Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сьцяну». Што рабілі на Акрэсьціна з затрыманымі на антываенных акцыях


Антываенны плякат у Менску, сакавік 2022
Антываенны плякат у Менску, сакавік 2022

Былая выкладчыца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Дуліна расказала пра зьдзекі і катаваньні на Акрэсьціна. Яна адседзела чарговыя 15 сутак нібыта за ўдзел у антываеннай акцыі, якой не адбылося.

Судзілі яе толькі на трэці дзень, да гэтага не давалі есьці. У камэры, разьлічанай на 4 чалавек, знаходзіліся 25 жанчын. У апошнюю ноч у камэры прымусова адчынілі акно.

«Калі раней затрымлівалі, значыць, вінаватая апрыёры»

Меркавалася, што 28 лютага ў Менску адбудзецца акцыя супраць вайны ва Ўкраіне, расказвае Натальля Дуліна.

Натальля Дуліна. Архіўнае фота
Натальля Дуліна. Архіўнае фота

«Мы хацелі сабрацца на прывакзальнай плошчы ў Менску. Мая сяброўка, якая працуе побач з вакзалам, сказала, што ўсё вакол абкладзена ціхарамі. Я купіла квіток да Маладэчна, адразу заўважыла шмат ціхароў. Каля мэтро стаялі аўтазакі і бусы. І тут мы бачым, як гэтая „чорная зграя“ схапіла хлопчыка. А ў мяне ў такія хвіліны зьяўляецца нейкая лютасьць і я не магу ўжо сябе кантраляваць, мой інстынкт самазахаваньня не працуе. Я пачала крычаць, каб яго адпусьцілі, схапілася за дзьверцы буса. І мяне, і маю знаёмую адвезьлі ў Заводзкае РУУС», — эмацыйна апавядае жанчына.

У пратаколе было напісана, што яна стаяла ў натоўпе, крычала «Не — вайне!» і «Слава Ўкраіне». Натальля, натуральна, запярэчыла, што гэта няпраўда. І напісала, як усё было папраўдзе. Супрацоўнікі пачалі правяраць у затрыманых тэлефоны. Хто яны — звычайныя міліцыянты з РУУС ці з ГУБАЗіКу — Натальля не зразумела.

«Яны паводзілі сябе вельмі нахабна, такі сьцёб у іх быў: мне сказалі, маўляў, „вы ўжо на захадзе свайго жыцьця“, „а ці не стаіце вы на ўліку ў псыхіятра?“ Я, вядома ж, адказвала ім адпаведна, з выклікам. Нейкая разьюшанасьць мяне тады зноў накрыла. У РУУСе запыталіся, у каго ёсьць квіткі на цягнікі. У мяне якраз квіток быў, да Маладэчна, бо мой муж знаходзіцца ў Вялейцы. Але гэты квіток мне не дапамог. Наадварот, калі яны зайшлі ў сваю базу і пабачылі, што я раней ужо затрымлівалася, пачалі іранізаваць, што я апрыёры вінаватая», — працягвае яна.

Суд адбыўся на трэці дзень, да суду не кармілі

Потым затрыманых павезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. У камэры на дваіх разьмясьцілі 17 чалавек. Ракавіны ў камэры не было, замест яе — сьметніца, кран тырчаў са сьцяны. Было вельмі нязручна бяз ракавіны, калі трэба выліваць ваду ў прыбіральню.

Ізалятар на Акрэсьціна. Архіўнае фота
Ізалятар на Акрэсьціна. Архіўнае фота

«Было вельмі горача. Спалі на падлозе. Звычайна да суду людзей ня кормяць, нібыта яшчэ ня ставяць на «довольствие». Праўда, і грошай за ўтрыманьне ў гэтыя дні не бяруць. Суд адбыўся толькі на трэці дзень. Уявіце, проста на падвоканьні ў калідоры стаяў ноўтбук. Судзьдзя запытаўся: «Навошта вы ўмешваліся ў працу супрацоўнікаў міліцыі? «Я грамадзянка Беларусі, дзяржаўныя органы служаць народу, і я як прадстаўніца народу маю права ведаць, як яны працуюць», — расказвае Натальля пра свой удзел у судзе.

Сьведка, па словах Натальлі, быў у капюшоне і масцы. Ён нічога ня памятаў: ні дзе Дуліна была, у якім натоўпе, хто быў побач зь ёй. Судзьдзя нават не зрабіў перапынку, каб падрыхтаваць рашэньне, адразу вынес вырак — 15 сутак.

25 чалавек у камэры, разьлічанай на шасьцярых

Потым «палітычных» перавялі ў іншую камэру, разьлічаную ўжо на шасьцярых, але пастаянна людзей дадавалі. Колькасьць насельнікаў даходзіла да 25. У гэтай камэры таксама была «душагубка», «кармушкі» часта не адчынялі, дыхаць было цяжка. «Кінулі нам у камэру „коціка“ — знакамітую бамжыху Алу Ільлінічну, якую часьцяком падсялялі да „палітычных“. Але ўсе дзяўчаты былі вельмі адукаваныя, эрудыткі, клясныя! Як прынята ў палітычных, мы сьпявалі, гулялі ў гульні, размаўлялі.

З намі сядзела прафэсарка філялёгіі з БДУ Ала Кожынава. Мы зь ёй чыталі лекцыі дзяўчатам па мове, літаратуры. Хтосьці рабіў агляд кніг. Мне гэта нагадала, як Дзьмітрый Ліхачоў, калі быў у турме, таксама чытаў зэкам лекцыі. Усе дзяўчаты былі вельмі прыстойныя, цікавыя, людзі розных прафэсій», — зь цеплынёй успамінае сваіх сукамэрніц Натальля.

«Урублеўскі вывеў жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сьцяну»

Сярод пэрсаналу былі розныя людзі: і жорсткія, злыя, і спачувальнікі. І так званыя «прадольныя», якія кожныя 15-20 хвілін павінны глядзець у вочка камэры, таксама былі розныя, кажа Натальля Дуліна.

«Быў і адзін сумнавядомы пэрсанаж — Яўген Урублеўскі. Яшчэ да суду ў адной жанчыны моцна балела галава, яна папрасіла таблетку; хтосьці папрасіў туалетнай паперы. Дык ён так раззлаваўся, пачаў хаміць. Потым Урублеўскі вывеў гэту жанчыну ў іншы пакой і ўдарыў галавой аб сьцяну. Я біла рукамі ў дзьверы, адбіла далоні. Я яму адпаведна адказала, бо не магла стрымацца. Ён і на мяне замахваўся, але побач былі іншыя супрацоўнікі, дык да ўдару справа не дайшла. Страшны, бязьлітасны чалавек.

Большасьць супрацоўнікаў нас ненавідзела, яны страшэнна раздражняліся, калі бачылі, што мы іх не баімся. Адна супрацоўніца нібыта і спачувала, але вельмі моцна лаялася матам. Доктарка таксама жудасна лаялася. Мы прасілі кнігі, нам тлумачылі, што кнігі ёсьць, але нам яны „не паложаны“. У іншых затрыманых былі матрацы, бялізна, прагулкі, душ. У палітычных — нічога», — кажа Натальля Дуліна.

«Шалёная малочніца» і пошукі лыжкі

Кожную ноч а 2-й і 4-й гадзіне палітычных абавязкова будзілі, была пераклічка. Паколькі ў камэры было 26-27 чалавек, выслухаць кожную ў «прадольных» не хапала цярпеньня і пераклічку яны спынялі. Перадачы забароненыя, родныя маглі перадаць толькі рэцэптурныя лекі. Са сродкаў гігіены выдавалі толькі туалетную паперу і сьмярдзючае мыла, і тое зь перабоямі.

«У мяне і ў 2020 годзе, калі я сядзела, і цяпер вельмі балелі ногі. Я прымала абязбольвальныя таблеткі і рабіла практыкаваньні. Штодня хвілін па 40. Ахоўнік пачаў чапляцца. Я кажу: „Вы хочаце, каб у мяне быў прыступ?“ Ён адказвае: „А мне ўсё роўна“.

Ёсьць у ЦІПе адна раздатчыца ежы, якую называюць „шалёная малочніца“. Калі ёй задаюць пытаньнні, яна адкрывае зяпу — і панеслася! Яна раўла безь перапынку. Аднойчы, калі нас пераводзілі з камэры ў камэру, яна недалічылася адной лыжкі. Нібыта мы вярнулі пасьля абеду 24, а павінна быць 25. Яна зладзіла нам такі канцэрт! Прыйшоў прадольны і нас папярэдзіў, што калі ня знойдзецца гэта лыжка, нашу камэру заліюць хлёркай. Лыжка потым знайшлася, але „асадачак застаўся“. Я змагалася за правы, часам гэта шкодзіла. Мяне перавялі яшчэ ў адну камэру, там былі 24 чалавекі. Потым некаторых пачалі выпускаць, і, калі засталося 15, мы жартавалі, што нас так мала!», — успамінае свой арышт Натальля.

На 8 сакавіка жанчынам зрабілі «сюрпрыз». Спачатку, магчыма, у супрацоўнікаў ізалятара была запарка і яны не забралі ў зьняволеных верхнюю вопратку. А на жаночае сьвята ўсе курткі і паліто забралі. Натальля, ужо навучаная горкай практыкай ранейшай адседкі, апранала ўсё на сябе, пад адзеньнем хавала каробачку зь лекамі.

«У апошні дзень у нас выпадкова адчынілася акно, удзень было сьвежае паветра. А потым стала вельмі холадна. Самі зачыніць мы яго не маглі, прасілі супрацоўнікаў, але тыя не зачынілі. Уначы ўсе прастудзіліся. Я выйшла вельмі хворая, з тэмпэратурай, катарам. Ня ведаю, ці гэта звычайная прастуда, ці омікрон — я ніколі не хварэла на каранавірус», — Натальля расказвае пра сваю адседку хрыплым голасам.

«Мы павінны навучыцца адстойваць свае правы, пастаяць за сябе»

Натальля Дуліна кажа, што хоча сабрацца зь сіламі і ўсё ж напісаць скаргу ў органы нагляду, у пракуратуру, хоць і разумее, што гэта бессэнсоўна.

«Але нельга трываць зьдзекі, нельга ўцягваць галаву ў плечы. Яны павінны разумець, што такія рэчы не застаюцца без увагі. Трэба пісаць, бо гэта ж сапраўдныя катаваньні! Пакараньне — гэта абмежаваньне волі, але да нас ставяцца, як да жывёлаў. Гэта ўжо не пакараньне, а гвалт.

Мяне „забівае“ і маральны аспэкт. Яны нас проста ненавідзяць! На адной з акцый падыходзіць да мяне адзін сілавік і кажа: „Я б гэтых усіх бандэраўцаў задушыў. А ты пачвара“. У іх прамытыя мазгі, яны прызвычаіліся, што ім ўсе падпарадкоўваюцца. Яны шалеюць ад таго, што мы, нягледзячы ні на што, захоўваем чалавечае аблічча.

І яшчэ адзін момант: нягледзячы на нашу безабароннасьць і наша маўчаньне, мы павінны навучыцца адстойваць свае правы, пастаяць за сябе. Пакуль мы нічога ня можа зрабіць, зьмяніць, беларусам бракуе сьмеласьці, рашучасьці, Магчыма, гэта наша нацыянальная рыса. Але ня хочацца мірыцца з гэтым», — кажа Натальля Дуліна, якая адседзела чарговыя 15 сутак на Акрэсьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG