Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Студэнты і выкладчыкі пазбавяцца магчымасьцяў разьвівацца». Экспэртка тлумачыць прыпыненьне сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе


Студэнцкі страйк, Менск, 26 кастрычніка 2020 г.
Студэнцкі страйк, Менск, 26 кастрычніка 2020 г.

Што мянялася ў сыстэме адукацыі Беларусі, калі яна ўдзельнічала ў Балёнскім працэсе? Чаму сяброўства Беларусі ў гэтым працэсе не прыпынілі пасьля здушэньня пратэстаў 2020 году? Якія наступствы для адукацыі краіны будзе мець цяперашняе рашэньне Балёнскага камітэту прыпыніць удзел Беларусі?

На гэтыя пытаньні адказвае незалежная экспэртка ў сфэры адукацыі, кандыдатка пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч.

Сьцісла:

  • Беларусь паўнавартасна ніколі ў Балёнскі працэс не ўваходзіла.
  • Вынікі маніторынгу былі наступныя — Беларусь не набліжаецца да выкананьня балёнскіх прынцыпаў, але спрабуе гэтае набліжэньне імітаваць.
  • Кожны раз, калі элемэнты Балёнскага працэсу ўводзіліся ў беларускую сыстэму адукацыі, яны фармалізоўваліся.
  • Цяперашняе рашэньне Эўропы прыпыніць сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе — гэта вынік руху насустрач з абодвух бакоў.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што Балёнскі працэс прыводзіць да ўцёку мазгоў.
  • Узгадка Расеі ў пастанове пра Беларусь — гэта проста памылка.
  • Цяпер усё стала ясна і шчыра.

— Як складаліся адносіны Беларусі з Балёнскім працэсам да цяперашняга часу?

Сьвятлана Мацкевіч
Сьвятлана Мацкевіч

— Экспэрты і чальцы Балёнскага камітэту разумеюць, што адукацыя зьяўляецца ключавым момантам у кансцынэнтальнай вайне (ад лацінскага conscientia — «сьвядомасьць»). Асаблівасьць сытуацыі палягае ў тым, што Беларусь паўнавартасна ніколі ў Балёнскі працэс не ўваходзіла. Уваходзіла на пэўных умовах. У 2003–2004 гадах была спроба паўнавартасна ўвайсьці, але не ўвайшлі. Пасьля 2011 году была зробленая яшчэ адна спроба. Але тады ўмяшаўся Балёнскі грамадзкі камітэт. І ён вылучаў дакладнае патрабаваньне — што Беларусь можа ўвайсьці ў Балёнскі працэс толькі пры выкананьні яго асноўных прынцыпаў. Гэта прынцыпы акадэмічнай свабоды і ўнівэрсытэцкай аўтаноміі, гэта пераход да іншай структуры вышэйшай адукацыі.

Экспэрты тады канстатавалі, што беларуская сыстэма аўтарытарная. Але было адзначана, што далучэньне краіны да Балёнскага працэсу неабходнае, каб Беларусь набліжалася да гэтых прынцыпаў. Таму Беларусь увайшла ў працэс на пэўных умовах. Было вырашана, што краіна будзе набліжацца да выкананьня балёнскіх прынцыпаў, а Балёнскі камітэт робіць маніторынг гэтага набліжэньня.

— І якія былі посьпехі ў гэтым набліжэньні?

— Вынікі маніторынгу былі наступныя — Беларусь не набліжаецца да выкананьня балёнскіх прынцыпаў, але спрабуе гэтае набліжэньне імітаваць. Імітуе, у прыватнасьці, празь увядзеньне бакаляўрэату і магістратуры, але вельмі неахвоча. Кожны раз, калі элемэнты Балёнскага працэсу ўводзіліся ў беларускую сыстэму адукацыі, яны фармалізоўваліся.

Там былі такія прыцягальныя рэчы, як акадэмічныя абмены, студэнцкая мабільнасьць. Напачатку Беларусь у гэтым нават актыўна ўдзельнічала. Але потым гэтую актыўнасьць прытармазілі зь Міністэрства адукацыі і Адміністрацыі прэзыдэнта. Хутка стала зразумела, што матывацыя ўдзелу ў Балёнскім працэсе з боку беларускіх уладаў — выключна фінансава-эканамічная. Гэта магчымасьць празь міжнародныя структуры атрымаць дадатковае фінансаваньне. Цяперашняе рашэньне Эўропы прыпыніць сяброўства Беларусі ў Балёнскім працэсе — гэта вынік руху насустрач з абодвух бакоў. І беларускія структуры, якія прымаюць рашэньні адносна адукацыі, абралі тактыку ізаляцыі.

— Памятаю, былі заявы афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі пра тое, што ў нас была цудоўная савецкая сыстэма адукацыі і, маўляў, ня трэба яе псаваць усялякімі чужымі беларусам балёнскімі працэсамі.

— Гэта сапраўды на афіцыйным узроўні ўвесь час агучвалася. Аляксандар Лукашэнка казаў, што Балёнскі працэс прыводзіць да ўцёку мазгоў, і таму мы павінны спыніць далучэньне да яго, каб захаваць свой рынак працы. Былі таксама прэтэнзіі-крыўды: маўляў, не прымаеце нас у паўнавартасным статусе, дык і ня трэба, нам і так добра. Крыху дзіцячая рэакцыя.

Ды яшчэ шмат галаўнога болю ад гэтага сталага маніторынгу, зьнешніх ацэнак якасьці рэальнай сытуацыі. Сыстэме кіраваньня трэба было ўвесь час імітаваць, што ў нас усё добра. Балёнскі працэс рабіў сыстэму адукацыі ў Беларусі больш празрыстай і менш падкантрольнай уладам.

— Яшчэ ўвосень 2020 году, падчас масавых пратэстаў у Беларусі і іх брутальнага здушэньня, прынамсі на ўзроўні экспэртаў абмяркоўвалася магчымасьць выключэньня краіны зь Балёнскага працэсу. Але тады гэтага не адбылося. Цяпер рашэньне ёсьць. Прычым аформленае яно даволі дзіўна.

На сайце Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў паведамленьні пазначана — Беларусь (прыпыненае сяброўства). Наступны сказ — «Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца паўнавартасным чальцом Балёнскага працэсу/ Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі з 2015 году». І далей канстатуецца, што Беларусь была выключаная з Балёнскага працэсу/ Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі рашэньнем, прынятым 11–12 красавіка сёлета.

Беларусь не зьяўляецца часткай Расейскай Фэдэрацыі, прынамсі пакуль. Дык пры чым тут РФ? І чаму паведамляецца пра рашэньне амаль праз два месяцы пасьля яго прыняцьця?

— У 2020 годзе не прыпынілі, а цяпер — прыпынілі. Зьмянілася агульная сытуацыя пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай. Калі былі пратэсты ў Беларусі, Балёнскі камітэт меркаваў, што зь Беларусьсю яшчэ магчыма захоўваць сувязі і неяк на яе ўплываць. Лічылася, што трэба працягваць узаемадзейнічаць з грамадзянскай супольнасьцю, з акадэмічнай супольнасьцю. А што да амаль двухмесячнай затрымкі з абнародаваньнем сёлетняга рашэньня — эўрапейская сыстэма працуе павольна. Згадка Расеі ў пастанове пра Беларусь — гэта проста памылка.

— Вы казалі, што раней, калі Беларусь усё ж неяк удзельнічала ў Балёнскім працэсе, улады выкананьне балёнскіх прынцыпаў адно імітавалі. Якія наступствы будзе мець прыпыненьне ўдзелу?

Як пісаў Лярошфуко, «Крывадушнасьць — гэта даніна павагі, якую распуста плаціць цнатлівасьці». Цяпер ня будуць плаціць гэтую даніну, ня будуць імітаваць? Што гэта будзе азначаць для студэнтаў, для выкладчыкаў, для ўнівэрсытэтаў?

— Перавага ў тым, што цяпер усё стала ясна і шчыра. Цяпер студэнты і выкладчыкі будуць цалкам пазбаўленыя магчымасьцяў (і раней вельмі абмежаваных) разьвівацца. Ідзе кансэрвацыя сыстэмы. У такім стане яна можа доўга інэрцыйна існаваць. Будзе ўзмацняцца адміністрацыйны кантроль, стане больш жорсткай фільтрацыя кадраў.

— Як вы мяркуеце, ці будзе скасаваная сыстэма бакаляўрэату і магістратуры? Жылі ж бязь іх у савецкія часы і як квітнелі, на зайздрасьць усяму сьвету.

— Бакаляўрэат і магістратура — гэта фармальная частка Балёнскага працэсу. Яна ня мае сэнсу, калі не мяняецца якасьць адукацыі. А Беларусь зьместу не мяняла. Так што гэта можна ўводзіць, можна касаваць — ад гэтага нічога не мяняецца. Я ведаю, што некаторыя экспэрты, скажам, Андрэй Лаўрухін, лічаць, што гэта быў вялікі прагрэс для нашай сыстэмы адукацыі. Я з гэтым нязгодная. Могуць і скасаваць, даць такі «наш адказ Чэмбэрлену».

Раней ці пазьней нам давядзецца рэфармаваць сыстэму адукацыі. На чым яна будзе базавацца? Любая рэформа мусіць абапірацца на чалавечы рэсурс, на выкладчыцкую супольнасьць. І калі зараз прыпыненьне сяброўства ў Балёнскім працэсе зачысьціць гэтую прастору, то замест акадэмічнай супольнасьці будуць выпускнікі вайсковых вучэльняў. І нам потым з рэформай адукацыі будзе вельмі складана.

  • Балёнскі працэс — працэс збліжэньня і гарманізацыі сыстэм вышэйшай адукацыі краін Эўропы з мэтай стварэньня адзінай эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
  • Каб уступіць у Балёнскі працэс, краіна прымае на сябе абавязаньні: бясплатна выдаваць выпускнікам ВНУ эўрапейскія дадаткі да дыплёмаў бакаляўра і магістра (адзінага ўзору), рэфармаваць нацыянальную сыстэму адукацыі ў адпаведнасьці з асноўнымі палажэньнямі Балёнскай дэклярацыі.
  • У 2015 годзе Беларусь стала адзінай краінай, якую прынялі ў Балёнскі працэс на пэўных умовах, замацаваных у «дарожнай мапе»: ажыцьцяўленьне дзяржаўнымі інстытутамі і органамі ўлады Беларусі рэформаў вышэйшай адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG