Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта маўчаць пра палітвязьняў? Меркаваньні жонкі палітвязьня, адваката і былога сьледчага


Апошнім часам нярэдкія сытуацыі, калі сваякі палітвязьняў просяць СМІ не паведамляць пра іх сваяка-вязьня. Маўляў, адвакат ці сьледчы сказалі, што яму будзе горш. Ці сапраўды будзе горш?

На гэтае пытаньне даюць свае адказы жонка палітвязьня, адвакат і былы супрацоўнік ГУБАЗіКа.

Дар’я Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка

Дар'я Лосік
Дар'я Лосік

— Як чалавек, які гаворыць адкрыта, я не разумею: што можа быць горшага (акрамя сьмерці і цяжкай хваробы), калі твой чалавек у турме? Сесьці і маўчаць? Гэта ня выйсьце. Чым больш мы пра іх гаворым, тым у большай яны бясьпецы. Ёсьць практыка зьдзекаў з палітвязьняў, іх прэсуюць, саджаюць у ШЫЗА, ПКТ, карцары. Кожны такі выпадак павінен быць асьветлены публічна. Тады стане ясна, што за гэтым палітвязьнем стаяць людзі, што за ім сочаць, што зь яго нельга зьдзекавацца і рабіць што заўгодна.

Мая пазыцыя — гаварыць пра любую праблему, ці то блякаваньне лістоў, карцар ні за што... Пасадзілі адзін раз, усе прамаўчалі — значыць, так і трэба, пасадзім другі, трэці, пяты і дзясяты раз. Гэта ненармальна, так быць не павінна.

Сяргей Зікрацкі, адвакат з 20-гадовым стажам, абаронца журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай, прадстаўляў інтарэсы TUT.BY і Прэс-клюбу, прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях

Сяргей Зікрацкі
Сяргей Зікрацкі

Сапраўды, ёсьць такая думка, што калі не паведамляць пра затрыманьне, не афішаваць інфармацыю пра справу, то сваяку можа быць лепей. Насамрэч ніхто ня можа ані пацьвердзіць, ані абвергнуць гэтае меркаваньне. Проста таму, што яго нельга праверыць эмпірычным шляхам.

Раней я таксама чуў выказваньні, што ня трэба браць адваката па адміністрацыйных справах — быццам бы таксама судзьдзі будуць выносіць больш цяжкія пастановы. На практыцы мы бачылі, што прысуды ў дачыненьні да затрыманых з адвакатам і без былі часьцей за ўсё аднолькавыя, і ў некаторых выпадках (на жаль, вельмі рэдка) адвакаты дамагаліся адмены справы ці накіраваньня яе ў міліцыю для выпраўленьня памылак.

Адзінае, што я магу дакладна сказаць, — што ў распаўсюдзе інфармацыі пра непажаданасьць афішаваць затрыманьне і абставіны крымінальнай справы, таксама як і пра непажаданасьць зьвяртацца да адвакатаў па адміністрацыйных справах, вельмі зацікаўленыя міліцыя, сьледчыя органы і суды.

Таму што ўдзел адвакатаў і распаўсюд інфармацыі пра справу кожны раз стварае нэгатыў як да канкрэтных асобаў зь міліцыі, сьледчых органаў, пракуратуры і суду, гэтак і да ўсёй сыстэмы. Таму я асабіста заўсёды раю зьвяртацца да адвакатаў і па магчымасьці не хаваць інфармацыю аб затрыманьні і дэталі крымінальнай справы.

Аляксандар Азараў, прадстаўнік ініцыятывы BYPOL, былы сьледчы ГУБАЗіК, былы выкладчык акадэміі МУС

Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

— Матывы сьледчага ці апэратыўнага супрацоўніка зразумелыя — ён ня хоча, каб пра яго дзейнасьць даведваліся СМІ і грамадзтва. Ён вядзе справу апэратыўнага ўліку, затрымлівае людзей, праводзіць ператрусы. І ён ня хоча, каб пра гэта грамадзкасьць ведала. Тады кожная яго памылка і злачынства будуць вядомыя. Яны баяцца і таму пагражаюць — нікому нічога не расказвайце пра затрыманьне і крымінальную справу.

Часам ва ўдзельнікаў працэсу яны бяруць падпіску аб неразгалошваньні, калі чалавек удзельнічаў у нейкіх сьледчых дзеяньнях. Калі чалавек даў такую падпіску і ён папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці, тады яму ня варта парушаць закон.

Усе іншыя асобы — сваякі, знаёмыя, сябры, якія нешта даведаліся пра справу, могуць расказваць пра яе безь ніякіх праблемаў. І гэта трэба расказваць, бо ўсе злачынствы рэжыму павінны даводзіцца да грамадзтва і сусьветнай супольнасьці.

Ня трэба баяцца. Уся ўлада Лукашэнкі і так званых праваахоўных органаў збудаваная на запалохваньні. Ня трэба зьвяртаць увагу на гэтыя запалохваньні. Трэба зыходзіць з таго, што яны заўсёды хлусяць. Цяпер сыстэма сілавых органаў збудаваная на хлусьні, усё, што яны кажуць, трэба адпачатку крытычна ацэньваць. Нельга верыць ніводнаму прадстаўніку сьледзтва.

Калі ідзе размова пра пагрозы сьледчага, то трэба разумець, што ў нас сьледчы — асоба несамастойная. Ён сам ня можа прымаць рашэньняў. Напрыклад, меру стрыманьня вызначае ня сьледчы, а начальнік сьледчага аддзелу і пракурор. Сьледчы можа пагражаць, але рашэньні прымаюцца калектыўна.

Кіраўніцтву сьледчых органаў наагул «да лямпачкі» — будзе ці ня будзе абнародаваная інфармацыя пра сьледзтва па той ці іншай канкрэтнай справе. Гэта турбуе канкрэтных выканаўцаў, сьледчых, якія вядуць справы. Менавіта яны, а не кіраўніцтва, робяць высілкі, каб інфармацыя пра іх справы не пратачылася ў мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG