Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінус адна АЭС, адна ГРЭС, тры ЦЭС і беларускае паліва. Як Украіна ва ўмовах вайны рыхтуецца да зімы


Краматорская ЦЭЦ
Краматорская ЦЭЦ

Украіну чакае самая складаная зіма за апошнія дзесяцігодзьдзі, незалежна ад таго, калі і як скончыцца вайна.

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну пачалося на завяршэньні ацяпляльнага сэзону, але тое, што расейскае войска найперш цэліць у аб’екты інфраструктуры — ЦЭЦ, нафтабазы, газаправоды і сонечныя электрастанцыі — сьведчыць пра тое, што наступны асеньне-зімовы пэрыяд будзе ці не найскладанейшым пасьля таго, як Украіна адмовілася ад прамых закупаў прыроднага газу і нафты ў Расеі.

Ужо цяпер ёсьць некалькі гарадоў, якія ў выніку баявых дзеяньняў немагчыма будзе аднавіць да зімы. Украінская эканоміка страціла і шэраг ключавых энэргетычных аб’ектаў.

Урад і прэзыдэнт Украіны разумеюць, што наперадзе складаная зіма, і ня ўтойваюць гэтага ад грамадзян. Праз вайну грамадзяне страчваюць працу і, адпаведна, узровень іхных даходаў зьніжаецца. Уладзімір Зяленскі заклікаў урад забясьпечыць новы ацяпляльны сэзон бязь зьмены тарыфаў. Але ці магчыма гэта будзе?

Міны ў лясах не даюць нарыхтоўваць дровы, а торф быў беларускі

Дзьмітро жыве ў Кіеўскай вобласьці. Ён яшчэ год таму дывэрсыфікаваў сваю залежнасьць ад расейскага газу і ўстанавіў дадаткова да газавага кацёл, які працуе на дровах. Але цяпер для яго галоўная задача — аднавіць страху і сьцяну дома, пашкоджаныя ў выніку расейскіх абстрэлаў і акупацыі.

«Цяпер такое жыцьцё, што, на жаль, даводзіцца плянаваць толькі на заўтра. Да тае зімы трэба яшчэ дажыць. Але спадзяюся запасьціся дровамі, хоць пакуль што ў лес не наезьдзісься — іх яшчэ не агледзелі на наяўнасьць мінаў», — сказаў Дзьмітро Свабодзе.

У населеных пунктах, памежных зь Беларусьсю, украінцы пераважна выкарыстоўвалі беларускі торфабрыкет. Цяпер афіцыйных паставак няма, а езьдзіць індывідуальна на закупы ня хочуць — ня могуць прабачыць тое, што ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі ўвайшлі расейскія войскі і тэхніка, а таксама вяліся артылерыйскія і авіяцыйныя абстрэлы.

Пажар выніку расейскага нападу на аўтазапраўцы ў Харкаве, 30 сакавіка 2022
Пажар выніку расейскага нападу на аўтазапраўцы ў Харкаве, 30 сакавіка 2022

Беларусь у 2021 годзе выйшла на першае месца сярод гандлёвых партнэраў Украіны па аб’ёмах пастаўкі торфабрыкету на ўкраінскі рынак. Тады беларускія прадпрыемствы прадалі Ўкраіне 39,5 тысячы тон торфабрыкету на 2,3 мільёна даляраў. Гэта ўдвая больш за канкурэнтаў зь Літвы, Нідэрляндаў і Эстоніі.

Беларускія пастаўкі нафтапрадуктаў спыніліся

Аналягічная сытуацыя і з нафтапрадуктамі і мазутам як адным з прадуктаў перапрацоўкі нафты. Летась Беларусь паставіла нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак 3,9 мільёна тон, на 2,4 мільярда даляраў, і заняла першае месца па выніках гандлёвага 2021 году сярод іншых краін.

Цяпер Украіна атрымлівае паліва толькі праз заходнюю сухапутную мяжу. Днямі міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў паведаміў, што супольна з Польшчай па абодва бакі мяжы павялічаць прапускную здольнасьць пунктаў у два разы.

А Беларусь вымушана будзе скарачаць аб’ем вытворчасьці нафтапрадуктаў праз адсутнасьць дастатковых магчымасьцяў складаваньня і захоўваньня мазуту, якія цяпер няма куды пастаўляць.

Урад пачаў падрыхтоўку да зімы

Украіна лічыцца краінай з дастаткова цёплым кліматам і мяккімі зімамі, аднак, нягледзячы на гэта, ацяпляльны сэзон цягнецца паўгода. Поўнамаштабная вайна пачалася ў канцы лютага, і гэта дапамагло сацыяльнаму сэктару ня так моцна адчуць усе праблемы.

У пачатку чэрвеня ўрад стварыў адмысловы штаб, які будзе сыстэмна займацца падрыхтоўкай да зімы. Цяпер галоўная задача — збалянсаваць сыстэму, якая працягвае функцыянаваць, нягледзячы на страту шэрагу ключавых прадпрыемстваў, ацаніць патрэбы ва ўсіх відах паліва і праінспэктаваць дзейныя аб’екты з пункту гледжаньня хуткага пераключэньня на іншыя аб’екты ў экстрэмальных умовах.

У падрыхтоўцы да зімы мусяць аб’яднацца ўсе — і дзяржаўны, і прыватны сэктары.

Страты энэргетычнай галіны вымяраюцца дзясяткамі мільярдаў грыўняў

Паводле інфармацыі ўраду, расейскія войскі зьнішчылі больш за 200 кацельняў і вельмі істотна пашкодзілі Крамянчуцкую, Чарнігаўскую, Ахтырскую, Луганскую і Севераданецкую цеплаэлектрацэнтралі. Пашкоджана сотні ліній электраперадач і трансфарматарных падстанцый.

«Страты энэргетычнай інфраструктуры і энэргетыкі ўжо дасягнулі дзясяткаў мільярдаў грыўняў. У гэтых умовах урад робіць усё, каб гэтай зімой ва ўсіх украінцаў былі сьвятло і цяпло», — заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Украінскі прэм'ер Дзяніс Шмыгаль і кіраўніца літоўскага ўраду Інгрыда Шыманіце. Горад Барадзянка Кіеўскай вобласьці, 11 красавіка 2022
Украінскі прэм'ер Дзяніс Шмыгаль і кіраўніца літоўскага ўраду Інгрыда Шыманіце. Горад Барадзянка Кіеўскай вобласьці, 11 красавіка 2022

Асаблівасьцю новага сэзону стануць практычна бесьперапынныя рамонты пашкоджанага абсталяваньня і сетак, бо, як паказала практыка лютага-сакавіка, расейцы часта паўторна абстрэльваюць інфраструктуру і пасьля першага аднаўленьня часам ужо няма чаго аднаўляць — аб’екты зьнішчаюцца дашчэнту.

Пад прыцэлам застаюцца Чарнігаўшчына і Сумшчына, дзе на пачатку агрэсіі вельмі шмат разбурэньняў. А гэта азначае, што і паўнавартаснае аднаўленьне інфраструктуры пакуль немагчыма пачаць.

Газ працягваюць купляць на Захадзе і павялічваюць сваю здабычу

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што вайна не спыніла назапашваньне прыроднага газу. Паводле яго, цяпер у сховішчы запампавана звыш 10 мільярдаў кубічных мэтраў гэтага паліва, а патрэбна ня менш як 19 мільярдаў кубамэтраў.

«Урад адпрацоўвае адразу некалькі сцэнароў разьвіцьця падзеяў для максымальнай гатоўнасьці да зімы. Здабычу газу сёлета ацэньваем ад 16 да 19 мільярдаў кубамэтраў. Спажываньне — ад 21 да 24 мільярдаў кубамэтраў. Адпаведна, частку газу будзем імпартаваць», — заявіў кіраўнік украінскага ўраду.

У той жа дзень Кабінэт міністраў ухваліў пастанову аб забароне да канца 2022 году вывазу з Украіны на продаж усіх відаў паліва — прыроднага газу, мазуту, антрацытавага і каменнага вугалю.

Здабыча вугалю скарацілася

Цяпер расейцы кантралююць Запароскую атамную электрастанцыю, Кахоўскую электрастанцыю, тры цеплаэлектрастанцыі і каля 40% усіх аб’ектаў альтэрнатыўнай энэргетыкі.

«На частку нашых станцый падвоз вугалю заблякаваны праз пагрозы абстрэлу, а таксама ёсьць лягістычныя праблемы і пашкоджаньні. Здабыча вугалю на дзяржаўных шахтах скарацілася прыблізна на траціну з прычыны акупацыі часткі аб’ектаў. Але мы маем альтэрнатыўныя варыянты, і таму на пачатак ацяпляльнага сэзону аб’ёмы вугалю на складах разьлічваем давесьці да ня менш як 2 мільёнаў тон. Гэта дазволіць забясьпечыць стабільнасьць паставак і для насельніцтва, і для бізнэсу. Максымальны паказьнік, які мы маем намер назапасіць — каля 3 мільёнаў тон вугалю на пачатак сэзону», — паведаміў прэм’ер-міністар Украіны.

Страты не перашкодзяць прадаваць электраэнэргію на замежны рынак

Дзяніс Шмыгаль кажа, што спажываньне электраэнэргіі скарацілася на 30 адсоткаў.

«Гэта дазваляе і забясьпечыць краіну, і экспартаваць электраэнэргію ў эўрапейскія краіны, дзякуючы чаму нашыя кампаніі атрымаюць дадатковыя даходы і экспартную выручку. Павелічэньне экспартных магчымасьцяў электраэнэргіі ў краіны Эўразьвязу — адзін з ключавых прыярытэтаў у сфэры энэргетыкі і нашай эўрапейскай інтэграцыі. Там патэнцыял — сотні мільёнаў даляраў прыбытку штогод і скарачэньне залежнасьці краін Эўропы ад расейскага газу», — паведаміў украінскі прэм’ер.

Такія пляны агучыў урад Украіны і паабяцаў кантраляваць іх выкананьне кожныя два тыдні.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG