Алеся Буневіч родам з Маладэчна, ёй 31 год. Ад 2021 году жыла ў Вільні, дзе разам зь сяброўкай адкрыла друкарскі цэнтар, але выкарыстоўвала кожную магчымасьць пабываць у Беларусі. Апошні раз на радзіму яна прыехала 1 красавіка, а праз тры дні перастала адказваць на паведамленьні родных. Празь нейкі час высьветлілася, што жанчыну затрымалі паводле арт. 289 праз артыкул 16 («Акт тэрарызму» і «Супольніцтва ў злачынстве»).
Свабода паразмаўляла з мужам Алесі Буневіч, вядомым актывістам зь Бялынічаў Алегам Мяцеліцам пра дэталі справы, а таксама пра іхнае знаёмства.
Пазнаёміліся ў Вільні адзінаццаць гадоў таму
Алег Мяцеліца — даўні сябра «Зубра». Прайшоў праз мноства арыштаў, а таксама праз крымінальны перасьлед за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі ў 2006 годзе. Тады правёў у зьняволеньні больш за 50 дзён, сядзеў у тым ліку і ў Магілёўскім СІЗА, дзе цяпер трымаюць ягоную жонку, але тую справу да суду не давялі.
У 2010 годзе Мяцеліца прымаў актыўны ўдзел у кампаніі Ўладзімера Някляева. Кажа, што менавіта ў той час і сустрэўся ўпершыню з Алесяй, якая ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Андрэя Саньнікава.
«Я тады ладзіў 24-гадзінны сумесны пікет на вакзале. Я сам з „Зубра“, але на той момант дзейнічаў у межах кампаніі „Гавары праўду“, то мне былі сваімі і тыя, і тыя. Шмат рабіў, каб Някляеў і Саньнікаў перад выбарамі правялі сумесную прэс-канфэрэнцыю. Ужо потым даведаўся, што і Алеся была на тым пікеце», — кажа Алег.
Адразу пасьля падзеяў Плошчы 19 сьнежня 2010 году Алег зьехаў з краіны. Жыў у Вільні. У Літве ён і пазнаёміўся з Алесяй у 2011 годзе.
«Яна вучылася на гістфаку БДУ, а таксама адначасова на спэцыяльнасьці „Культурная спадчына“ ў ЭГУ. Прыехала на сэсію. Дапамагаў ёй знайсьці жыльлё, так пазнаёміліся».
Рамантычныя адносіны між Алесяй і Алегам пачаліся адразу, але простай гэтую гісторыю не назавеш: Мяцеліца на той момант быў у шлюбе.
У жніўні 2012 году ў Алега і Алесі нарадзіўся сын Кастусь. Хлопчыка назвалі адразу ў гонар трох асобаў: вайскавода Астроскага, Каліноўскага, а таксама рымскага імпэратара Канстанціна, які зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Алеся працягвала жыць у Маладэчне, Алег — у Вільні. На радзіму Мяцеліца вярнуўся ў 2014 годзе, зь ім правялі прафіляктычную гутарку ў КДБ, але наступстваў гэта ня мела.
У родных Бялынічах у Мяцеліцы была крама, потым ён адкрыў аграсядзібу, пачаў працаваць страхавым кансультантам у дзяржаўнай кампаніі «Стравіта». Яго нават прызнавалі найлепшым страхавым агентам вобласьці. Алег кажа, што і аграсядзіба, і праца страхаўніка прыносілі яму вялікае задавальненьне.
З Алесяй на той момант яны таксама жылі паасобку, але стасаваліся, Кастусь ведаў, хто ягоны тата.
«Алеся — выдатніца»
Перад самымі выбарамі 2020 году Алег і Алеся вырашылі ўнармаваць усе дакумэнты, каб было пацьверджаньне, што Кастусь — сын Мяцеліцы.
«Бо было незразумела, чым могуць скончыцца гэтыя выбары, ці арыштуюць каго. Лічылі патрэбным гэта зрабіць», — кажа Мяцеліца.
Так і выйшла, што Алега затрымалі яшчэ да асноўнага дня галасаваньня — 5 жніўня. На волю ён выйшаў 15 жніўня, а літаральна праз два дні даведаўся пра завядзеньне крымінальнай справы за паклёп на старшыню выбарчай камісіі Бялыніцкага раёну Фурсаву.
«Я паехаў у Маладэчна да Алесі з Кастусём. Тады яшчэ ня думаў зьяжджаць з краіны, бо здавалася, што 23 жніўня ламанём рэжым, і нікуды ехаць ня трэба будзе. Мабыць, той кароткі пэрыяд і стаў штуршком да разуменьня, што мне трэба быць з Алесяй і Кастусём».
З краіны Мяцеліца выехаў 26 жніўня па гуманітарным калідоры ў Літву. У лістападзе Алег і Алеся сустрэліся ў Львове, дзе і прынялі рашэньне, што яна будзе пераяжджаць у Вільню.
У Маладэчне Алеся займалася турыстычным бізнэсам, арганізоўвала пакетныя туры за мяжу. Да гэтага працавала ў фондзе «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага».
«Алеся — выдатніца. Яна ня можа нічога рабіць напалову. І ў працы тое самае. Яна мне вельмі дапамагала з турыстычным бюро, якое я адкрыў у Магілёве, — кажа Алег. — Для яе было вельмі складана зьехаць. Але яна разумела, што трэба вызначацца з сынам, было важна, што ён будзе вывучаць у школе, што яму там будуць казаць».
27 траўня 2021 году Алег Мяцеліца і Алеся Буневіч пабраліся шлюбам. Адбылося гэта ў Вільні, там жа, дзе яны і пазнаёміліся. Цягам лета Алеся перавозіла рэчы. Сям’я зьняла хату недалёка ад беларускай гімназіі ў Вільні, куды пачаў хадзіць сын.
«У сям’і гаворым па-беларуску, і з сынам таксама. Гэта для нас ня мова для офісаў і партыйных сходаў», — кажа Алег.
Зь яго словаў, Алеся спачатку моцна перажывала празь пераезд, не адразу магла сябе знайсьці ў новай краіне, але потым справы пачалі наладжвацца.
«Вучыла літоўскую мову, хадзіла на розныя імпрэзы, народныя танцы. Зь сяброўкай пачалі справу ў Вільні, некалькі месяцаў таму адкрылі друкарскі цэнтар. Калі пачалася вайна, то стала валянтэрыць у падтрымку Ўкраіны. У яе наймацнейшае пачуцьцё справядлівасьці, яна вельмі бойкая і вясёлая. Адна з тых беларускіх дзяўчат, якімі можна ганарыцца», — расказвае Алег.
«Яна не прымала ўдзелу ні ў якіх тэрарыстычных акцыях»
Алег не адгаворваў Алесю ехаць у Беларусь. Пагатоў гэта была ня першая такая паездка. Буневіч ехала на гадавіну па сьмерці мамы.
«Для яе ўяўленьне пра дом і сям’ю было зьвязанае з мамай, апошнімі гадамі яны сталі вельмі блізкімі. Мама цалкам падтрымлівала яе, была апорай ва ўсім. Маме было 56 гадоў».
Празь нейкі час па прыезьдзе ў Беларусь яна адправілася разам зь сяброўкай на адпачынак у аграсядзібу ў Горадзенскім раёне, дзе і прапала.
«Была ўжо ноч, мы ўсе моцна хваляваліся. Я казаў, каб званілі ўчастковаму, памежнікам. Разумееце, такі час, сядзібы паўпустыя, маглі і нейкія бандыты ўзьнікнуць. Калі даведаліся, што затрыманая, то нават крыху ўзрадаваўся, бо зразумеў, што жывая. Перад самым затрыманьнем яна напісала „Тут адбываецца нешта дзіўнае“, але з шматлікімі абдрукоўкамі — гэта ёй не ўласьціва. Было зразумела, што яна вельмі сьпяшалася».
На Алега Мяцеліцу ў 2021 годзе завялі яшчэ адну крымінальную справу за дапамогу беларусам, якія ўцякаюць з краіны праз рэпрэсіі, нелегальна пераходзяць межы, праводзілі ў яго ператрусы.
«Магчыма, гэта неяк зьвязана са мной. Цяпер яна праходзіць у крымінальнай справе разам з рэйкавымі партызанамі, якім прастрэлілі ногі ў Асіповіцкім раёне. Магу ўпэўнена сказаць, што яна не прымала ўдзелу ні ў якіх тэрарыстычных акцыях. Пагатоў іх затрымалі 30 сакавіка, калі яе нават не было ў Беларусі».
Цяпер Алеся Буневіч у СІЗА Магілёву, віну адмаўляе. З словаў адваката, трымаецца нармальна. Алег кажа, што з сынам шчыра пагутарыў на гэтую тэму. «Я яму так і сказаў: „Кастусь, такая сытуацыя: мама арыштаваная“. Ён усё разумее, гэта такая нашая беларуская рэчаіснасьць». Ён ведае, што я сядзеў на «сутках», што Алеся сядзела ў лютым 2021 году пасьля лыжнага прабегу ў Маладэчне. Калі прыйшлі да яе дадому зь ператрусам, то Кастусь сказаў: «Аааа, гэта вы той дзядзя, якому нельга казаць, дзе мы пляншэт схавалі?»
Пасьля таго, як Алесі выставілі абвінавачаньне, Алег сказаў сыну, што расстаньне з мамай можа быць надоўга.
«Ён дзіця, таму празь нейкі час адцягваецца на свае справы, але потым усё адно на яго находзіць. Я цяпер спрабую быць адначасова і татам, і мамай, але адчуваецца, што яму вельмі не хапае Алесі».
21 красавіка сілавікі правялі ператрусы ў бацькі Алесі Буневіч, а таксама ў яе кампаньёнкі ў бізнэсе.