Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі паміж вайной і ганьбай выбралі ганьбу. Што б чакала Зяленскага, калі б ён скарыўся Крамлю


Зяленскі і Пуцін. Каляж
Зяленскі і Пуцін. Каляж

Што б чакала прэзыдэнта Уладзімера Зяленскага і Ўкраіну, калі б 24 лютага 2022 году яны здаліся без супраціву, калі б украінская армія не атрымала загаду сустрэць агнём расейскія танкавыя калёны?

У Масквы ўжо быў досьвед, як без адзінага стрэлу, толькі з дапамогай шантажу і запалохваньня, ставіць на калені цэлыя краіны. Пуціна яўна натхняў прыклад Сталіна, які ў 1939–1940 гадах рушыў свае дывізіі на Захад і здолеў адсунуць заходнюю мяжу СССР на сотні кілямэтраў, амаль што да старых імпэрскіх абрысаў узору 1914 году. Асабліва пасьпяховай выглядала анэксія краінаў Балтыі ў 1940-м, калі фактычна без адзінага стрэлу ўдалося навязаць сваю волю і вярнуць у межы імпэрыі тры незалежныя эўрапейскія краіны.

Сталінскія мэтадычкі, запатрабаваныя ў 2022-м

Мэтадычкі сталінскіх часоў падчас уварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022-га выкарыстоўвалі напоўніцу. Як і тады, загадзя рыхтавалі «пятыя калёны», якія мелі захопліваць уладу пасьля пачатку агрэсіі і арганізоўваць сустрэчы «вызваліцеляў». Як і тады, у абозе расейскай арміі везьлі загадзя падрыхтаваных прарасейскіх (як тады прасавецкіх) кіраўнікоў новых «народных рэспублік».

Натхняльны прыклад 1939–1940 гадоў адчуваўся ва ўсім. Пралёг агрэсіі быў тым жа. Канцэнтрацыя савецкіх войскаў у чэрвені 1940 году ўздоўж межаў балтыйскіх дзяржаваў таксама адбывалася пад выглядам вайсковых вучэньняў. А абгрунтоўвалі агрэсію выключна інтарэсамі бясьпекі СССР, неабходнасьцю адсунуць патэнцыйных ворагаў далей на захад.

Вось толькі «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» тады называлі трохі іначай. Урады незалежных балтыйскіх дзяржаваў абвінавачвалі ў «антысавецкай накіраванасьці» (за тое, што яны былі аб’яднаныя дамоваю Балтыйскай Антанты), патрабавалі стварыць прасавецкія ўрады і дапусьціць на сваю тэрыторыю дадатковыя савецкія войскі. «Дэнацыфікацыя» у лексыцы 1940 году — гэта «апэрацыя па высяленьні нядобранадзейнага і контрарэвалюцыйнага элемэнту». З тэрыторыі Эстоніі адразу пасьля акупацыі былі высланыя 9156 чалавек, з Літвы — каля 17,5 тысяч, з Латвіі — 15 424. Апошнія эшалёны з арыштаванымі выправіліся на ўсход 21 чэрвеня 1941 году.

Ва Ўкраіне, улічваючы маштабы, колькасьць «дэнацыфікаваных» ішла б, відавочна, на сотні тысяч.

Гэтаксама рыхтавалі такія ж «выбары» і «рэфэрэндумы», як у 1940-м у краінах Балтыі, якія мелі зацьвердзіць «аднадушную народную падтрымку» акупацыйных уладаў, стварэньне Херсонскай (Запароскай, Мікалаеўскай, Адэскай і далей паводле сьпісу...) «народных рэспублік» пад скіпэтрам двухгаловага расейскага арла.

І лёсы законна абраных уладаў былі б, відавочна, падобныя. А якімі яны маглі б быць? Што сталася з тымі даваеннымі прэзыдэнтамі незалежных Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія ў чэрвені 1940 году не наважыліся аддаць загад на ўзброены супраціў савецкай агрэсіі?

Антанас Сьмятона

Перад тым як адабраць у Літвы незалежнасьць, Крэмль падсаладзіў ёй горкую пігулку: увосень 1939-га пасьля акупацыі ўсходняй часткі міжваеннай Польскай дзяржавы перадаў Літве Віленшчыну (якую пачаткова плянавалася ўключыць у склад БССР). Аўтарытарны прэзыдэнт міжваеннай Літвы, «правадыр народу» Антанас Сьмятона 10 кастрычніка 1939 г. прыняў савецкія ўмовы. Праўда, разам зь Віленшчынай давялося прыняць яшчэ і 20-тысячны кантынгент Чырвонай арміі на сваёй тэрыторыі.

Антанас Сьмятона, першы прэзыдэнт Літвы
Антанас Сьмятона, першы прэзыдэнт Літвы

14 чэрвеня 1940 году Крэмль выставіў ультыматум Літве: яна мусіла памяняць урад на прасавецкі і дазволіць увод дадатковых савецкіх войскаў. Антанас Сьмятона, разумеючы, што гэта — канец літоўскай незалежнасьці, быў прыхільнікам вайсковага супраціву Маскве, аднак большасьць ва ўрадзе яго не падтрымала, і ўрэшце Літва без супраціву пагадзілася на ўмовы Сталіна. 15 чэрвеня 1940 г., выяжджаючы з краіны ў эміграцыю, Сьмятона адмовіўся ад паўнамоцтваў прэзыдэнта на карысьць прэм’ера Антанаса Мяркіса. Што чакала б Сьмятону, калі б ён застаўся ў Літве, даволі дакладна можна бачыць на далейшым лёсе Мяркіса. 17 ліпеня 1940 году яго арыштаваў НКВД і вывез у Саратаў. У 1941 годзе Мяркіса і яго сям’ю пасадзілі ў турму. У 1954 годзе ён вызвалены з турмы бяз права вяртаньня ў Літву. Быў у ссылцы ва Ўладзімірскай вобласьці, дзе і памёр у 1955 годзе.

Што да Антанаса Сьмятоны, то ён разам зь сям’ёй знайшоў прытулак у ЗША. Трагічна загінуў у выніку пажару ў сынавым доме ў Кліўлендзе 9 студзеня 1944 г.

Карліс Улманіс

Аўтарытарны прэзыдэнт Латвіі, «народны правадыр» Карліс Улманіс пасьля выстаўленьня савецкага ўльтыматуму 16 чэрвеня 1940 году вырашыў, што найлепшы варыянт — не супраціўляцца, заставацца на сваім месцы і супрацоўнічаць з акупацыйным рэжымам.

Карліс Ульманіс
Карліс Ульманіс

21 ліпеня 1940 году пасьля вымушанай адстаўкі зьвярнуўся да савецкага ўраду з просьбай пра пэнсію і выезд у Швайцарыю. 22 ліпеня 1940 году дэпартаваны адміністрацыйным чынам праз Маскву ў Варашылаўск (Стаўрапаль). 4 ліпеня 1941 года арыштаваны. 1 жніўня 1942 году перавезены ў Краснаводзк (цяпер Туркмэнбашы) у Туркмэністане.

Памёр 20 верасьня 1942 году ў турэмным шпіталі Краснаводзку.

Пазьнейшыя спробы ўладаў ужо незалежнай Латвіі знайсьці магілу Улманіса і вярнуць парэшткі прэзыдэнта на радзіму былі беспасьпяховымі.

Канстантын Пятс

Як і Улманіс, прэзыдэнт Эстоніі Канстантын Пятс не аддаў загаду супраціўляцца савецкаму ўварваньню. Ён застаўся ў Эстоніі пасьля савецкага ўльтыматуму 16 чэрвеня 1940 году і ўводу дадатковых сілаў Чырвонай арміі на эстонскую тэрыторыю.

Канстанцін Пятс, першы прэзыдэнт Эстоніі
Канстанцін Пятс, першы прэзыдэнт Эстоніі

Вымушаны быў скласьці прэзыдэнцкія паўнамоцтвы пасьля абвяшчэньня 21 ліпеня 1940 году марыянэткавай Эстонскай ССР. Яшчэ да афіцыйнага далучэньня дзяржавы да СССР (яно адбылося 6 жніўня 1940 г.) Пятса і ягоную сям’ю арыштавалі і дэпартавалі ў Башкірыю, ва Ўфу. У 1942-м зьмясьцілі ў Казанскі турэмны псыхіятрычны шпіталь. Са сьнежня 1952 году Пятса трымалі ў псыхіятрычным шпіталі ў пасёлку Бурашава пад Калінінам (Цьверам). Там жа ён і памёр 18 студзеня 1956 году.

У 1990 годзе ягоныя парэшткі былі знойдзеныя і перапахаваныя на талінскіх могілках Мэтсакальмісту.

Вядома, ім цяжка было прадбачыць усе наступствы тых сваіх драматычных рашэньняў 1940 году. Яны разумелі, што шанцаў на посьпех у супрацьстаяньні з магутнай савецкай імпэрыяй было зусім няшмат. І ўсё ж у іх перад вачыма ўжо быў прыклад Фінляндыі, якая увосень 1939-га сутыкнулася з такім жа ўльтыматумам, з такімі ж пагрозамі і з такой жа агрэсіяй. І прыняла выклік, хоць сілы былі несувымернымі. Фінляндыя супраціўлялася як магла — і выстаяла, захавала незалежнасьць, хоць і страціла частку тэрыторыі. Калі б не змагалася — то, без сумневу, яе чакала б савецкая акупацыя і статус яшчэ адной «ССР». У абозе акупанты везьлі ўрад камуніста Куусінэна, які павінен быў узначаліць прасавецкую Фінляндыю — паводле таго ж узору, які пазьней быў ажыцьцёўлены ў дзяржавах Балтыі.

Вядома, кожная з краін Балтыі была значна слабейшай нават за маленькую Фінляндыю. І ўсё ж на момант агрэсіі яны мелі свой маленькі абарончы зьвяз — «Балтыйскую Антанту», якая, дарэчы, вельмі раздражняла Крэмль і стала адной з падставаў для наступных ультыматумаў. Калі б тады, у чэрвені 1940-га, яны аб’ядналі намаганьні, калі б не падпарадкаваліся ўльтыматумам, а ўзялі за ўзор паводзіны маршала Манэргейма, — хто ведае, як бы павярнулася гісторыя.

...Дарэчы, Лукашэнка і перад расейскай агрэсіяй, і ў першыя дні і тыдні пасьля яе пачатку ўсяляк падкрэсьліваў, што ў Зяленскага нібыта няма выйсьця: толькі здацца на літасьць пераможцы. «Каму там змагацца», «Зяленскі збаяўся», калі ня здасца — «яму неўзабаве давядзецца падпісаць акт капітуляцыі», «А як жа, калі ты цярпіш паразу: вядома, табе пераможца нешта прадыктуе», «Расея ў гэтай вайне не прайграе».... Гэта ўсё з рэпэртуару Лукашэнкі ў лютым і першай палове сакавіка 2022 году. Зь сярэдзіны сакавіка гэты «пясьняр капітуляцыі» змоўк і больш не прадказвае хуткай немінучай перамогі Пуціна.

«Калі краіна паміж вайной і ганьбай выбірае ганьбу, яна атрымае і вайну, і ганьбу». Лічыцца, што гэтыя словы будучы прэм’ер Вялікай Брытаніі Ўінстан Чэрчыль адрасаваў дзейнаму брытанскаму прэм’еру Нэвілу Чэмбэрлену, калі той у 1938 годзе падпісаў ганебнае Мюнхэнскае пагадненьне, якое заахвоціла Гітлера да агрэсіі.

У справядлівасьці гэтых словаў давялося пераканацца і Антанасу Сьмятону, і Карлісу Улманісу, і Канстантыну Пятсу. Прычым заплаціць за асабісты выбар ім давялося самую высокую цану — і лёсам сваіх краін, і сваімі асабістымі драматычнымі лёсамі.

Уладзімір Зяленскі ў вызваленай ад акупантаў Бучы пад Кіевам, красавік 2022
Уладзімір Зяленскі ў вызваленай ад акупантаў Бучы пад Кіевам, красавік 2022

У 2022-м такі ж выбар паўстаў перад прэзыдэнтам Зяленскім. Ён пайшоў іншай дарогай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG