Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі я раскісну, хто за мяне падтрымае 40 беларускіх сем’яў?». Што адбываецца з «модным» бізнэсам падчас вайны і санкцый


Паказ мод да сьвята Купальля. Менск, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота
Паказ мод да сьвята Купальля. Менск, 2020 год. Ілюстрацыйнае фота

«Калі я раскісну, хто за мяне падтрымае 40 беларускіх сем’яў?». Што адбываецца з «модным» бізнэсам падчас вайны і санкцый

Паразмаўлялі зь беларускімі дызайнэркамі, стваральніцамі папулярных брэндаў жаночага адзеньня і бялізны. Даведаліся, як яны працуюць у новых умовах, пра іх стаўленьне да забаўляльнага кантэнту падчас вайны і пра тое, што будзе зь бізнэсам у бліжэйшы час.

«Большасьць нашых кліентаў зьехала з краіны»

Дарʼя Салаўёва — сузаснавальніца брэндаў MUA і NORMAL. Дзяўчына кажа, што першыя дні вайны прайшлі ў цішыні — і ў офісе, і ў сацыяльных сетках.

«Зрэшты, мы выбіраем сумленную маўклівую камунікацыю, бо самі не заўсёды ведаем, што казаць, а каштоўнасьць слоў для нас важная нават у эпоху 15-сэкундных відэа. Нам працаваць было складаней за ўсіх у гэтым сэнсе. Бо мы працуем у сфэры моды, а яна ўспрымаецца людзьмі як забава і бесьперапынны вадэвіль. Але гэта праца, прыгожая, яркая, але ўсё ж праца, як і праца прадаўца, кіроўцы мэтро і шахцёра», — кажа Дар’я Салаўёва.

Дзяўчына дадае, што на працы цяпер не да эмоцый і нельга раскісаць.

«Як сказала калега па індустрыі Дарʼя Лебедзева (уладальніца брэнда LSD): „У беларусаў столькі антыкрызіснага досьведу, куды ж яго падзець“. Ну вось ён зноў спатрэбіўся. Шчыра кажучы, на працы не да эмоцый. Вельмі вялікая сфэра адказнасьці. Калі я раскісну, хто за мяне падтрымае 40 беларускіх семʼяў? Кожны зараз выбірае, што і каго яму ратаваць: быць валянтэрам у пунктах для ўцекачоў ці ратаваць сваю кампанію. Гэта аднолькава складана і важна цяпер».

Брэнды выпрацавалі стратэгію мінімізацыі камэрцыйных пастоў першыя 2 тыдні пасьля пачатку вайны, кажа Дар’я.

«Плюс да кожнага відэа і паста прыкладаўся дысклэймэр, у якім мы прасілі прагартаць наш кантэнт, калі ён для кагосьці здаецца недарэчным. Нашы кліенты нас вельмі падтрымалі. Ніхто не асудзіў, шмат дзякавалі за неназойлівасьць і тактоўнасьць».

Таксама брэнды ўвялі некаторыя антыкрызісныя захады.

«Напрыклад, мы вылучылі крытычную велічыню вытворчага сабекошту. Гэта значыць, кошт і расход тканіны і фурнітуры на выраб не павінны перавышаць пэўнага парогавага значэньня. Гэта станоўча паўплывае на адпускныя цэны».

За першы месяц вайны вельмі ўпалі розьнічныя продажы, кажа дзяўчына.

«Мы гэта зьвязваем з тым, што не да прыгожых сукенак, а яшчэ большасьць нашых кліентаў зьехала з краіны. Аднак разавы рост здарыўся ў кірунку аптовых продажаў. Праз рост курсу валют мы страцілі шмат грошай. Бо першую вясновую калекцыю ў опт мы прадавалі па курсе 75 расейскіх рублёў да 1 даляра. А калі грошы прыйшлі, то мы канвэртавалі іх ужо па 120 рублёў. Таксама мы крыху праіндэксавалі цэны, бо сыравіну і фурнітуру мы купляем з прывязкай да валюты. Але ўсё ж пастараліся ўтрымліваць рост цэнаў за кошт свайго прыбытку».

Асноўны рынак продажаў MUA i NORMAL — гэта Расея і Казахстан. Пакуль супрацоўніцтва зь імі захоўваецца на ранейшых месцах, адзначае Дар’я.

«Былі вялікія пляны на гэты год разьвіцьця брэнда плюс сайз NORMAL у Польшчы, нават зьбіралі пад гэты кірунак штат. Але цяпер гэта немагчыма. І, думаю, да гэтага мы вернемся вельмі ня хутка. Наступствы ад санкцый закрануць усіх: і тых, на каго яны накіраваныя, і тых, хто іх раздае. Бо немагчыма ў эпоху глябалізацыі выключыць эканоміку адной краіны без наступстваў для іншых».

Таксама дзяўчына адзначае, што брэнды не баяцца блякаваньня Instagram.

«Мы ўжо сутыкаліся з сытуацыяй, калі апынуліся без Instagram. Летась нас узламалі, і чатыры месяцы мы жылі безь яго. І выжылі. Ёсьць маса рэклямных інструмэнтаў і пляцовак, якія абʼядноўваюць людзей і нагадваюць ім пра нас».

Вось што Дар’я раіць рабіць сваім калегам зь іншых брэндаў: «Перастаць апраўдвацца і працягваць працаваць».

«Ёсьць адчуваньне, што ты лішні»

Анастасія — заснавальніца брэнду жаночай бялізны BEREZA, створанага ў лістападзе 2020 году. Дзяўчына прызнаецца, што пасьля жнівеньскіх падзей хацела адмовіцца ад сваёй ідэі, але ўсё ж перадумала.

«Жаданьня не было нешта ствараць, калі ў краіне такое адбываецца. Але потым я прыняла рашэньне працягнуць. Брэнд я стварала для сябе, для ўвасабленьня сваіх ідэй, жаданьняў, для таго каб паглядзець, што такое ўвогуле рабіць брэнд у Instagram. Мне ўсё гэта было вельмі цікава, бо я працую ў IT, мая асноўная дзейнасьць ніяк не зьвязаная з вытворчасьцю фізычных рэчаў, маркетынгам. Мне хацелася знайсьці нейкае хобі, якім я буду займацца ў вольны час. Ну, і плюс была магчымасьць укласьці суму грошай, каб пачаць разьвівацца», — кажа Анастасія.

Дзяўчына адзначае, што яна працуе над брэндам ня дзеля грошай.

«Ён грошай не прыносіць. Сума, якая была ўкладзена ў піяр, у мадэлі, тканіны, матэрыялы, лякалы і г.д., не акупілася. Брэнд да гэтага часу ў мінусе, таму для мяне гэта не грашовая гісторыя, а больш пра самавыяўленьне, пра тое, што мне падабаецца».

Анастасія кажа, што ў 2020-м адкрыць ІП было даволі лёгка, і яна на сабе не адчула нейкага ціску з боку дзяржавы. Цяпер сытуацыя моцна зьмянілася.

«Ёсьць адчуваньне, што ты лішні, ты не патрэбны дзяржаве як прадпрымальнік, я ўжо не кажу, што як чалавек. З пункту гледжаньня дзяржавы ціску не было, але была няздольнасьць, несамастойнасьць беларускага рынку спажываць, бо ў 2020 годзе ў нас пачаўся фінансавы крызіс. Таксама была і перанасычанасьць нашага сэгмэнту, брэндаў ніжняй бялізны. У нас нават неяк была статыстыка, што кожны тыдзень у Беларусі зьяўляўся новы Instagram-акаўнт, які шыў ніжнюю бялізну».

24 лютага — дзень народзінаў Анастасіі, пра які яна плянавала расказваць у акаўнце брэнду, паказаць падпісантам францускія крамы бялізны. Дзяўчына акурат была ў Францыі ў падарожжы. Пасьля пачатку вайны ў акаўнце брэнду не публікаваўся ніякі забаўляльны і камэрцыйны кантэнт. Анастасія толькі абвясьціла аб распродажы ўсяго, што ёсьць у наяўнасьці.

«Я толькі цяпер пачынаю трохі выходзіць з шоку, думаю, што трэба працягнуць неяк працу або спыніць. Ёсьць магчымасьць посьціць нешта, але мне не дазваляе сумленьне забруджваць этэр такім кантэнтам. Хоць я разумею, што людзі ня могуць знаходзіцца ў патоку нэгатыву і, наадварот, шукаюць нейкі іншы кантэнт. Але як чалавек я не магу сябе перасіліць. Таму і здарыўся гэты распродаж, які да гэтага часу працягваецца. Калі ў мяне пытаюцца, колькі ён будзе доўжыцца, я адказваю: да таго моманту, пакуль ня скончацца матэрыялы. Я хачу цалкам усё распрадаць, расшыць і потым вырашыць, ці хачу я пачаць з чыстага аркуша, ці проста закрыць брэнд».

Кліенты падтрымалі брэнд у гэты час, кажа дзяўчына.

«Многія мае кліенты, якія мяне ўжо добра ведаюць, шмат у нас куплялі, заказвалі бялізну бязь зьніжкі. То бок я казала, што зьніжка 50%, а яны хацелі плаціць поўны кошт, каб нас падтрымаць, за што я ім бязьмежна ўдзячная».

Анастасія прызнаецца, што не разумее цяперашняй «гістэрыі» з закрыцьцём Instagram.

«Некаторыя людзі мне пісалі і пыталіся, чаму я ня кідаю спасылку на канал у тэлеграме. Instagram не закрываюць, яго могуць абмежаваць, але мы ўжо ўсе павінны былі даўно прывыкнуць карыстацца VPN. І для мяне гэтыя бясконцыя спасылкі на тэлеграм выглядалі па-дурному, я ў прынцыпе ніколі ня думала пераходзіць у тэлеграм. Дзеля чаго? Каб посьціць там забаўляльны кантэнт? Я пайшла ў тэлеграм толькі па адзін брэнд расейскай бялізны, каб паглядзець, як у іх будзе працаваць мадэль продажаў. Вось што я магу сказаць: з 510 тысяч падпісантаў у Instagram у іх у тэлеграме 5000. Таму сэнсу ў гэтым ніякага няма».

Калі працягваць працу над брэндам, узьнікае шмат праблемаў, кажа дзяўчына.

«Тканіны, якія закупляліся ў Эўропе, цяпер каштуюць нерэальных грошай, плюс лягістыка вельмі складаная. На складах у Расеі таксама цэны ўзьляцелі. Таму не праблема замовіць тканіну, але зьменіцца палітыка цэнаў. Пакупніцкая здольнасьць была ў нармальным стане ў Менску, а калі мы гаворым пра рэгіёны, якія таксама куплялі бялізну, то там усё сумна. А калі падымаць цэны вышэй (а заробкі не падымаюцца), то становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Плюс вырасьлі падаткі. Атрымліваецца, сам кошт вытворчасьці бялізны або любога іншага вырабу вырастае, падымаецца цана, а пакупніцкая здольнасьць падае. І гэта самая галоўная праблема. Брэнд і так не прыносіў даходаў, а так ён яшчэ і ня будзе сябе акупляць».

Заснавальніца «BEREZA» цяпер кіруе брэндам з-за мяжы.

«Рабіць добра дзеля беларусаў — і тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся»

Дызайнэрка і заснавальніца аднаго з папулярных беларускіх брэндаў Аляксандра (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) кажа, што ў першыя дні вайны было адчуваньне, што праца дызайнэраў зараз нікому не патрэбная, што ўсё адыдзе на другі плян.

«Але гэты сакавік паказаў іншы бок — у мяне быў усплёск замоваў. Я, шчыра кажучы, ніяк не магла гэта прадбачыць. Частка дзяўчат набывала штосьці перад тым, каб зьехаць з краіны. Але цяпер такі час, які ўзмацняе жаданьне падкрэсьліць менавіта свой культурны код, адкрыта адмежавацца ад іншых кодаў, падкрэсьліць гэта мовай, фальклёрнай культурай, ідэнтычнасьцю. І вось праз гэтыя ўсе жаданьні, мэты людзі пачалі ў мяне нешта набываць, таму што гэта мэсыдж», — кажа Аляксандра.

Дызайнэрка не падымала цэнаў на сваё адзеньне, бо пакуль вырабляе з матэрыялаў, якія набыла да ўсіх падзей ва Ўкраіне.

«Вядома, мы, тыя дызайнэры, якія засталіся ў Беларусі, хвалюемся, што ўжо два гады нашая патэнцыйная аўдыторыя зьяжджае, усё менш яскравых паненак застаецца на Радзіме. Хвалюемся, што наша праца будзе тут непатрэбная. А калі будзе патрэбная камусьці зь беларусаў за мяжой, то цяпер складана з грашовымі пераводамі паміж намі. Але гэты час я жыву нібыта аўтаматычна, мэханічна. Я проста раблю сваю працу, у мяне сапраўды было шмат замоваў — гэта мой ратунак, маё натхненьне, мая тэрапія, як гэта ўсё і было ў 2020-м».

Аляксандра прызнаецца, што ня ведае, як цяпер сябе адчуваюць брэнды, не зьвязаныя з культурай, нацыянальнымі матывамі.

«Мне здаецца, на такія брэнды будзе нейкі ўплыў. І ўвогуле, што тычыцца адзеньня, думаю, будуць пасьпяховыя нейкія клясычныя мадэлі — настолькі добрая рэч, што на яе можна патраціць грошы. Або гэта рэч, якая ня мае паўтораў, яна падкрэсьлівае твае думкі, твой стан. Вось я лічу, што на такія дзьве часткі можна падзяліць дызайнэрскія брэнды. Я не кажу цяпер пра буйныя прадпрыемствы, але ўсё ж такі ім будзе трошку прасьцей, чым нам, каму падтрымка проста неабходная».

Цяпер нічога плянаваць немагчыма, кажа дызайнэрка.

«Я жыву сёньняшнім днём. Так, магчыма, давядзецца выкарыстоўваць тэлеграм. Так, мяне можа ў хуткім часе ня быць у Беларусі. Але я магу параіць працягваць рабіць тое, што вы любіце, тое, што вы можаце рабіць, і тое, што можа прынесьці нешта карыснае, добрае людзям. Калі вы ладзіце мерапрыемствы, зрабіце іх зь нейкай карысьцю для тых, каму патрэбная дапамога».

Аляксандра лічыць, што сытуацыя бліжэйшым часам ня зьменіцца.

«На сытуацыю могуць паўплываць толькі самі беларусы, а іх у краіне застаецца ўсё менш і менш. Таму проста трэба рабіць тое, што ты можаш, з тым, што ў цябе ёсьць, там, дзе ты ёсьць. Вось гэта такі распаўсюджаны выраз: „рабі што робіш, і будзь што будзе“. Увесь сакавік у мяне былі зьніжкі на адзеньне. Каб падтрымаць сваіх і неяк самой пратрымацца. Знаходзячыся ў Беларусі, я бачу сваю справу ў тым, каб рабіць добра дзеля беларусаў — і тых, хто зьехаў, і тых, хто застаўся. Гэта тое, што ў маіх сілах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG