Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спужаліся перамогі Ўкраіны» — эўрадэпутатка пра тое, чаму некаторыя палітыкі заклікаюць «захаваць твар» Пуціну


Раса Юкнявічэне
Раса Юкнявічэне

Некаторыя эўрапейскія палітыкі баяцца перамогі Ўкраіны ў вайне з Расеяй, якая можа прывесьці да зьменаў у самой Эўропе і Эўразьвязе, і такім чынам заклікаюць «захаваць твар» прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну.

Такое меркаваньне ў эфіры Радыё Свабода выказала дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Літвы Раса Юкнявічэне.

«Я бачу такія тэндэнцыі, што пасьля некалькіх месяцаў вайны палітыкі пачалі казаць такія рэчы (пра неабходнасьць «захаваць твар» прэзыдэнту Расеі. — РС) Магчыма, некаторыя палітыкі спужаліся перамогі Ўкраіны, бо тады Эўропа і ЭЗ могуць стаць іншымі. Таму што такія краіны, як Польшча, краіны Балтыі, Чэхія, Славаччына разам з Украінай у будучыні могуць моцна зьмяніць сытуацыю ў Эўропе, і палітыка Эўропы можа быць зусім іншай, асабліва ў дачыненьні да Расеі. Палітыка Макрона, палітыка Мэркель, палітыка ўсіх — зьлева направа — правалілася (у адносінах да Расеі. — РС) Гэтыя тры месяцы мы думалі, што людзі самі ўсьвядомяць гэтыя памылкі і не паўтораць іх, але і Бэрлюсконі занепакоены тым, каб «захаваць твар Пуціна», — сказала яна.

У інтэрвію італьянскаму Rai 1 прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон «падштурхнуў» яго да згоды пайсьці на саступкі Ўладзіміру Пуціну, каб той мог «захаваць твар». «Мы не гатовыя нешта для кагосьці захоўваць і за гэта губляць свае тэрыторыі. Я лічу, што гэта несправядліва», — сказаў Зяленскі.

Былы прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, асуджаючы ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, заявіў, што «мір павінен быць дасягнуты як мага хутчэй» і што Эўропа павінна паспрабаваць «пераканаць украінцаў прыняць патрабаваньні Пуціна».

Акрамя таго, былы дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр у Давосе заявіў, што мірнае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй павінна забясьпечыць вяртаньне сытуацыі да поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, гэта значыць да 24 лютага. Многія камэнтатары патлумачылі гэтыя словы як заклік да тэрытарыяльных саступак Украіны ў абмен на мір з Расеяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG