Хто такая Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла нарадзілася 11 красавіка 1936 году ў Стоўпцах, якія тады былі ў складзе міжваеннай Польшчы. Яе бацька — Уладзімер Шыманец, інжынэр і будучы міністар фінансаў БНР у 1950-я гады.
З 1944 году Івонка разам з бацькамі жыла на эміграцыі. Спачатку ў Даніі, з 1948 — у Францыі. Скончыла Вышэйшую мастацкую школу ў Парыжы і філялягічны факультэт Сарбоны (1959). Пасьля шлюбу зь Янкам Сурвілам пераехала ў Мадрыд, дзе ў 1959–1965 гадах яны працавалі ў Беларускай рэдакцыі Гішпанскага радыё. У 1969 годзе зь сям’ёй пераехала ў Канаду, працавала ў фэдэральным бюро перакладаў.
Узначальвала Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, была старшынёй управы Каардынацыйнага камітэту беларусаў Канады. У 1984 годзе яе абралі ў склад праўленьня Канадзкай этнакультурнай рады, а ў 1989 годзе яна ўзначаліла «Канадзкі фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі».
У 1997 годзе Івонку Сурвілу абралі старшынёй Рады БНР. Апошнім разам яе пераабралі на гэтую пасаду ў 2023 годзе.
У 2008 годзе ў Бібліятэцы Свабоды выйшла кніга Івонкі Сурвілы «Дарога: Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск». (Чытаць у PDF.)
У 2024 годзе Аб’яднаны пераходны кабінэт узнагародзіў Івонку Сурвілу мэдалём Францішка Скарыны.
Што такое Рада БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і ў 2022 годзе заставаўся найстарэйшым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.
2 ліпеня 2023 году КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем». А неўзабаве Генэральная пракуратура пачала ў дачыненьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі крымінальную справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — «змова з мэтаю захопу ўлады», кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і іншыя.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 12 верасьня 2023 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацыяльных сетках і лягатып. Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі ўзнагароды Рады БНР — мэдалі «Ордэн Пагоні», «За баявыя заслугі», мэдаль да 100-годзьдзя БНР, ордэн Жалезнага рыцара ды іх лічбавыя выявы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі тады ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу»:
«Гэтае рашэньне, прынятае незаконнай злачыннай арганізацыяй, якою зьяўляецца КДБ РБ, ніякім чынам не паўплывае на далейшую дзейнасьць Рады БНР, якая будзе працягваць прадстаўляць сувэрэнныя правы беларускага народу‚ выяўленыя ў праватворчым Акце 25 Сакавіка 1918 г. і зафіксаваныя Трэцяй Устаўной Граматай БНР».
Рада БНР у адказ таксама заявіла, што «аўтарытарны палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выніку дзяржаўнага перавароту 1995–1996 гг. і ўзурпацыі ўлады з боку групы асобаў на чале з былым прэзыдэнтам А. Лукашэнкам, зьяўляецца нелегітымным і ня мае права прамаўляць ад імя народу Беларусі».