Як піша Эўрарадыё, Віталя Брагінца затрымалі раніцай 23 траўня. Затрыманьне пацьвердзілі калегі адваката. З чым яно зьвязанае, пакуль невядома.
Віталь Брагінец — юрыст з 25-гадовым стажам. З 1996-га па 2010 год узначальваў уласную кампанію «Брагінец і партнэры». Апошнім часам ён працаваў у юрыдычнай кансультацыі Дзяржынскага раёну.
Затрыманьне Аляксандра Данілевіча
21 траўня перастаў выходзіць на сувязь іншы адвакат — Аляксандар Данілевіч. Ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у чым яго падазраюць — невядома, а адвакат юрыста знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Старэйшы сын Аляксандра расказаў «Нашай ніве», што яны з бацькам сустрэліся напярэдадні яго зьнікненьня.
«Я аддаў бацьку ровар, і мы разышліся па дамах, а пазьней увечары ён перастаў быць онлайн ва ўсіх сацсетках і не адказваў на званкі».
Данілевіч напярэдадні падпісаў адкрыты антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеяньняў ва Ўкраіне, за гэта на яго завялі дысцыплінарную справу і звольнілі з факультэту міжнародных зносін, дзе ён працаваў больш за 20 гадоў.
Адвакат абараняў чальцоў Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, напрыклад гандбольнага трэнэра Канстанціна Якаўлева; ён сам актыўна займаецца спортам — веславаньнем, роварам, рэгбі. Валодае, акрамя беларускай і расейскай, яшчэ ангельскай, францускай і італьянскай. Сацыяльныя сеткі вядзе па-беларуску. Данілевіч выступаў за свабоду беларускім журналістам, якія сталі палітзьняволенымі.
Ён аўтар разьдзелаў «Міжнароднае прыватнае права. Беларусь» і «Спартовае права. Беларусь» у Сусьветнай энцыкляпэдыі. Валодаў адвакацкім агенцтвам «Данілевіч і Валожынец».