Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Завялі нас у душ і залілі газам, білі». Як адбывалі «суткі» затрыманыя на антываенных акцыях


Затрыманьні ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць вайны ва Ўкраіне. Менск, 27 лютага
Затрыманьні ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць вайны ва Ўкраіне. Менск, 27 лютага

Каля 800 беларусаў трапілі ў ізалятары пры «хапуне» 27 лютага, у дзень рэфэрэндуму. Людзі ў асноўным атрымлівалі па 15 сутак. Цяпер яны выходзяць на свабоду.

Тыя, хто адбыў «пакараньне», расказалі Свабодзе пра нечалавечыя ўмовы і зьдзекі ў ізалятары ў Жодзіне.

«Канвойныя крычалі на нас: «Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых забівалі на Данбасе?»

Дзяніс (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) 27 лютага прагаласаваў на сваім участку і вырашыў прагуляцца са знаёмымі па праспэкце Незалежнасьці. У жанчын на сумачках былі маленькія жоўта-блакітныя стужкі.

«Ня ведаю, ці гэта было прычынай затрыманьня. Я шчыра не зьбіраўся на акцыю, бо ўжо быў на „сутках“ і не хацеў зноў туды. Але каля нас спыніўся мікрааўтобус, выскачылі супрацоўнікі АМАП, і нас павезьлі спачатку ў Цэнтральны, адтуль у Партызанскі РАУС. На мяне склалі пратакол. Нібыта я крычаў „Не — вайне“ і „Не — канстытуцыйнаму рэфэрэндуму“. На судзе выступаў „штатны сьведка“ — міліцыянт з Партызанскага РАУС, які чуў нібыта, што я крычаў. Ён сьведчыў на мноства людзей», — расказаў Дзяніс.

Ён атрымаў 15 сутак.

Пакараньне адбываў у Жодзіне.

«Прымалі нас там даволі жорстка — білі, але не скажу, што моцна. Неяк слаба. Больш каб прыстрашыць. Размаўлялі яны мацюкамі. Крычалі на нас рознае. У тым ліку і „Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых людзей забівалі на Данбасе?“. У камэры на чатырох нас было 16 чалавек — роўна ў чатыры разы больш. Камэра была 12 квадратных мэтраў. Значыць, на чалавека не было і мэтра. Натуральна, ані перадач, ані падушак, бялізны, матрацаў. Не было нават туалетнай паперы. Ваду пілі з-пад крана», — кажа жыхар Менску.

«Паклалі тварам у падлогу, бегалі і тапталіся па нас»

4 сакавіка адзначаецца Дзень беларускай міліцыі. Не прапусьцілі сьвята і канвойныя.

«Яны сьвяткавалі так: сярод ночы выцягвалі людзей з камэр — тых, якія ці абураліся раней, ці скардзіліся, ці проста ім не падабаліся, адводзілі ў душ і білі там. Да нас уварваліся ноччу, паклалі тварамі ў падлогу, бегалі па нас, тапталіся, білі. Але было адчуваньне, што рабілі гэта ня на ўсю моц, а так, быццам адпрацоўвалі ўказаньне зьверху. Крычалі, абражалі... Такое адчуваньне было, што гэта нейкая калгасная бойка», — кажа Дзяніс.

Ён распавядае, што людзі ў камэры адрозьнівалася ад тых, з кім ён сядзеў у 2020 годзе за ўдзел у акцыях.

«Каля траціны былі выпадковыя людзі. Тыя, хто выходзіў з тралейбуса, ішоў у кіно, трапіў выпадкова ў месца „зачысткі“. Яны далёкія ад палітыкі. Сваё затрыманьне ацэньвалі як няшчасны выпадак. Пасьля сутак, сказалі, што будуць больш пільнымі ці зьедуць з краіны. Былі ў нас людзі, якіх мы называлі „фатографамі“. Гэта тыя, хто сфатаграфаваў бюлетэнь, а старшыня камісіі, пачуўшы, што тэлефон шчоўкнуў, — выклікаў міліцыю. Была група тых, каго ўзялі яшчэ да рэфэрэндуму. Гэта работнікі паліграфічных фірмаў — на іх перад рэфэрэндумам была аблава, шукалі тых, хто можа рабіць улёткі. Была група, каго ўзялі за кветкі ля ўкраінскай амбасады. Былі тыя, каго ўзялі сем’ямі — муж з жонкай, браты, маці і сын», — падзяліўся Дзяніс.

У яго склалася ўражаньне, што з трох групаў канвойных, якія кожныя тры дні зьмяняліся, толькі адна група была надта жорсткай: не давалі сядзець на ложках, абражалі, білі.

«Астатнія былі, здаецца, адэкватнымі. Дазвалялі нават адкрыць вакно, давалі паперу. Першая група, самая жорсткая, была ў масках. Дзьве астатнія — бяз масак, яны паводзілі сябе нармальна», — кажа мужчына.

«Канвойныя білі людзей з асабістай непрыязі»

Віктар (імя зьмененае. — РС) прыйшоў 27 лютага галасаваць на ўчастак у менскай школе. На бюлетэні ён пакінуў надпіс, але рабіў гэта не дэманстратыўна.

«Можа быць, у камісіі хто заўважыў, ня ведаю. Але да мяне падышлі двое ў цывільным і павезьлі мяне „пагутарыць“. У РАУС склалі ліпавы пратакол, што я крычаў — нават ня там, дзе мяне затрымалі, — „Жыве Беларусь“, „Слава Ўкраіне“ і „Не — вайне“. Першую ноч я правёў на Акрэсьціна ў камэры, дзе на 6 месцаў было 14 чалавек. Прычым там было шмат сьмецьця і клапы. На другую ноч, пасьля суду, нас запіхнулі ў камэру сорак чалавек! Там правялі ноч — і нас павезьлі на Жодзіна», — кажа Віктар.

Ён атрымаў 15 сутак. У камэры ў Жодзіна, разьлічанай на 8 чалавек, сядзелі 32.

«Ні матрацаў, нічога. Жалезныя нары, халодная падлога з пліткі. Стаялі, сядзелі, спалі па чарзе. Туалетную паперу далі адзін раз. Другі раз у якасьці яе далі газэту „СБ. Беларусь сегодня“. Канвойныя былі ў балаклавах. Калі ім нехта не падабаўся, выводзілі ноччу і білі. Ім не падабаліся тыя, хто абураўся, не падабаліся тыя, хто меў пафарбаваныя валасы ці быў спартоўцам, ці выхаваным чалавекам. Яны і маральна зьдзекаваліся, і білі. Прымушалі прысядаць, скакаць. Неяк нас павялі ў душ — 60 чалавек на 4 кабінкі, з кавалачкам мыла. Вада была халаднаватая. Мы там таўкліся, аж канвойны адчыніў душ і заліў нас газам. Ён нічога не тлумачыў. Можа быць, мы шумелі, і яму не спадабалася. У людзей пякло ў вачах, яны кашлялі, некаторыя атрымалі апёкі», — расказаў Віктар.

Ён лічыць, што ў міліцыянтаў ужо разьвілася нейкая клясавая нянавісьць да затрыманых.

«Сябе яны лічаць прывілеяванай кастай. Лічаць, што ім усё дазволена. Яны б’юць людзей праз асабістую непрыязь, гэта такі „мусорской беспредел“. Нам было цяжка, бо мы ня ведалі ніякіх навін. Але разумелі: калі б на вайне адбылося нешта такое, што іх парадавала б, то яны б абавязкова данесьлі гэта нам, каб пазьдзекавацца. Яны стараюцца зламаць чалавека, прынізіць — для іх гэта задавальненьне. Але мы ўсьміхаліся, падтрымлівалі адзін аднаго, а яны моцна на гэта злаваліся», — расказаў мянчук.

Ён дадаў, што пасьля адбыцьця «сутак» людзі не далічыліся сваіх рэчаў. Хто вопраткі, хто — ноўтбука. Іх не было ў апісаньні рэчаў, іх проста скідалі ў пакеты. Потым людзі ўжо сваіх рэчаў не вярнулі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG