Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Дабравольскі: Мы пачулі прамову Шушкевіча і адразу вырашылі ўступіць у ягоную каманду


Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай, разам з Шушкевічам — народны дэпутат СССР у 1989–1991 гадах, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня (1995–1996) распавёў пра свой досьвед супрацоўніцтва зь ім.

«У 1989 годзе я перамог на выбарах народнага дэпутата СССР. У адной зь менскіх акругаў выбары не адбыліся, і былі прызначаныя новыя. Мы з камандай прыйшлі на канфэрэнцыю працоўнага калектыву БДУ па запрашэньні аднаго чалавека, які спадзяваўся, што мы яго будзем падтрымліваць. Там выступіла шмат людзей, і сярод іх выступіў Шушкевіч — і мы, як і многія іншыя, адразу сказалі, што мы будзем за Шушкевіча — настолькі пераканаўчым быў ягоны выступ.

На Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР Шушкевіч увайшоў у парлямэнцкую апазыцыю (Міжрэгіянальная група), куды ўваходзілі 14 дэпутатаў зь Беларусі, а ўсяго каля 200 дэпутатаў з больш як 2000.

У 1990 годзе ён абраўся і ў дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі, адразу быў абраны намесьнікам старшыні, а пасьля падзеяў жніўня 1991 году і старшынём Вярхоўнага Савету. Шмат хто крытыкаваў яго за быццам бы нерашучасьць, памяркоўнасьць — але я думаю, што на гэтай пасадзе наўрад ці ў яго быў іншы выбар. Пры Шушкевічу Беларусь стала незалежнай краінай, пайшла па дэмакратычным шляху — шкада, што гэты шлях быў нядоўгі. Але тое, што менавіта Шушкевіч падпісаў віскулёўскія пагадненьні пра распад СССР, увойдзе ў гісторыю.

Разам са сваімі аднадумцамі, з членамі Аб’яднанай Дэмакратычнай партыі, якую я тады ўзначальваў, мы ўваходзілі ў каманду Шушкевіча на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году. Але тады ўжо таранам пёр Лукашэнка, арыентаваны на старыя ідэі, трапіў у хвалю пэўных спадзяваньняў людзей.

Станіслава Шушкевіча вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру за тое, што распад СССР адбыўся безь вялікай крыві. Ён ня проста апынуўся ў патрэбным месцы, ён пасьлядоўна выступаў за незалежнасьць Беларусі. Гэта запомняць усе, і гэта застанецца ў гісторыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG