Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ігар разьюшаны». Дар’я Лосік сустрэлася з мужам, які 707 дзён за кратамі


Ігар Лосік
Ігар Лосік

Палітвязень ня бачыў жонкі месяц. Па словах Дар’і, сустрэча атрымалася зусім не рамантычная.

Разгляд скаргі на прысуд па «справе Ціханоўскага», па якой праходзіць і журналіст Свабоды Ігар Лосік, адбыўся ў Вярхоўным судзе ў Менску 31 траўня і 1 чэрвеня. Судзьдзі пакінулі прысуд у сіле, Ігар асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Празь дзень пасьля абвяшчэньня рашэньня Вярхоўнага суду Дар’я Лосік сустрэлася з мужам у гомельскім СІЗА-3.

«Настрой у Ігара ня вельмі добры, — кажа Дар’я. — Ён ня вельмі каб чакаў, што судзьдзі адумаюцца і пачнуць нарэшце сумленна выконваць сваю працу. Ні ў якім разе. Але Ігар задае такое пытаньне — „Што вы робіце?“ Краіна ў вельмі дрэнным стане, і ня толькі эканамічным. Гэта краіна-ізгой на дадзены момант. Няўжо ўсе гатовыя ісьці да канца, каб пакінуць пасьля сябе выпаленую зямлю?».

Пакуль невядома, калі і куды дакладна этапуюць Ігара Лосіка. Аднак ён ужо цяпер мае апасеньні, што на новым месцы яму будзе вельмі складана, расказвае Дар’я.

«У калёніях практыкуецца зьмяшчаць палітвязьняў у ШЫЗА, — кажа яна. — Ігар кажа, што кожная яго пасадка ў ШЫЗА будзе суправаджацца дзеяньнямі зь яго боку. А я ад сябе скажу так — кожнае дзеяньне з боку Ігара будуць суправаджаць і мае дзеяньні. І з кожным разам усё больш жорсткія. Пакуль усё гэта ня спыніцца. Усе людзі, якія гэтым займаюцца, настолькі слабыя, што могуць зьдзекавацца толькі з тых, хто ўжо за кратамі. Яны ўсе невінаватыя, але маюць тэрміны большыя, чым рэцыдывісты, гвалтаўнікі і забойцы».

Дар’я кажа, што Ігар Лосік абяцае на любы прэсінг за кратамі адказваць адпаведнымі крокамі, ён настроены рашуча. Сустрэча з мужам працягвалася стандартныя дзьве гадзіны. Перад этапаваньнем Ігар падлячыў зубы. Перапіска ў яго па-ранейшаму абмежаваная. Лісты даходзяць толькі ад самых блізкіх родных.

«Ігар разьюшаны, — кажа Дар’я. — І я, у прынцыпе, таксама. Думаю, гэта было заўважна па маім учорашнім звароце. Ігар не разумее, чаму ніхто з боку ўлады ня бачыць наперад. Падрыхтаваў рэчы для пераезду. Пакуль у сваёй ранейшай камэры. Ігар больш гаварыў пра тое, што ўсім тым, хто прымае такія рашэньні, як разгляд апэляцыі 1 чэрвеня, трэба думаць сваёй галавой. Гэта не было рамантычнае спатканьне, хоць мы ня бачыліся ўжо месяц. Я магу зразумець Ігара, я адчуваю тое ж самае. Ігар пастаянна гаварыў мне пра тое, што нейкі факт ціску на яго прывядзе да рэакцыі зь яго боку».

Дар’я спадзяецца атрымаць яшчэ хаця б адно спатканьне, пакуль Ігар у Гомлі. Яна кажа, што ўпэўненасьці ў такой магчымасьці няма.

31 траўня Вярхоўны суд Беларусі разгедзеў апэляцыі 6 удзельнікаў так званай «справы Ціханоўскага» і пакінуў прысуды бязь зьменаў. Пазаштатны кансультант Беларускай службы Радыё Свабода Ігар Лосік быў асуджаны ў сьнежні 2021 году судом у Гомлі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Прэзыдэнт мэдыякарпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» Джэймі Флай назваў рашэньне Вярхоўнага суду «глыбока расчаравальным» Беларусі і заявіў, што кампанія «не супакоіцца, пакуль Ігар ня будзе зноў на волі і не ўзьяднаецца са сваёй сям’ёй, жонкай Дарʼяй і дачкой Паўлінай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG