«Нягледзячы ані на ціск, ані на выпрабаваньні, Мікалай трымаецца выключна мужна», — расказаў праваабаронца і сябар зьняволенага Васіль Завадзкі, знаёмы зь цяперашняй сытуацыяй зьняволенага.
«На яго ідзе моцны ціск перад судом, каб расхістаць ягоны псыхалягічны стан»
Паводле сьведчаньняў знаёмых, ад лістападу 2021 году Мікалай знаходзіцца ў горадзенскай турме. Утрымліваюць яго ў адзіночнай камэры. Прычым пры пераводзе зь Менску ў Гародню, які адбыўся раптоўна, яму не дазволілі ўзяць з сабой цёплыя рэчы. У адзіночцы было вельмі холадна. Мікалай мёрз, пакуль блізкія ня здолелі яму перадаць адзеньне. Узьніклі праблемы і зь перадачай лекаў. Бо Мікалай мусіў напісаць заяву, падпісаць яе ў «начальства», потым перадаць на волю блізкім, якія менавіта лекі можна яму перадаваць. Увосень ён некалькі разоў моцна перахварэў на каранавірус.
«Цяпер ліставаньне зь сябрамі і неабыякавымі людзьмі спынена цалкам. Лісты даходзяць толькі да маці, якая цяпер жыве зь сястрой Мікалая. Карэспандэнцыя перастала прыходзіць пасьля таго, як Мікалай азнаёміўся з матэрыяламі справы, гэта быў канец студзеня. У яго нястача інфармацыі — лістоў няма, газэт яму не аддаюць. Пра вайну ва Ўкраіне ён даведаўся толькі празь месяц ад яе пачатку», — расказаў Завадзкі.
Інфармацыйную блякаду Аўтуховіча ён лічыць формай ціску, бо Мікалай заўсёды пісаў у адказах людзям, што лісты для яго вельмі важныя, каштоўныя.
«Трымаецца выключна мужна, у яго магутны дух»
«Гэта ціск, каб перад судом расхістаць яго маральны, псыхалягічны стан, — камэнтуе сытуацыю Мікалая Аўтуховіча Васіль Завадзкі. — Тым ня менш у лістах і да людзей, і да блізкіх чуваць па інтанацыі, што ён трымаецца выключна мужна, супакойвае людзей, запэўнівае, што ўсё будзе добра. Ён не зламаўся, захоўвае бадзёры дух. Хоць гэта надзвычай складана — безь людзей, размоў, лістоў, газэт. У адным лісьце ён пісаў, што прадчувае нешта нядобрае. Але ў наступным ужо зазначыў, што „гэта мой лёс, я мушу гэты шлях прайсьці“. У душы ён захоўвае аптымізм».
Цяпер у блізкіх людзей і сяброў Мікалая задача — знайсьці і аплаціць другога адваката для яго. Бо суд будзе ў Горадні і адвакату зь Менску будзе цяжка прысутнічаць на ўсіх паседжаньнях. Іх, пэўна, будзе шмат. Паслугі адвакатаў нятанныя. Сябры адкрылі збор для Мікалая і просяць людзей дапамагчы з грашамі на адваката.
«Нават праз тыя лісты, якія прыходзілі раней ад Мікалая, адчуваецца магутнасьць ягонага духу. Ён вельмі цёпла і шмат разоў дзякаваў людзям, якія дасылалі яму лісты ці пасылкі, — кажа Васіль Завадзкі. — Ён знаходзіць сілы, каб у такіх абставінах, адтуль, з адзіночкі, падбадзёрваць людзей на волі. Сябрам было трывожна, калі яны даведаліся пра цяжкія артыкулы і нават пагрозу сьмяротнага пакараньня для Мікалая. Але ён супакойвае людзей у лістах, просіць не хвалявацца за яго. Абвінавачаньні яго ў тэрарызьме — проста бздура, нонсэнс. Але ў нашай дзяржаве хутка камэнтары ў інтэрнэце прызнаюць тэрарызмам. Безумоўна, трывожна за яго. Але, нават па вэрсіі абвінавачаньня, ад яго дзеяньняў ніхто не пацярпеў, ніхто не загінуў — які тэрарызм?», — дзівіцца праваабаронца.
За што будуць судзіць Аўтуховіча?
Пра затрыманьне Мікалая стала вядома 8 сьнежня 2020 году. Аляксандар Лукашэнка неўзабаве заявіў, што Аўтуховіч стварыў банду і «рыхтаваў тэракты па ўсёй краіне». Прапагандысты зьнялі шэраг сюжэтаў, дзе апавядалі нібыта пра пляны Аўтуховіча рабіць тэракты.
Суд пачнецца ў Горадні 16 траўня. Пакуль мяркуецца, што ён будзе адкрытым.
Паводле Генэральнай пракуратуры, Аўтуховічу і яшчэ 11 фігурантам справы выставілі такія абвінавачаньні:
- стварэньне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй (чч. 1-3 арт. 285 КК);
- замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 357 КК);
- здрада дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Гэтае абвінавачаньне інкрымінавана толькі Аўтуховічу;
- распальваньне сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
- заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК);
- замах на ўцягваньне ў тэрарыстычную дзейнасьць (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 290-2 КК);
- акт тэрарызму і падрыхтоўка да яго (ч. 3 арт. 289, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 3 арт. 289 КК);
- незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад (ч. 3 і ч. 4 арт. 295, а таксама ч. 1 арт. 13 і ч. 4 арт. 295 КК);
- незаконнае перамяшчэньне празь мяжу агнястрэльнай зброі, камплекты боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад (ч. 3 арт. 333 — 1 КК);
- падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
- укрывальніцтва цяжкага злачынства (ч. 1 арт. 405 КК).
У прыватнасьці, разам з многімі іншымі дзеяньнямі, інкрымінаванымі абвінавачаным, Мікалай Аўтуховіч і сябры «арганізаванай групы», па вэрсіі пракуратуры, «зьдзейсьнілі акты тэрарызму ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады, перашкоды палітычнай дзейнасьці, застрашваньня насельніцтва і дэстабілізацыі грамадзкага парадку».
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.