Рэджэп Таіп Эрдаган паведаміў, што Турэччына гатовая арганізаваць у Стамбуле сустрэчу паміж Расеяй, Украінай і ААН, а таксама ўзяць удзел у магчымай назіральнай місіі ва Ўкраіне, калі Масква і Кіеў дасягнуць адпаведнага пагадненьня.
Крэмль паведамляе, што прэзыдэнты таксама абмеркавалі вываз збожжа з украінскіх партоў. У прыватнасьці, бясьпеку руху караблёў у Чорным і Азоўскім морах і ліквідацыю міннай пагрозы ў іх акваторыях. Масква зноў заявіла, што гатовая экспартаваць угнаеньні і сельскагаспадарчую прадукцыю, калі Захад здыме санкцыі, уведзеныя з прычыны вайны ва Ўкраіне. Пры гэтай умове РФ гатовая таксама спрыяць транзыту ўкраінскіх грузаў у каардынацыі з Турэччынай.
Акрамя таго, лідэры краінаў абмеркавалі бясьпеку на поўначы Сырыі, адкуль, паводле слоў Эрдагана, працягваюцца атакі на Турэччыну.
- Тэлефонныя перамовы з Пуціным Эрдаган анансаваў напярэдадні, 29 траўня. Па словах турэцкага лідэра, у гутарцы прапаноўвалі ўзяць удзел таксама прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. Яго прэсавы сакратар Сяргей Нікіфараў заявіў, што ўкраінскі бок гатовы разгледзець такі фармат перамоваў, калі на яго пагодзіцца Пуцін. Аднак прэсавы сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў толькі двухбаковыя перамовы Пуціна і Эрдагана.
- У сакавіку 2022 году ў Турэччыне прайшла сустрэча прадстаўнікоў РФ і Ўкраіны. У сярэдзіне траўня бакі заявілі аб прыпыненьні перамоўнага працэсу. Зяленскі лічыць сустрэчы на ўзроўні дэлегацыяў неэфэктыўнымі і выступае за беспасярэднія перамовы з прэзыдэнтам Расеі.