Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я нэгатыўна ставіўся да палітыкі Шушкевіча, але прызнаваў ягоныя станоўчыя якасьці», — Зянон Пазьняк


Падпісаньне Антыкрызіснага пагадненьня. Выступае Зянон Пазьняк, справа ад яго — Станіслаў Шушкевіч і Мікола Статкевіч. 14 сакавіка 1992
Падпісаньне Антыкрызіснага пагадненьня. Выступае Зянон Пазьняк, справа ад яго — Станіслаў Шушкевіч і Мікола Статкевіч. 14 сакавіка 1992

«Гэта чалавек, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі, асабліва ў сувязі з распадам Савецкага Саюзу і падпісаньнем Белавескіх пагадненьняў. Гэта вельмі важна», — заявіў старшыня КХП-БНФ.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня на 88-м годзе жыцьця.

Зянон Пазьняк успомніў ролю Станіслава Шушкевіча ў гісторыі станаўленьня незалежнай Беларусі.

«І другое, што б я адзначыў — ён дапамог на сэсіі Вярхоўнага Савету ў верасьні 1991 году, каб беларускі бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сымбалямі. Гэта быў выпадак, калі ён гэтаму спрыяў.

Безумоўна, што гісторыя будзе по-рознаму ацэньваць яго дзейнасьць, але добрыя якасьці застануцца.

Я асабіста нэгатыўна адносіўся да ягонай палітыкі, да нейкіх момантаў. А яго людзі ўспрымалі, нягледзячы на тое, што былі відавочна памылковыя рэчы. І я думаў: чаму гэта адбываецца? А адбываецца таму, што ў яго была інтэлігентная лексыка, ён атрымаў добрае інтэлігентнае выхаваньне, ён мог інтэлігентна гаварыць, ён мог нават на фартэпіяна сыграць.

Гэты чалавек вельмі адрозьніваўся ад камуністычнай намэнклятуры, у якой былі людзі грубыя, ня ведалі, што сказаць, гаварылі глупствы. І вось гэта інтэлігентнасьць вельмі яму спрыяла: і ў Беларусі, і за мяжой. Мушу сказаць, што гэта вельмі важная якасьць для кожнага чалавека. А ў палітыцы тым больш. Так што ён валодаў такімі якасьцямі, як добрае выхаваньне, інтэлігентная лексыка, ніколі не ўжываў нейкіх нядобрых слоў, і гэта яго вылучала.

Ну што ж, так пабудавана жыцьцё, чалавек вечна жыць ня можа. У чым мы абсалютна перакананыя, кожны чалавек на 100%, што рана ці позна ён памрэ. Ведаючы, што жыцьцё сканчаецца, тым ня менш, калі Бог яго дае, трэба ўсё яго прысьвяціць дабру, справядлівасьці і сваёй дарагой Бацькаўшчыне, якая знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

Жыве Беларусь! І вечная памяць Станіславу Станіслававічу Шушкевічу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG