Аб гэтым яна напісала ў сваім Тэлеграм-канале са спасылкай на СМІ акупаваных украінскіх тэрыторыяў.
Дзянісава расказала, што на мінулым тыдні да яе зьвярнуліся расейскія валянтэры, якія, як мяркуецца, выявілі тры лягеры для гвалтоўна дэпартаваных украінцаў у Пензенскай вобласьці. Паводле іх дадзеных, у адным зь лягераў утрымліваліся больш за 400 чалавек — у асноўным жанчыны і 147 дзяцей усіх узростаў, у тым ліку немаўлят.
«Нашы грамадзяне былі ў вельмі цяжкім і прыгнечаным стане, ня мелі адзеньня, прадуктаў, сродкаў гігіены, бо іх забралі з Марыюпалю наўпрост з бамбасховішча. Па выніках супольнай працы з расейскімі валянтэрамі, консульскай службай у Эстоніі і эстонскім бокам учора першыя сем украінцаў зь лягеру ў Пензенскай вобласьці, у тым ліку сям’я з трыма дзецьмі, былі дастаўленыя ў Нарву ў Эстоніі і атрымліваюць дапамогу. Цяпер рыхтуемся да перавозкі наступнай групы асобаў», — паведаміла Дзянісава.
Пасьля пачатку вайны і аблогі Марыюпалю расейскімі вайскоўцамі дзясяткі, калі ня сотні, тысячаў людзей з Украіны апынуліся на тэрыторыі самаабвешчанай «ДНР». Нехта застаўся там, нехта зьехаў у Расею, а нехта потым зьяжджаў і з Расеі.
Украінскія ўлады кажуць, што людзей вывозяць прымусова, і называюць гэта выкраданьнем. Расказваюць, што людзям у «ДНР» даводзіцца праходзіць праз так званыя фільтрацыйныя лягеры — месцы, дзе людзей дапытваюць, здымаюць адбіткі пальцаў і правяраюць на прадмет сувязі з вайскоўцамі. Расейскія ўлады запэўніваюць, што гвалтам нікога не вывозяць, і называюць гэта «эвакуацыяй».