Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч цалкам не прызнаў віны, Гундар заявіў пра біцьцё падчас затрыманьня


Суд па «справе Аўтуховіча», 18 траўня 2022 года
Суд па «справе Аўтуховіча», 18 траўня 2022 года

У горадзенскай турме з 18 траўня праходзіць суд над 12 фігурантамі «справы Аўтуховіча». Сам Мікалай Аўтуховіч падчас сёньняшняга допыту сваёйю віну ў інкрымінаваных яму злачынствах цалкам адмовіў.

8 чэрвеня ў судзе дапытвалі інваліда ІІ групы Ўладзімера Гундара, але той адмовіўся ад дачы паказаньняў. Падчас працэсу Гундар раска*заў пра біцьцё падчас затрыманьня:

«Да мяне ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі КДБ, якія адразу паставіліся да мяне, як да тэрарыста, патрабавалі прызнаньня ў злачынствах. Потым мяне білі людзі ў цывільным. Пасьля кожнага адмоўнага адказу на патрабаваньне прызнаць сябе пасьлядоўнікам і саўдзельнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве. Пастаянна пыталіся: „Навошта табе марнаваць час, рызыкаваць жыцьцём сваёй сям’і празь нейкага Аўтуховіча, які ўжо даўно дае паказаньні?“»

Гундару інкрымінуюць ч. 1 арт. 285 КК (стварэньне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 КК (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Сваёй віны палітвязень не прызнае.

9 чэрвеня праходзіць допыт апошняга абвінавачанага, Міколы Аўтуховіча. Сваю віну ён цалкам адмовіў і заявіў, што ўсе фігуранты ягонай справы таксама невінаватыя.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, ваўкавыскі прадпрымальнік Аўтуховіч у адказ на пытаньне пракурора адзначыў, што ягоныя дзеяньні не былі падмацаваныя помстай сілавікам за тое, што яго раней несправядліва асудзілі.

БелТА не ўдакладняе, пра якія менавіта дзеяньні Аўтуховіча гаворка і на якое пытаньне пракурора ён адказваў. Мікола адмовіўся сказаць на судзе, дзе знаходзяцца ягоныя родныя: маці, сястра, жонка і дачка.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што сваю віну таксама адмовілі Вольга Маёрава і Галіна Дзербыш.

Сяргей і Павал Разановічы, а таксама Віктар Сьнегур віну прызналі часткова. Ірына Гарачкіна і Антон Мельхер прызналі віну цалкам.

За што судзяць Аўтуховіча?

Пра затрыманьне Мікалая Аўтуховіча стала вядома 8 сьнежня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка неўзабаве заявіў, што Аўтуховіч стварыў банду і «рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне». Прапагандысты зьнялі шэраг сюжэтаў, дзе апавядалі пра нібыта пляны Аўтуховіча рабіць тэракты.

Паводле Генэральнай пракуратуры, Аўтуховічу выставілі наступныя абвінавачаньні:

  • стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
  • замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
  • здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне выстаўлена толькі Аўтуховічу;
  • распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  • заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
  • замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
  • незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплектаў боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
  • укрываньне цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).

У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і чальцы так званай «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».

Разам з Аўтуховічам судзяць:

  • Паўла Саву
  • Уладзімера Гундара
  • Галіну Дзербыш
  • Вольгу Маёраву
  • Віктара Сьнегура
  • праваслаўнага сьвятара Сяргея Разановіча разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам
  • Ірыну Мельхер з сынам Антонам
  • Ірыну Гарачкіну

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG