Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мікола мяркуе, што вайна зацягнецца». Жонка Статкевіча пабачыла мужа ўпершыню за два месяцы


Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч. 2019 год
Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч. 2019 год

Палітвязень дзякуе ўсім, хто працягвае падтрымліваць несправядліва зьняволеных.

1 чэрвеня Вярхоўны суд адмовіў Міколу Статкевічу і іншым фігурантам «справы Ціханоўскага» ў пераглядзе прысуду. Матэрыялы яго справы накіраваныя ў СІЗА-3 Гомля, дзе пакуль знаходзіцца Статкевіч. Паводле правілаў, на працягу 10 дзён палітыка павінны перавесьці ў месца адбываньня пакараньня. У выпадку Міколы гэта Глыбоцкая калёнія, дзе зьняволеным забясьпечваюць асаблівы рэжым утрыманьня.

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч адразу пасьля разгляду апэляцыі зьезьдзіла ў Гомель і змагла пабачыць мужа ўпершыню за два месяцы.

«Гэта было спатканьне, якое ты можаш атрымаць, а можаш і не атрымаць, — расказала Марына Адамовіч. — Яны даюць дазвол пасьля разгляду апэляцыі, але ён дзейны толькі да таго моманту, пакуль не прыйшлі дакумэнты з суду ў СІЗА. Нам пашанцавала, я пасьпела пабачыць Міколу. Дзьве гадзіны, у тым жа самым пакоі і на тым жа самым месцы, якое ў Мікалая ўжо пэрсанальнае. У мяне цудоўны настрой, бо Мікола добра выглядае, нягледзячы на два гады зьняволеньня, нягледзячы на ўмовы, нягледзячы на тройчы перанесены каранавірус. Ён зараз аднавіўся. Адчуваньне, што я зь ім не разьвітвалася ні на хвіліну».

Папярэдняе спатканьне Міколы Статкевіча з жонкай адбылося яшчэ да перадачы яго справы на апэляцыйны разгляд, на пачатку красавіка. Марына Адамовіч кажа, што пры вынікі апэляцыі яны з мужам нават ня ўзгадвалі. Для іх гэта было адзіным шанцам атрымаць права на спатканьне, таму гэтая падзея ўспрымалася толькі праз такую магчымасьць.

«Гэта быў для нас такі чаканы сюрпрыз, — кажа Марына. — Мікола вельмі прасіў падзякаваць усім беларусам, якія працягваюць падтрымліваць палітвязьняў. Ня толькі яго, але кожнага. Мікола кажа, што нельга дзяліць палітвязьняў на катэгорыі ў залежнасьці ад таго, што стала прычынай зьняволеньня. Падтрымка палітвязьняў у такі жорсткі час патрабуе мужнасьці, яго ўдзячнасьць беларусам бязьмежная. Мікола кажа, што ўсе без выключэньня людзі, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую пазыцыю, павінны мець падтрымку».

Ад пачатку вайны ва Ўкраіне Мікола Статкевіч амаль не атрымлівае паведамленьняў з волі. Выключэньне — грашовыя пераводы і бандэролі, якія яму дасылаюць людзі. Перапіска амаль цалкам спынілася.

«Шмат і пра Ўкраіну гаварылі, пра падзеі ў сьвеце, — расказвае Марына Адамовіч. — Я вельмі ўражаная тым, што Мікола пералічыў мне ўсе выпадкі тэрытарыяльных спрэчак за апошнія 70 гадоў, усе выпадкі агрэсіі, якія адбыліся за гэты час. Мікола мяркуе, што вайна зацягнецца. Але бліжэй да восені фронт стабілізуецца. Кажа, што на гэтым этапе Пуцін можа задаволіцца вяртаньнем „ЛНР“ і „ДНР“ у межы абласьцей, але ўкраінцы ўжо на гэта не пагодзяцца. Таксама Мікола асьцерагаецца, што канфлікт можа перарасьці ў паўнавартасную сусьветную вайну».

Па словах Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч практычна ўвесь час зараз знаходзіцца ў адзіночнай камэры і зьбіраецца адбываць зьняволеньне гэткім чынам і надалей. Палітык ня хоча даваць магчымасьць адміністрацыі выбіраць яму сукамэрнікаў і такім чынам неяк уплываць на яго.

Міколу Статкевіча 14 сьнежня 2021 году прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах асаблівага рэжыму. За кратамі ён з 31 траўня 2020 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG