Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ва Ўкраіне ня любіць беларусаў?


Пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў рэзка пагоршылася. Пра гэта сьведчаць дадзеныя агульнаўкраінскага апытаньня, праведзенага ў красавіку Сацыялягічнай групай «Рэйтынг».

У гэтым дасьледаваньні толькі 22% рэспандэнтаў сказалі, што цёпла ставяцца да жыхароў Беларусі, 42% назвалі сваё стаўленьне нэўтральным і 33% ахарактарызавалі сваё стаўленьне да беларусаў як халоднае.

У красавіку 2021 года, за ход да вайны, цёплае стаўленьне да беларусаў выказалі ў апытаньні «Рэйтынгу» 67% рэспандэнтаў — у 3 разы больш.

Прычына гэтай рэзкай зьмены адносінаў відавочная — вайна, выкарыстаньне расейскімі войскамі тэрыторыі Беларусі для нападу на Ўкраіну.

Прыказка абвяшчае — прыліў паднімае ўсе лодкі. «Прыліў» вайны пагоршыў стаўленьне да беларусаў ва ўсіх сэгмэнтах украінскага грамадзтва, сярод людзей з рознымі палітычнымі поглядамі і культурна-гістарычнымі наратывамі.

Але ў якіх групах стаўленьне да беларусаў зараз стала асабліва халодным?

У дыскусіях ва ўкраінскіх СМІ і сацыяльных сетках можна вылучыць дзьве пазыцыі. Адна — зь беларускай тэрыторыі нас бамбуюць, абстрэльваюць, адтуль нападалі на Ўкраіну, на гэта пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка, які кіруе Беларусьсю, значыць, адказныя за напады ўсе грамадзяне краіны.

Прыхільнікі іншага пункту гледжаньня прыгадваюць пра пратэсты 2020 году, пра антываенныя пратэсты і акцыі 2022 года, пра «рэйкавых» партызанаў і пра полк Каліноўскага. На думку прыхільнікаў другога пункту гледжаньня ў нападах на Ўкраіну зь беларускай зямлі вінаваты Лукашэнка, а не беларусы, не беларускі народ.

Іншымі словамі, у публічнай сфэры, у сфэры сацыяльных мэдыя здымаць з беларусаў віну больш схільныя людзі антыаўтарытарных поглядаў.

Але ці так гэта ў маштабах усяго ўкраінскага грамадзтва, ці гэтыя ўстаноўкі і аргумэнты абумоўліваюць масавыя думкі?

Па шчасьлівым супадзеньні ў красавіцкай апытаньні Сацыялягічная група «Рэйтынг» вывучала таксама стаўленьне ўкраінцаў да гістарычных наратываў — да Дня перамогі, да СССР, да УПА, да розных пэрсанажаў украінскай гісторыі.

А якая сувязь стаўленьня да беларусаў і адносінаў да гістарычных наратываў? Я атрымаў ад спэцыялістаў «Рэйтынгу» дадзеныя аб гэтых сувязях. Выказваю за гэта падзяку супрацоўнікам «Рэйтынгу» і яго кіраўніку Аляксею Анціповічу.

Ва ўсіх дыяграмах, якія прыведзеныя ніжэй, для большай нагляднасьці не даюцца дадзеныя па няпэўных адказах – «Няма адказу» і «Цяжка адказаць». Таму сума адсоткаў – меншая за 100%.

Сувязь адказаў на пытаньні «Чым для Вас зьяўляецца, у першую чаргу, Дзень перамогі 9 траўня?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Сувязь адказаў на пытаньні « Як варта адзначаць 9 траўня — больш як Дзень Перамогі ці больш як Дзень памяці ахвяраў Другой сусьветнай вайны?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Як бачым, чым далей стаўленьне рэспандэнтаў да даты 9 траўня ад яго савецкай трактоўкі, ад савецкага наратыву, тым горш, халадней яны ставяцца да беларусаў. Істотнымі аказваюцца нават адценьні: у тых, для каго 9 траўня — Дзень Перамогі, балянс адзнак беларусаў станоўчы, у тых, для каго гэта Дзень памяці ахвяраў вайны — адмоўны.

Сувязь адказаў на пытаньні «Як Вы ставіцеся да ваяроў Украінскай паўстанскай арміі?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Сувязь адказаў на пытаньні «Як Вы ставіцеся да ваяроў Савецкай арміі, якія ваявалі з фашызмам?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Падобная сувязь — і са стаўленьнем да ўдзельнікаў Другой сусьветнай. У рэспандэнтаў са станоўчым і адмоўным стаўленьнем да воінаў Украінскай паўстанскай арміі — амаль люстраное стаўленьне да беларусаў. У тых, хто станоўча ацэньвае УПА — балянс адзнак беларусаў адмоўны, у тых, хто ацэньвае УПА нэгатыўна — станоўчы. Сярод тых, хто адмоўна ацэньвае савецкіх воінаў, якія ваявалі з фашызмам, — рэкордна вялікая доля тых, хто непрыязна ставіцца да беларусаў (42%).

Стаўленьне да герояў украінскага нацыянальнага Пантэону таксама моцна дыферэнцуе ўкраінцаў у іх цяперашніх ацэнках беларусаў.

Сувязь адказаў на пытаньні «Як Вы ставіцеся да Івана Мазэпы?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Сувязь адказаў на пытаньні «Як Вы ставіцеся да Сямона Пятлюры?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Сувязь адказаў на пытаньні «Як Вы ставіцеся да Сьцяпана Бандэры?» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

У савецкім наратыве і Мазэпа, і Пятлюра, і Бандэра былі антыгероямі. Як бачым, тыя ўкраінцы, для якіх яны і цяпер не героі ці антыгероі, адносяцца да беларусаў значна лепш, чым тыя рэспандэнты, якія пазытыўна ацэньваюць гэтых гістарычных пэрсанажаў.

І нарэшце — наўпроставае пытаньне аб крыніцы названага наратыву.

Сувязь адказаў на пытаньні «Ці шкадуеце Вы аб распадзе СССР» і «Як Вы ставіцеся жа жыхароў Беларусі?», у %

Падводзячы вынікі, можна канстатаваць вельмі шчыльную і істотную станоўчую сувязь паміж прыхільнасьцю савецкім наратывам і стаўленьнем да беларусаў: прыхільнасьць гэтым наратывам абумоўлівае прыкметна больш цёплае стаўленьне да паўночных суседзяў, чым прыхільнасьць да новага, несавецкага бачаньня ўкраінскай гісторыі.

Відавочнае тлумачэньне гэтай сувязі – тое, што тыя ўкраінцы, якія гатовыя вітаць расейскіх «вызваліцеляў», як правіла, прыхільнікі савецкага наратыву. Іх адносіны да беларусаў ніяк не пагаршаюць ракетныя ўдары і сухапутныя напады з тэрыторыі Беларусі ва Ўкраіну. Яны ўхваляюць расейскае ўварваньне ва Ўкраіну і беларускі ўдзел у ім.

Аднак група ўкраінцаў з такімі поглядамі невялікая. Скажам, у апытаньнях «Рэйтынгу» аб пазытыўным стаўленьні да Ўладзіміра Пуціна паведаміў толькі 1% апытаных. Так што ўяўляецца, што вялікія сымпатыі да беларусаў прыхільнікаў савецкага наратыву вызначаюцца ня толькі тым, што сярод іх ёсьць прамыя прыхільнікі расейскай агрэсіі.


У кагосьці зь іх хада думкі такая: тое, што зь беларускай тэрыторыі нас бамбілі і на нас нападалі – гэта падступны ўдар у сьпіну, але ж мы зь беларусамі пад Новы год глядзелі «Іронію лёсу», нарэзалі аднолькавыя Аліўе, яны такія, як мы.

Ну і наагул войны і спрыяньне ім – гэта справа начальства, а не людзей, не народу. Таму беларусы не вінаватыя – робяць выснову многія ўкраінскія прыхільнікі савецкага наратыву.

Варта прыгадаць, што падчас Другой сусьветнай вайны ў СССР нянавісьць да немцаў была моцнай, але на саюзьнікаў нацысцкай Нямеччыны яна распаўсюджвалася толькі ў малой ступені. І гэта пры тым, што італьянцы, румыны, вугорцы, гішпанцы ваявалі на фронце з Савецкім Саюзам. Цеплыні да іх не дадавала, але і ўсеагульнай і інтэнсіўнай нянавісьці не было.

Ну дык беларусы зараз непасрэдна з украінцамі ўвогуле не ваююць. І ва ўкраінцаў савецкага наратыву і стаўленьне да іх савецкае – такое ж, як было да саюзьнікаў Германіі ў Другую сусьветную: шкада, што яны ўплішчыліся ў вайну з намі, але віны асаблівай за імі няма.


Стаўленьне да беларусаў пагоршылася і ў гэтай групе. Як адзначалася вышэй, год таму да іх цёпла ставіліся 67% украінцаў. Цяпер у групе прыхільнікаў савецкага наратыву цёплае стаўленьне да паўночных суседзяў захавалі не больш за 40%.

Але названыя вышэй палітыка-псыхалягічныя мэханізмы ў гэтай групе паменшылі глыбіню пагаршэньня стаўленьня да беларусаў у параўнаньні з прыхільнікамі несавецкага наратыву.

Зразумела, ёсьць украінцы, якія захоўваюць цёплае стаўленьне да беларусаў таму, што пазытыўна ацэньваюць беларускія пратэсты 2020 года, таму што ўдзячныя беларусам за антываенныя пратэсты і акцыі, за ўдзел у цяперашняй вайне на баку Украіны. І гэта, як правіла, украінцы праэўрапейскіх і антысавецкіх поглядаў.

Аднак гэтыя аргумэнты, якія апраўдваюць беларусаў, не вельмі актуальныя для прыхільнікаў савецкага наратыву. Але ў іх ёсьць свае.

І прыхільнасьць савецкім наратывам аказваецца больш моцным фактарам, які фармуе пазытыўнае стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў.

Перадрук з парталу Зеркало

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG