Падчас прэс-брыфінгу Нэд Прайс адзначыў, што цяпер украінскія парты ня могуць пакінуць прыкладна 84 судны, на борце якіх знаходзяцца сама меней 450 маракоў, піша Голас Амэрыкі.
«Збожжа знаходзіцца ня толькі на гэтых суднах, каля 22 мільёнаў тон збожжа захоўваецца ў элеватарах, і яго трэба вывезьці, каб вызваліць месца для новага ўраджаю. Акрамя таго, Расея фактычна ўзяла пад прыцэл судны ў моры. Яны ўзялі пад прыцэл элеватары і працягваюць фактычную блякаду ўкраінскіх партоў».
Прайс зазначыў, што ЗША вядуць перамовы з Украінай, а таксама зь іншымі саюзьнікамі і партнэрамі ЗША для вырашэньня пытаньня.
«Мы працягваем весьці вельмі шчыльны дыялёг аб гэтай праблеме і падтрымліваць кантакты з ключавымі партнэрамі — з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі, з Турэччынай, у тым, што тычыцца яе намаганьняў, а таксама з ААН».
Турэччына застаецца адным з бакоў, які робіць актыўныя крокі ў спробах вырашэньня гэтага пытаньня. Як паведамляе Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы, турэцкія і расейскія ўлады дасягнулі папярэдняй дамоўленасьці ў пытаньні аднаўленьня паставак украінскай сельскагаспадарчай прадукцыі з Адэсы. Паведамляецца, што прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган прапанаваў дапамогу ў разьмінаваньні ўзьбярэжжа Адэсы і суправаджэньні суднаў са збожжам.
Пры гэтым, паводле выданьня, Украіна пакуль не ўхваліла гэтага пляну, баючыся, што ад разьмінаваньня ўкраінскі порт можа стаць уразьлівым для нападу расейскага флёту.
6 чэрвеня кіраўнік украінскага МЗС Дзьмітро Кулеба заявіў, што «мы ня можам давяраць Пуціну».
«Пуцін кажа, што ня будзе выкарыстоўваць гандлёвыя шляхі для нападу на Адэсу. Гэта той самы Пуцін, які сказаў канцлеру Нямеччыны Шольцу і прэзыдэнту Францыі Макрону, што ня будзе нападаць на Ўкраіну, за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня».
Расейцы зьнішчылі другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне
Сытуацыя з харчовай бясьпекай ускладняецца і ракетнымі ўдарамі па аб’ектах інфраструктуры. Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль заявіў, што ў выніку расейскага ракетнага ўдару зьнішчаны «другі па велічыні збожжавы тэрмінал ва Ўкраіне», разьмешчаны ў Мікалаеве.
«У сьвятле падобных паведамленьняў дэзынфармацыя, якая распаўсюджваецца Пуціным з мэтай адвесьці ад сябе віну, становіцца яшчэ больш цынічнай», — падкрэсьліў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу.
Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль выступіў са зваротам да Рады Бясьпекі ААН у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне і пагрозай харчовай бясьпецы. Ён заявіў, што Крэмль выкарыстоўвае харчовыя запасы ў якасьці «схаванага снарада».
«Драматычныя наступствы расейскай вайны распаўсюджваюцца на ўвесь зямны шар. А гэта падвышае цэны на прадукты, штурхае людзей у галечу і дэстабілізуе цэлыя рэгіёны. Адказнасьць за гэты харчовы крызіс нясе адна Расея, нягледзячы на крамлёўскую кампанію хлусьні і дэзынфармацыі. Я бачыў гэта на ўласныя вочы. Некалькі тыдняў таму ў Адэсе мільёны тон збожжа і пшаніцы затрымаліся ў кантэйнэрах і на суднах праз расейскія вайсковыя караблі ў Чорным моры і праз напад Расеі на транспартную інфраструктуру. І менавіта расейскія танкі, расейскія бомбы і міны перашкаджаюць Украіне саджаць і зьбіраць ураджай».
Шарль Мішэль адзначыў, што Эўразьвяз ня ўводзіў санкцый у дачыненьні аграрнага сэктару Расеі. Ён прапанаваў расейскаму прадстаўніку выйсьці з залі, калі той «ня хоча слухаць праўду».
26 траўня ў размове з прэм’ер-міністрам Італіі Марыё Драгі кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў аб тым, што Расея гатовая дазволіць экспарт збожжа, калі краіны Захаду здымуць санкцыі супраць Крамля.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш прапанаваў зьмякчыць санкцыі супраць Беларусі і Расеі адносна калійных угнаеньняў. Гэтым хацеў скарыстацца Аляксандар Лукашэнка, які даслаў у ААН ліст, дзе прапанаваў у абмен на транзыт украінскага збожжа праз тэрыторыю Беларусі адкрыць марскія парты Нямеччыны, Польшчы і балтыйскіх краін для перавозкі беларускай прадукцыі.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што заклікі прадстаўнікоў бізнэсу перавозіць украінскае збожжа празь Беларусь зьяўляюцца несумяшчальнымі з санкцыйнай палітыкай Эўразьвязу ў дачыненьні да Менску. 6 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна не гатовая разглядаць экспарт збожжа чыгункай празь Беларусь.