На сваіх танках і грузавіках расейцы вывозілі, што нарабавалі ва ўкраінцаў — каштоўнасьці, грошы, адзеньне, дзіцячыя цацкі, самакаты, кандыцыянэры. Цяпер яны ўсё гэтае дабро адпраўляюць кур’ерскай службай зь Беларусі і памежнага з Украінай расейскага гораду Навазыбкава.
Адпраўленьні онлайн
На онлайн-трансьляцыі з аддзяленьня кур’ерскай службы CDEK у расейскім горадзе Навазыбкаў і сёньня відаць, як людзі ў камуфляжным адзеньні адпраўляюць пральныя машыны і іншыя буйнагабарытныя рэчы.
Навазыбкаў знаходзіцца за 70 кілямэтраў ад украінскай мяжы і за 30 ад беларускай. Паводле выданьня «Медиазона», якое аналізавала абнародаваныя беларускім блогерам Антонам Матолькам першыя відэазапісы ад 3 красавіка, расейскія салдаты працягвалі актыўна адпраўляць сваякам пасылкі ня толькі з Мазыра, але і з расейскага Навазыбкава.
Паводле «Медиазоны», гэта адбывалася 4 і 5 красавіка, а сярод пасылак журналісты пабачылі камуфляжную вопратку і офісную мэблю.
Ад відэакартаў да кандыцыянэраў і самакатаў
Журналісты «Медиазоны» спраўдзілі і пэрсанальныя зьвесткі грамадзян, якія з мазырскага аддзяленьня кур’ерскай службы CDEK адпраўлялі пасылкі з выкрадзенымі ва Ўкраіне рэчамі мірных грамадзян.
На відэазапісах у Мазыры зафіксаваныя, хутчэй за ўсё, дэсантнікі або марскія пяхотнікі, якія запакоўвалі пасылкі плёнкай і скотчам, а таксама мералі іхныя габарыты рулеткай.
«На дзявятай хвіліне відэа адзін з вайскоўцаў, які каардынуе дзеяньні сваіх таварышаў і размаўляе з работніцай CDEK, пачынае разьбіраць канвэрты і паперы на стале. На адной зь іх буйным шрыфтам запісаны імёны і нумары тэлефонаў. Адно з прозьвішчаў — Дзегцяроў — відаць досыць выразна», — піша «Медиазона».
У адпраўленьнях — відэакарта, дзьве бутэлькі (пэўна, алькаголь), электрасамакат, кандыцыянэры і акумулятары, на адным з кадраў відаць пакет з украінскага ГЦ «Эпіцентр».
Адпраўнікі і адрасы
Вага пасылак расейцаў складала ад 50 да 450 кіляграмаў. Журналісты «Медиазоны» спраўдзілі нумары адпраўленьняў на сайце CDEK — яны аказаліся сапраўднымі, былі прынятыя ў мазырскім аддзяленьні кампаніі і належаць людзям, прозьвішчы і ініцыялы якіх цалкам супадаюць з апублікаванымі зьвесткамі блогера Антона Матолькі.
«Больш за ўсё пасылак з Мазыра адпраўлена ў Рубцоўск — гэты горад пазначылі 49 з 69 адпраўнікаў. Астатнія пасылкі пайшлі ў Маскву, Чыту, Омск, Новасібірск, Пскоў, Бірабіджан і іншыя гарады Расеі. Самая сьціплая з пасылак важыць усяго тры кіляграмы, а самая вялікая — амаль паўтоны», — піша «Медиазона».
Паводле калькулятара на сайце CDEK, дастаўка грузу габарытамі 120×120×80 см і вагой да 200 кг з Мазыра ў Рубцоўск каштуе 12 325 расейскіх рублёў (150 даляраў у эквіваленце). Паводле тарыфу «Пасылачка» невялікі груз да 12 кг (33×34×26 см) з Мазыра ў Рубцоўск даставяць усяго за 907 рублёў (11 даляраў).
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.