Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлёрка і пярцовы газ. Праваабаронцы сабралі сьведчаньні пра катаваньні асуджаных за антываенныя пратэсты


Менская турма на завулку Акрэсьціна
Менская турма на завулку Акрэсьціна

Згодна са зьвесткамі праваабаронцаў, за ўдзел у антываенных акцыях 27 і 28 лютага за кратамі апынуліся прынамсі 616 чалавек.

Хлопец і дзяўчына, якіх затрымалі пасьля галасаваньня на рэфэрэндуме, расказалі «Вясьне» пра ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна і ў Жодзіне і пра мэтады зьдзекаў супрацоўнікаў ізалятараў з «палітычных» вязьняў.

У РУУС дзяўчат білі па нагах

Карыну (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) затрымалі на адным з выбарчых участкаў Менску 27 лютага. Паводле яе слоў, камісіі на ўчастку не спадабалася пытаньне «А дзе паглядзець зьмены Канстытуцыі?»

Ужо ў РУУС участковыя давалі зразумець, што калі яна адмовіцца падпісваць пратакол, затрыманым могуць пагоршыць умовы. Дзяўчаты, якія зь сілавікамі размаўлялі «ня так, як трэба», расказалі, што іх білі па нагах, арыштоўвалі на большую колькасьць сутак і выпісвалі па два пратаколы — і суткі, і штраф.

Ва ўпраўленьні міліцыі затрыманыя ўвесь час знаходзіліся ў спартзалі.

Дзяўчына ўзгадвае, што чула, як за дзьвярыма білі хлопца, які адмаўляўся называць супрацоўнікам свой пароль ад тэлефона.

Замест туалетнай паперы — аркушы з кнігі

На Акрэсьціна затрыманых перавозілі ў «стаканах» аўтазакаў. У камэрах не было ні матрацаў, ні пасьцельнай бялізны, верхнюю вопратку адразу забралі, а ў першую ноч пакусалі клапы.

Ад стрэсу ў некаторых жанчын адначасова пачаліся месячныя, пракладкі супрацоўнікі ім выдавалі без праблем, але з туалетнай паперай было цяжка.

«З паперай былі праблемы, але мы настойліва выпрошвалі, і яны штосьці нам выдавалі. Канечне, паводле аб’ёму гэта разоў у пяць менш, чым трэба. Ужо ў Жодзіне ў іх і газэты скончыліся. Яны прыходзілі і казалі, што шукаюць для нас хоць штосьці. І знайшлі — аркушы з цытатамі з кнігі з фразэалягізмамі. Падмываліся з дапамогай вады з бутэлькі. Да гэтага яе грэлі паміж батарэямі нейкі час. Бутэльку таксама выпрошвалі. Выпрошвалі ўсё і ўвесь час...»

Акрамя гэтага, у камэру да дзяўчат падсаджвалі бяздомных жанчын.

У камэры па вэнтыляцыйнай трубе трапіў пярцовы газ

Частку арышту Карына адбывала ў жодзінскім ізалятары. Там па суседзтве былі дзьве жаночыя камэры: у чатырохмеснай было 13 чалавек, а ў дзесяцімеснай — 30. Некаторых да пераводу ў Жодзіна не кармілі чатыры дні. Ложкі ў ізалятары былі мэталічныя, а на падлозе — плітка. Верхнюю вопратку не забіралі, таму яе можна было падкладаць пад сябе.

Начамі супрацоўнікі турмы ў Жодзіне адмыслова шумелі і заміналі спаць. Акрамя гэтага, раней былыя арыштанты дзяліліся гісторыяй пра тое, як дзяжурныя вывелі некалькі мужчын у душ, замкнулі іх і залілі пярцовым газам. Але гэты газ праз вэнтыляцыйную трубу трапіў і ў астатнія камэры на паверсе.

«Хлёрку не залівалі, але газ з балёнчыка па вэнтыляцыі дайшоў і да нас. Кашлялі мы знатна, як і ўвесь паверх. Супрацоўнікі галасілі ўначы вельмі гучна і адмыслова. Пілі, чокаліся, сьпявалі, глядзелі відэа. Песьню „Засыпай, на руках моих засыпай“ мы чулі ўсю ноч проста пад дзьвярыма. А яшчэ яны вельмі любілі адчыняць дзьверы і глядзець на нас. І пасьля адбою маглі зайсьці. Мы вельмі баяліся начных наведваньняў. Дый проста ў вочка падглядаць — гэта іхны ўлюбёны занятак».

Мэдыцынскага работніка ў Жодзіне не было, а таблеткі затрыманым давалі толькі тыя, якія перадавалі сваякі. Абязбольвальныя дзяўчатам давялося прасіць пяць дзён. Урэшце далі.

У перапоўненых камэрах па сьценах цёк кандэнсат

Максіма (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) затрымалі 27 лютага недалёка ад участку для галасаваньня. Ён ужо сыходзіў, калі да яго падышоў супрацоўнік міліцыі і папрасіў паказаць тэлефон. Празь некаторы час да іх пад’ехаў мікрааўтобус, зь якога выбеглі некалькі амапаўцаў і затрымалі хлопца. Ва ўпраўленьні, паводле яго слоў, знаходзілася больш за 30 затрыманых. Пасьля складаньня пратаколу і вопісу рэчаў усіх павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Менчука зьмясьцілі ў шасьцімесную камэру, у якой сядзелі 16 чалавек. Адразу ў камэры былі нават матрацы, але дзяжурныя сказалі затрыманым вынесьці іх. Улічваючы, што затрыманьне адбывалася ў абед, на Акрэсьціна іх камэру не кармілі да раніцы наступнага дня.

Акрамя гэтага, у першую ж ноч усіх затрыманых пакусалі клапы. У гэтай камэры хлопца трымалі тры дні да суду. Пазьней Максіма адправілі на «суткі».

Увесь арышт хлопец адбываў у ЦІП на Акрэсьціна. У першай камэры, у якую яго пасадзілі, разьлічанай на чатырох чалавек, арыштантаў было 16.

«Тэмпэратура паветра была ў раёне 30 градусаў, па сьценах цёк кандэнсат. Вокны і кармушка былі зачыненыя. Цэлы дзень нам давалі ўсяго дзьве порцыі ежы на 16 чалавек. Казалі, што астатнія мусілі нібы зьехаць на Жодзіна і ім харчаваньне не паложана».

У камэрах было ад 32 да 40 чалавек, а ў адзін зь дзён супрацоўнікі залілі ў камэру хлёрку.

Празь некалькі сутак хлопца спачатку перавялі ў камэру, дзе на шэсьць «шконак» былі 32 чалавекі.

«Была адна шкадлівая раздатчыца, якая пэрыядычна адмыслова перакульвала талеркі зь ежай на падлогу камэры. Нам забаранялі ляпіць з хлеба шашкі і шахматы, аргумэнтуючы тым, што яны на хлеб моляцца. Далей мяне перавялі ў васьмімесную камэру. Там было каля 40 чалавек. Спалі на падлозе, на лаўках, стале, на шконках і пад імі. Падсьцілалі пад сябе адзеньне. Ва ўсе камэры падсялялі бамжоў. У адзін зь дзён нас вывелі на ранішні агляд і ў камэру залілі вядро хлёркі».

Хлеб з пахам мяса, а вада з крана сьмярдзіць хлёркай

«Кармілі кашай: сечкай, аўсянкай, прасянкай, пярлоўкай. З гэтымі кашамі давалі пячоначныя, рыбныя, мясныя катлеты, у якіх хлеб быў прасякнуты пахам мяса. Часам давалі рыбу. На сьняданак была гарбата, на абед кісель ці ўзвар. На вячэру піць нічога не давалі. Вада з-пад крана жудасна сьмярдзіць хлёркай».

На Акрэсьціна ў затрыманых па-ранейшаму забіраюць грошы ў лік аплаты за харчаваньне. Праз тыдзень у арыштантаў забралі курткі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG