Днямі сілавікі наведаліся да бацькоў опэрнай сьпявачкі Маргарыты Ляўчук. Тыя абышліся велічэзнымі штрафамі за нібыта «непадпарадкаваньне» сілавікам — марудна адчынялі дзьверы свайго ўласнага дому ў вёсцы Страдзеч. Алену і Аляксандра Леўчукоў аштрафавалі на 70 базавых велічынь (2240 рублёў) кожнага. Прыходзілі сілавікі зь ператрусам і ў дом партнэра Маргарыты па дуэце «Красная зелень» Андрэя Павука.
Бацька атрымаў 14 гадоў, сын за кратамі 23 месяцы
За паўтара месяца да апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, 18 чэрвеня 2020 году, быў затрыманы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка. Літаральна праз пару гадзін затрымалі і ягонага сына Эдуарда. Такім чынам, Эдуард за кратамі ўжо амаль 2 гады.
Эдуард Бабарыка займаўся бізнэсам, быў заснавальнікам краўдфандынгавай пляцоўкі «Улей» і сузаснавальнікам пляцоўкі «MolaMola». Кіраваў ініцыятыўнай групай свайго бацькі як прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта.
Эдуарда адразу абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК Беларусі). Спачатку крымінальную справу Эдуарда вёў КДБ, у «амэрыканцы» Эдуард знаходзіўся каля 17 месяцаў, а ў лістападзе 2021 году быў пераведзены ў СІЗА — на «Валадарку».
Паводле заканадаўства, максымальны тэрмін знаходжаньня пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва — 18 месяцаў. Эдуарду рэгулярна, амаль кожныя два месяцы, гэты тэрмін падаўжалі.
Калі 18 месяцаў канчаліся, Сьледчы камітэт завёў на Эдуарда новую справу паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці) і ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў).
Такім чынам, Эдуард можа заставацца ў СІЗА яшчэ 18 месяцаў, пакуль будзе доўжыцца расьсьледаваньне, якое вядзе ўжо Сьледчы камітэт, патлумачыў «Народнай Волі» адвакат Уладзімер Пыльчанка.
Дачка і стрыечны брат Паўла Латушкі
Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў завёў крымінальную справу ў дачыненьні да Яны Латушкі, дачкі кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, былога амбасадара і былога міністра культуры Паўла Латушкі. У Менску арыштавалі кватэру Яны.
Паводле словаў Яны, гэта кватэра ў панэльным доме, агульнай плошчай 63 квадратныя мэтры, пабудаваная ў 1985 годзе. Даволі сьціплая трохпакаёўка належала бацькам Паўла Латушкі, потым яму самому з жонкай. Калі дачцэ Яне споўнілася 18 гадоў, бацькі падарылі яе Яне.
Па якім артыкуле завялі крымінальную справу на Яну Латушку, невядома — дзяўчына шмат гадоў жыве па-за межамі Беларусі.
31 студзеня 2022 году затрымалі стрыечнага брата Паўла Латушкі Анатоля Латушку. Пры затрыманьні яго моцна зьбілі, патрабуючы пароль ад тэлефона.
Анатолю ставяць у віну арт. 370 Крымінальнага кодэксу — зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў, а таксама ч. 2 арт. 339 — хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў. Цягам 4 месяцаў Анатоль Латушка ўтрымліваецца на «Валадарцы». Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Брат экс-падпалкоўніка ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава
Сваякам сілавікоў, якія звольніліся на знак пратэсту ці сышлі ў адстаўку, улады жорстка помсьцяць.
Экс-апэратыўніка ГУБАЗіК Станіслава Лупаносава абвінавацілі ў перадачы дэмакратычным сілам вялізнага аб’ёму інфармацыі пра спэцслужбы. Супраць яго завялі крымінальную справу па арт. 352 КК (несанкцыянаванае капіяваньне інфармацыі, якое нанесла істотную шкоду). Лупаносаў у сьнежні 2020 году зьехаў ва Ўкраіну. У Беларусі ён абвешчаны ў вышук. 14 траўня 2022 году Станіслава Лупаносава ўнесьлі ў сьпіс асобаў, датычных да «тэрарызму».
Брат Станіслава Міхаіл Лупаносаў быў дырэктарам будаўнічай фірмы. Затрымалі яго 17 жніўня 2021 году супрацоўнікі МУС паводле ч.1 арт. 427 КК (прычыненьне маёмаснай страты без прыкметаў крадзяжу), арт. 380 КК (падробка, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў, штампаў, пячатак, блянкаў). Інкрымінаваныя яму падзеі адбываліся яшчэ ў 2016 годзе. Цяпер Міхаіл Лупаносаў знаходзіцца ў сьледчай турме № 8 Жодзіна.
Сын заступіўся за маці — пасадзілі на 3 гады
Цярпяць за сваякоў і звычайныя грамадзяне.
Цэнтральны суд Гомля вынес прысуд 35-гадоваму Сяргею Дзецуку — 3 гады пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (артыкул 364 КК). Сяргей Дзяцук — сын экс-выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту Валерыі Дзяцук. Яна кандыдат хімічных навук, выкладае экалёгію.
Паводле інфармацыі МУС, 28 лютага каля вёскі Асаўцы некалькі жанчын, сярод якіх была і Валерыя Дзяцук, правялі пікет зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатам «Змагаркі ўсяго сьвету! Віншуем Вас са сьвятам 8 сакавіка».
Ранкам 7 сакавіка ў кватэру Дзецукоў уварваліся пяць чалавек з крыкамі: «Усім ляжаць, працуе АМАП!». Сям’ю зьбілі з ног, паклалі тварам у падлогу. 66-гадовую спадарыню Валерыю ўдарылі ў твар, яна адразу страціла прытомнасьць. На абарону маці стаў 35-гадовы сын Сяргей, які ў той час быў дома.
Амапаўцы аднесьлі Сяргея ў іншы пакой, дзе зь ім размаўляў невядомы, які прадставіўся начальнікам аддзелу.
«Ён сказаў, што асабіста за нас узяўся і мы ўсе будзем сядзець. За што — не зразумела…» — расказваў тады Свабодзе Сяргей. Маці адседзела 11 сутак.
А сына асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі. Сяргей Дзяцук адбывае пакараньне ў калёніі № 14 у Навасадах Барысаўскага раёну.
«Бацькі адказныя за сваіх дзяцей»
26 лістапада 2021 году сілавікі выламалі дзьверы ў полацкай кватэры 57-гадовай Гаянэ Ахціян і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі і даставілі ў Полацкі ГАУС, дзе склалі пратакол за «непадпарадкаваньне». Затым Гаянэ асудзілі спачатку на 10 сутак арышту.
Сын Гаянэ Ахціян анархіст Раман Халілаў зьехаў за мяжу. Яго абвінавачваюць па 16 артыкулах Крымінальнага кодэксу: стварэньне альбо кіраваньне злачыннай арганізацыяй, стварэньне ці кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем, распальваньне расавай і рэлігійнай варожасьці, заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, арганізацыя масавых беспарадкаў ды іншыя.
Пасьля затрыманьня маці анархіста ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах зьявілася відэа ператрусу, дзе Гаянэ Ахціян стаіць перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа на каленях і прызнае сваю віну. У відэароліку было напісана: «Бацькі адказныя за сваіх дзяцей».
Пасьля 10 сутак на свабоду Гаянэ ня выпусьцілі — завялі крымінальную справу паводле «народнага» 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак). 4,5 месяца яна правяла на «Валадарцы». 12 красавіка суд Фрунзэнскага раёну Менску прысудзіў жанчыне 3 гады «хіміі».
Паводле Рамана Халілава, выпадак зь ягонай маці не ўнікальны: у маці Яўгена Жураўскага, аднаго зь фігурантаў крымінальнай справы, у якой Раман падазраваны, таксама быў ператрус. Шмат на каго са сваякоў анархістаў аказваюць псыхалягічны ціск.
Высокапастаўлены чыноўнік зь Віцебску мусіў падаць у адстаўку з прычыны затрыманьня сыноў
Былы старшыня Віцебскага гарвыканкаму Вадзім Заранкін вымушаны быў падаць у адстаўку з прычыны затрыманьня сыноў.
У Вадзіма Заранкіна два сыны: Вадзімір і Філіп. І абодвух затрымалі пасьля выбараў.
Старэйшы сын Вадзімір працаваў у амбасадзе ЗША ў Беларусі. 12 кастрычніка 2020 году Вадзіміра жорстка затрымалі каля менскага супэрмаркета «Рыга». Двое сутак ён правёў у ІЧУ ў Жодзіне. Яго судзілі паводле артыкула 23.34 КаАП, далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак пасьля суду Вадзіміра выпусьцілі. Узгадалі пра недаседжаны тэрмін у ліпені 2021 году.
У верасьні 2020 году затрымалі і малодшага сына высокапастаўленага чыноўніка Вадзіма Заранкіна — Філіпа. Яго пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у маршы супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Хлопец сьцьвярджаў, што ў акцыі ня ўдзельнічаў, а ішоў дадому з працы.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, у студзені 2021 году Вадзім Заранкін сам падаў у адстаўку — «у сувязі зь пераходам на іншую працу». Цяпер былы віцебскі мэр Заранкін-старэйшы працуе дырэктарам хімчысткі ААТ «Лотас».