Каля тыдня таму затрымалі Алесю Буневіч, якая жыла ў Вільні, а ў Беларусь прыехала на гадавіну сьмерці маці, паведаміў 15 красавіка Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, Алесю Буневіч абвінавачваюць у «зьдзяйсьненьні акту тэрарызму групай асобаў па папярэдняй змове» (ч. 2 арт. 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі) — ёй пагражае ад 8 да 20 гадоў зьняволеньня.
Папярэдне, Буневіч затрымалі пры спробе перасячы мяжу Беларусі з адной з краін Эўразьвязу. Магчыма, крымінальная справа датычыцца так званых «актаў тэрарызму» на беларускай чыгунцы.
У Вільні яна была дырэктаркай друкарскага цэнтру, крамы-майстэрні А2.print, дзе друкаваліся рэчы на беларускую і апошнім часам украінскую тэматыку.