў 1949 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG