Сьпіс санкцый, а таксама асобаў, якія пад іх падпалі, апублікаваны на афіцыйным сайце Эўрапейскай рады.
Сярод іншых у яго трапілі Дзяніс Мікушаў і Мікалай Доля. Мікушаў быў дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама ў Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча і іншых фігурантаў гэтай справы. Доля ўдзельнічаў у працэсе ў якасьці судзьдзі.
Паводле тлумачэньняў з афіцыйнага дакумэнта Эўрапейскай рады, абодва зьяўляюцца «адказнымі за значнае парушэньне правоў чалавека і правасудзьдзя, а таксама за рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі».
Акрамя іх, у санкцыйны сьпіс увайшлі кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, Багалюб Карыч, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак і іншыя асобы.
14 сьнежня 2021 году журналісту Радыё Свабода Ігару Лосіку на закрытым судовым працэсе прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі. 1 чэрвеня 2022 году Вярхоўны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў. За кратамі Ігар ужо 708 дзён.