Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова ў рамках прэзэнтацыі новага этап праекту «Маніторынг эканомікі Беларусі» падзялілася вынікамі дасьледаваньня «Даходы і спажывецкая ўпэўненасьць», заснаванага на онлайн-апытаньні хатніх гаспадарак. Іх пераказвае выданьне «Белорусы и рынок».
Даходы насельніцтва
Дасьледаваньне паказала, што ў 52% апытаных за апошні месяц узровень даходу зьнізіўся. Без уліку ўплыву курсу даляру 49% рэспандэнтаў сьцьвярджае, што ў іх адбылося падзеньне даходу, калі ня браць да ўвагі фактар росту цэнаў, то колькасьць зьмяншаецца да 35%.
«У першую чаргу даход зьмяншаецца ў тых, хто заняты ў будаўніцтве, прамысловасьці і сельскай гаспадарцы, а таксама ў людзей без вышэйшай адукацыі. Вялікі працэнт зьніжэньня — сярод самазанятых, прадпрымальнікаў і ў прыватным сэктары. Самы папулярны мэханізм зьніжэньня даходаў зьвязаны са зьмяншэньнем колькасьці замоваў. Гэта значыць, гэта тыя людзі, у якіх праца і прыбытак зьвязаныя з тым, колькі яны працуюць і колькі вырабляюць», — адзначыла экспэрт BEROC.
Гэта сытуацыя кардынальна адрозьніваецца ад сытуацыі, зафіксаванай падчас актыўнай фазы пандэміі, калі галоўнымі прычынамі страты даходу былі неаплатныя адпачынкі, страты падпрацовак і няпоўныя працоўныя тыдні.
Рэжым эканоміі
Многія беларусы сталі эканоміць на ежы. Больш за ўсё схільная да такой эканоміі моладзь, жыхары невялікіх гарадоў і людзі зь нізкімі даходамі (да 500 рублёў).
Таксама беларусы сталі менш грошай траціць на забавы ў вольны час і радзей купляць новае адзеньне (або купляюць адзеньне па больш нізкіх цэнах).
Сытуацыя на рынку працы Беларусі
У красавіку 2022 году сытуацыя на рынку працы ў Беларусі крыху пагоршылася ў параўнаньні са сьнежнем 2021 году, але ў параўнаньні з каранавіруснымі часамі становішча даволі стабільнае.
Толькі 4,2% рэспандэнтаў заявілі, што страцілі працу ў апошні тыдзень (у сьнежні 2021 году — 3,3%), але ў той жа час 21,6% апытаных сказалі, што працу страцілі іх знаёмыя (у сьнежні 2021 году — 20, 4%).
«Пакуль сытуацыя на рынку працы больш-менш нармальная, але людзі ўжо пачынаюць трывожыцца з гэтай нагоды», — кажа Барнукова.
Настроі і чаканьні беларусаў
Па словах Кацярыны Барнуковай, у красавіку 2022 году ў параўнаньні са сьнежнем 2021 году ацэнкі сытуацыі на макраўзроўні сур’ёзна не пагоршыліся. Аднак на мікраўзроўні выразна відаць зрухі ў нэгатыўны бок.
«Так, 55% рэспандэнтаў гаворыць, што матэрыяльнае становішча іхнай сямʼі пагоршылася, у 40% адзначаюцца нэгатыўныя чаканьні будучыні. Адпаведна, большасьць лічыць, што цяпер дрэнны час для буйных пакупак для дома», — адзначае экспэрт.
Згодна з дасьледаваньнем, індэкс спажывецкай упэўненасьці ў Беларусі зьніжаецца практычна па ўсіх групах насельніцтва. Выключэньні складаюць толькі некаторыя групы, абʼяднаныя па прафэсійнай прыкмеце (будаўніцтва, ахова здароўя, HoReCa), аднак вынікі могуць быць не зусім дакладныя, бо ў гэтых групах была невялікая выбарка рэспандэнтаў.
Цікава, што, нягледзячы на нэгатыўныя настроі ў ацэнцы бягучай сытуацыі, чаканьні аб будучыні краіны сталі больш аптымістычнымі.
«У параўнаньні са сьнежнем 2021 году мы для большасьці груп кампанэнт будучыні краіны ацэньваецца значна больш пазытыўна. Выключэньнем зьяўляюцца дзьве групы — гэта якія працуюць у сфэры фінансаў і ў сфэры IT», — рэзюмавала Кацярына Барнукова.