Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія, Літва і Нямеччына абвясьцілі новыя пакеты ваеннай дапамогі Ўкраіне


Нямецкі танк Leopard ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота
Нямецкі танк Leopard ва Ўкраіне, ілюстрацыйнае фота

У Брусэлі 11 красавіка праходзіць чарговае пасяджэньне Кантактнай групы па абароне Ўкраіны (так званы фармат Рамштайн) з удзелам краін, якія пастаўляюць Украіне зброю і надаюць іншую ваенную дапамогу ў барацьбе з расейскай агрэсіяй.

Нямеччына дасьць Украіне 11 мільярдаў эўра вайсковай падтрымкі да 2029 году, паведаміў 11 красавіка міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў, які ўдзельнічае ў пасяджэньні Кантактнай групы па абароне Украіны ў фармаце «Рамштайн» у Брусэлі.

Як і на мінулым паседжаньні 12 лютага, старшынюе Вялікая Брытанія, сумесна зь Нямеччынай. Кіраўнік Пэнтагону Піт Хегсет, як паведамляюць украінскія СМІ, на гэты раз прыняў удзел у пасяджэньні ў фармаце анлайн. ЗША адмовіліся ад старшынства на паседжаньнях у фармаце Рамштайн пасьля зьмены адміністрацыі ў Белым доме.

Як звычайна, да пасяджэньня прымеркаваныя заявы пра новыя пакеты вайсковай дапамогі Ўкраіне з боку эўрапейскіх саюзьнікаў.

Так, новы пакет дапамогі Ўкраіне ад Нямеччыны будзе ўключаць чатыры сыстэмы супрацьпаветранай абароны IRIS-T і 100 тысяч артылерыйскіх боепрыпасаў, паведаміў міністар абароны ФРГ Борыс Пісторыюс. У пакет таксама ўвойдуць 300 кіраваных ракет, 120 ПЗРК, 300 выведвальных бесьпілётнікаў, яшчэ 25 баявых машын пяхоты Marder, 15 танкаў Leopard, 14 артылерыйскіх сыстэм, 100 радараў наземнага назіраньня.

Вялікая Брытанія абʼявіла пра пакет дапамогі Ўкраіне на суму 450 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. У яго ўвойдуць FPV-дроны, радыёлякацыйныя сыстэмы і іншае ўзбраеньне і абсталяваньне.

Літва заявіла пра выдзяленьне яшчэ 20 мільёнаў эўра на набыцьцё боепрыпасаў для Ўкраіны.

Эўрапейскія краіны вылучылі больш за 23 мільярдаў эўра (26,13 млрд даляраў) на ваенную дапамогу Ўкраіне ў 2025 годзе, што перавышае суму мінулага году, паведаміла 11 красавіка кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Кая Калас.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што прыярытэтам для Ўкраіны зараз зьяўляецца атрыманьне сродкаў СПА.

Часопіс Spiegel са спасылкай на ўнутраны дакумэнт Бундэсвэра, які апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі, піша пра сурʼёзныя тэхнічныя праблемы, зь якімі сутыкаюцца ўкраінскія вайскоўцы пры эксплуатаваньні нямецкай вайсковай тэхнікі. У справаздачы гаворыцца і пра моцныя бакі нямецкага ўзбраеньня. У прыватнасьці, танкі «Леапард 1А5» у баявых дзеяньнях праявілі сябе як надзейныя, але са слабой абаронай, і таму выкарыстоўваюцца хутчэй не як танкі, а як артылерыйскія сыстэмы. «Леапард 2А6» вельмі складана рамантаваць у палявых умовах. IRIS-T і Patriot названы добрымі сыстэмамі СПА, аднак да іх не хапае боепрыпасаў. Сапраўдным «хітом» на фронце, як гаворыцца ў паведамленьні, сталі мабільныя сыстэмы СПА «Гепард», якія прадэманстравалі найбольшую надзейнасьць і эфэктыўнасьць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG