Міністэрства абароны Азэрбайджану выказала шкадаваньне ў сувязі з «аднабаковай заявай Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі ад 26 сакавіка 2022 году, якая не адлюстроўвае рэчаіснасьць».
«Са шкадаваньнем адзначаем, што ў адпаведнасьці з пунктам 4 дадзенай заявы да гэтага часу ня выкананы поўны вывад рэшткаў армянскай арміі і незаконных армянскіх узброеных фармаваньняў з тэрыторыі Азэрбайджану. Таму парушальнікам палажэньняў Заявы зьяўляецца менавіта Армэнія, а не Азэрбайджан», — адзначылі ў Баку.
У Мінабароны Азэрбайджану таксама лічаць, што заява Мінабароны Расеі «супярэчыць характару двухбаковых адносін і Дэклярацыі аб саюзьніцкім узаемадзеяньні, падпісанай паміж дзьвюма краінамі 22 лютага 2022 году».
«У сувязі з вышэйнапісаным Міністэрства абароны Азэрбайджанскай Рэспублікі просіць Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі ў адпаведнасьці з палажэньнямі Трохбаковай заявы забясьпечыць поўны вывад рэштак армянскай арміі і незаконных армянскіх узброеных фармаваньняў з прызнаных міжнароднай супольнасьцю тэрыторый Азэрбайджану, не апісваць у скажонай форме рух узброеных сіл Азэрбайджану па тэрыторыі сваёй краіны, не выкарыстоўваць словазлучэньне „Нагорны Карабах“ і правільна ўказваць назвы тэрыторый Азэрбайджану», — гаворыцца ў заяве Мінабароны.
26 сакавіка Мінабароны РФ накіравала Азэрбайджану заклік адвесьці войскі. Паводле расейцаў, Узброеныя сілы Азэрбайджану нібыта зайшлі ў зону адказнасьці расейскага міратворчага кантынгенту на тэрыторыі Нагорнага Карабаху і нанесьлі чатыры ўдары бесьпілётным лятальным апаратам тыпу «Байрактар ТБ-24» па тэрыторыі Нагорнага Карабаху.
Канфлікт у Карабаху
- Тэрытарыяльная спрэчка паміж Армэніяй і Азэрбайджанам вакол Нагорнага Карабаху доўжыцца з канца 1980-х гадоў. Населеная пераважна этнічнымі армянамі Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць пры падтрымцы Армэніі заявіла аб выхадзе з Азэрбайджанскай ССР, а ў верасьні 1991 году абвясьціла аб стварэньні «Нагорна-Карабаскай рэспублікі» («Арцах» па-армянску).
- Падчас узброенага канфлікту 1988–1994 гадоў у рэгіёне загінулі 30 тысяч чалавек. Нагорны Карабах і некалькі прылеглых да яго раёнаў Азэрбайджану перайшлі пад фактычны кантроль узброеных сілаў Армэніі. У выніку сотні тысяч чалавек, пераважна этнічныя азэрбайджанцы, сталі ўцекачамі і вымушанымі перасяленцамі.
- «Нагорна-Карабаская рэспубліка» не была афіцыйна прызнаная ніводнай зь дзяржаваў ААН, у тым ліку самой Армэніяй. У 1993 годзе ААН прыняла чатыры рэзалюцыі з патрабаваньнямі вываду армянскіх войскаў з Карабаху і прызнаньнем тэрыторыі часткай Азэрбайджану.
- Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна істотны горад Шуша. Назаўтра пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі мірнае пагадненьне аб спыненьні вайны ў рэгіёне.
- Паводле дамовы за Армэніяй і Азэрбайджанам замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі дотыку разьмешчана міратворчая місія Расеі, якая на ліпень 2021 году складае каля 2 тысяч чалавек.
- Нягледзячы на мірнае пагадненьне 2020 году, паміж войскамі дзьвюх краін пэрыядычна ўзьнікаюць перастрэлкі, якія прыводзяць да ўзяцьця ў палон і гібелі.