Даўжыня траншэй перавышае 200 мэтраў, паведамляе праграма «Схемы» ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Першыя раскапаныя траншэі на могілках зьявіліся 24 сакавіка, пасьля акупацыі вёскі расейскімі вайскоўцамі. На спадарожнікавым здымку Planet відаць, што іх даўжыня 60–70 мэтраў.
На спадарожнікавым здымку ад 7 красавіка відаць, што за два тыдні адбыліся прыкметныя зьмены: месца пахаваньня павялічылася. Частка акопаў засыпаная.
На спадарожнікавым здымку за 24 красавіка зафіксаваныя новыя траншэі. Даўжыня брацкай магілы павялічылася больш як да 200 мэтраў.
Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка заявіў, што ўладам вядома, што расейскія вайскоўцы вывозяць целы загінулых марыюпальцаў на могілкі ў Стары Крым на месцы масавых пахаваньняў.
«Мы ведаем пра гэтыя брацкія магілы, таму што гэтыя фашысты — а ў мяне няма іншых словаў — за ежу прыцягваюць мясцовае насельніцтва да пахаваньня. Кажуць, што трэба працаваць „па гадзінах“, каб далі ежу і ваду... Цяпер у Марыюпалі не хапае „гуманітаркі“, якую яны імпартуюць, таму людзі вымушаныя гэта рабіць», — сказаў Вадзім Бойчанка.
Вёска Стары Крым з 10 сакавіка знаходзіцца пад акупацыяй расейскіх войскаў. Адлегласьць ад Марыюпалю — 5 кілямэтраў.
Раней «Схемы» паведамлялі, што спадарожнік зафіксаваў дзьве брацкія магілы пад Марыюпалем: у Мангушах на захад ад гораду і ў вёсцы Вінаграднае — на ўсходзе.
Марыюпаль быў акружаны расейскімі войскамі ў першыя дні маштабнага расейскага ўварваньня, якое пачалося 24 лютага.