«Мы атрымалі яшчэ адно папярэджаньне „Роскомнадзора“. Пасьля гэтага мы прыпыняем выпуск газэты ў сетках і на паперы — да заканчэньня „спэцыяльнай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны“. З павагай, рэдакцыя „Новой газеты“», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні рэдакцыі.
Першае папярэджаньне «Новой газете» «Роскомнадзор» вынес 22 сакавіка. Прычынай тады стала таксама нібыта адсутнасьць пазначэньня «іншаземнага агента» ў адным з матэрыялаў. «Роскомнадзор» запатрабаваў неадкладна адрэдагаваць матэрыял без пазнакі і паведаміць пра гэта.
Два папярэджаньні «Роскомнадзора» за год пагражаюць пазбаўленьнем ліцэнзіі СМІ.
«Новая газета» выходзіла з 1993 году, выданьне лічыцца дэмакратычным і праваабарончым. Пяць журналістаў гэтага СМІ былі забітыя, як лічаць у НГ, за прафэсійную дзейнасьць.
«Новая газета» была адным з апошніх незалежных мэдыя, якое не заблякавалі пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.
Галоўны рэдактар выданьня Дзьмітрый Муратаў летась атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.
Нядаўна стала вядома, што Муратаў выставіў мэдаль прэміі на аўкцыён на карысьць украінскіх уцекачоў.
Раней у Расеі ў сувязі з вайной зьліквідавалі радыёстанцыю «Эхо Москвы», прыпынілі працу «Дождь», Colta, іншыя выданьні. Шмат вядомых расейскіх незалежных журналістаў пакінулі краіну, ратуючыся ад магчымага перасьледу пасьля прыняцьця так званага закону аб «фэйках пра расейскае войска», падпісанага Ўладзімірам Пуціным 4 сакавіка.
Расейскія ўлады заблякавалі сайты мноства выданьняў, сярод якіх «Настоящее время», «Медуза», «Медиазона», ВВС, DW, «Радио Свобода» і яго праекты.