На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў.
Кудзько
- Мне падаецца, што краіны, якія на Генэральнай асамблеі ААН устрымаліся падчас галасаваньня па рэзалюцыі аб вайне ва Ўкраіне, будуць і надалей займаць такую пазыцыю: гэта ня наша вайна, гэта недзе далёка, мы за мір ва ўсім сьвеце.
- Будзе вэрбальнае абурэньне, скажуць, што так нельга рабіць. Але я ня думаю, што такія краіны, як Кітай, Індыя ці Бразылія, увядуць санкцыі адносна Расеі.
- Іх рэакцыя будзе залежаць ад таго, наколькі моцна на іх будзе ціснуць Захад. Калі ціск будзе моцны, то, магчыма, яны прызнаюць віну Расеі.
- Ужо ў нядзелю заходнія краіны заявілі пра новыя санкцыі. Кожны інцыдэнт, падобны да Бучы, будзе спараджаць хвалю новых санкцый. Яны дойдуць да таго ўзроўню, калі яны будуць вельмі добра адчувацца і расейскім насельніцтвам, і расейскімі элітамі. Але санкцыі — гэта паступовы працэс.
- Я магу ўявіць сабе, што празь некалькі месяцаў уся Эўропа, у прыватнасьці, Нямеччына, адмовіцца ад расейскага газу. Летам гэта будзе зрабіць прасьцей, бо меншы попыт на энэрганосьбіты.
- На Захадзе Беларусь разглядаецца як дзяржава-агрэсар. Але робіцца так, каб у сэнсе санкцыяў Беларусі дасталася крыху менш, чым Расеі. Бо Беларусь пакуль не пасылае свае войскі для баявых дзеяньняў ва Ўкраіну.
- Будуць узмацняцца найперш санкцыі адносна Расеі. Але і Беларусі будзе нясоладка, бо нэгатыўныя наступствы санкцыяў адносна РФ адбіваюцца на Беларусі. Адказам Захаду на выклік бойні ў Бучы будзе пашырэньне паставак ва Ўкраіну тых узбраеньняў, якія пастаўляліся і раней, а таксама крышачку — пастаўкі цяжкіх узбраеньняў, якія раней Украіне не пастаўляліся.
- Захад не абяцаў, што будзе вечна аказваць дапамогу Ўкраіне нават у цяперашніх аб’ёмах. Пастаўкі «джавэлінаў» і «стынгераў» — гэта ня так, што бярыце колькі хочаце.
- Славаччына спрабуе перадаць Украіне сыстэмы супрацьракетных комплексаў С-300 у абмен на больш сучасныя сыстэмы ад іншых краінаў NATO.
- Што тычыцца закрыцьця неба над Украінай, для гэтага пакуль няма палітычнага рашэньня.
- Вельмі важна памятаць, што пастаўкі зброі — гэта толькі частка паставак Украіне ад Захаду. Ідуць пастаўкі цывільных тавараў і матэрыялаў. Больш за палову эканомікі Ўкраіны не функцыянуе ва ўмовах вайны. Таму патрабуюцца масіраваныя гуманітарныя пастаўкі і фінансавая дапамога Ўкраіне.
- Пакуль абмяркоўваецца, ці можна скасаваць ці скараціць міжнародную запазычанасьць Украіны. На гэтым кірунку таксама яшчэ шмат працы.
Вусаў
- Я мяркую, што Кітай да апошняга будзе ўмоўна падтрымліваць Расею. У Кітаі існуюць сурʼёзныя праблемы з уйгурамі. Фактычна Кітай праводзіць палітыку генацыду ў дачыненьні да гэтай этнічнай меншасьці на працягу некалькіх гадоў. Расея ўвесь час падтрымлівае Кітай у гэтым пытаньні.
- Чым даўжэй гэтая вайна будзе працягвацца, чым больш інфармацыі пра яе хаду будзе зьяўляцца, чым больш жорсткімі будуць рабіцца санкцыі, тым цяжэй незаходнім краінам будзе стаяць убаку.
- Украіна імкнецца дзейнічаць у межах міжнароднага прававога поля, запрашаючы місію для ўсталяваньня фактаў адносна Бучы. Іншых міжнародных мэханізмаў няма.
- Мы бачым, што не працуе мэханізм NATO, бо яны баяцца вайны з Расеяй, нягледзячы на тое, што Ўкраіна просіць закрыць неба і даць больш эфэктыўную зброю. Захад у гэтым пытаньні дзейнічае вельмі пасіўна, што адкрывае прастору для такіх злачынстваў, як у Бучы.
- У Вугоршчыне чарговым разам перамог Віктар Орбан. Вугоршчына не зьбіраецца адмаўляцца ад добрых стасункаў з Расеяй, з Пуціным і ад закупак расейскага газу.
- Ёсьць дзяржавы, якія гатовыя ахвяраваць, гатовыя заціснуць паясы — гэта краіны Балтыі і Польшча. Ня думаю, што Нямеччына на працягу некалькіх месяцаў наважыцца на такі радыкальны крок, як спыненьне імпарту газу з Расеі.
- І ёсьць такія краіны, як Гішпанія, Партугалія, часткова — Італія, для якіх праблема Ўкраіны хоць і больш актуальная, чым раней, але далёкая.
- Рэакцыя эўрапейскіх грамадзтваў на пэрспэктыву зацягваньня паясоў будзе залежаць ад інфармацыйнай палітыкі ўрадаў.
- Большасьць у Эўропе не цікавіцца палітыкай. Цяперашняя ўвага да падзеяў ва Ўкраіне — кароткатэрміновая. Рэзкае зьніжэньне дабрабыту і рост цэнаў можа спрыяць пэўнай дэстабілізацыі ў дзяржавах ЭЗ, асабліва ў «старой Эўропе».
- Палітыка адносна рэжыму Лукашэнкі будзе залежаць ад таго, ці будзе створаны міжнародны трыбунал па дзеяньнях Расеі, ці будуць такія палітыкі, як Пуцін, Лаўроў і Пяскоў, абвешчаныя ваеннымі злачынцамі, і ці будзе такім жа злачынцам абвешчаны і Лукашэнка.
- Лукашэнка ня проста суагрэсар, ён і ваенны злачынца.
- «Джавэліны», «стынгеры» і таму падобная зброя — гэта эфэктыўная, але лякальная зброя, зброя блізкага бою. Вайна пераходзіць у фазу татальнага зьнішчэньня інфраструктуры, гаспадаркі Ўкраіны.
- Гэта робіцца пры дапамозе вайскова-паветраных сілаў РФ. Супрацьстаяць гэтаму можна толькі пры дапамозе больш моцнай супрацьпаветранай абароны. Ёсьць інфармацыя, што зьбіваецца ня больш за траціну ракетаў, якімі Расея наносіць удары па Ўкраіне.
- Другі элемэнт супрацьстаяньня — гэта самалёты, якіх Украіна патрабуе і якіх пакуль яна не атрымлівае. Амэрыканцы пакуль не прынялі рашэньне аб пастаўцы адпаведных польскіх самалётаў.
- Я ўпэўнены, што гэтая вайна ня скончыцца, пакуль ня будуць наносіцца ракетныя ўдары па расейскай інфраструктуры на тэрыторыі Расеі і Беларусі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.